Białoruskie Zeszyty Historyczne

BZH_2012_37_1Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 37. – 2012. Беласток, 2012.

Агляд падрыхтаваны Аляксандрам Пагарэлым.

 

„BZH” (“Беларускія гістарычныя сшыткі”) — часопіс Беларускага гістарычнага таварыства, які выходзіць два разы на год і ўжо працяглы час з’яўляецца пляцоўкай для плённага абмену думкамі даследчыкаў па абодва бакі беларуска-польскай мяжы. Артыкулы, паведамленні (камунікаты) і крыніцы–гэта асноўныя фарматы матэрыялаў, якія публікуюцца ў выданні. Галоўны рэдактар Яўген Мірановіч намагаецца падтрымліваць высокія стандарты часопіса, які заўжды адрозніваецца навізной тэматыкі і арыгінальнымі падыходамі ў раскрыцці ўжо знаёмых навуковай супольнасці сюжэтаў.

У новым нумары Алег Латышонак (прафесар Беластоцкага ўніверсітэта і старшыня Беларускага гістарычнага таварыства) даследуе праблематыку гістарыятрафіі раннесярэднявечнага Гарадзенскага княства. Звяртаючы ўвагу на парадаксальную адсутнасць зацікаўленасці айчынных гісторыкаў (у першую чаргу з самога Гродна) да гэтай праблемы, ён аналізуе здабыткі расійскай гістарыяграфіі, якая без параўнання больш плённа распрацоўвала гэтую тэму. Гэта можна, паводле аўтара, патлумачыць канцэпцыямі гісторыі Беларусі, якія падкрэслівалі плаўны пераход ад полацкага перыяду да наваградскага, дзе Наваградку адведзена роля ініцыятара стварэння Вялікага Княства Літоўскага. Гарадзенскаму княству не было месца ў гэтай схеме. Такі погляд характэрны для прац Міколы Ермаловіча. Хоць прапанаваная Ермаловічам лакалізацыя Літвы была адкінута беларускімі гісторыкамі як і яго адмаўленне існавання Гарадзенскага княства на Нёмане, але гэта не прывяло да пераацэнкі ролі апошняга ў беларускай гісторыі. “Белай плямай” застаецца і пытанне яго тэрытарыяльных межаў. Сваім значным унёскам у даследванні Гарадзенскага княства вылучаецца пецярбургская школа. Малады даследчык з гэтай школы Аляксей Кібінь шмат зрабіў для вывучэння праблемы гісторыі княства. Сам жа ён паходзіць з Прынёмання.

Сюжэтам гісторыі культуры прысвечаны адразу некалькі артыкулаў. Мырыёля Ярчыкова (Mariola Jarczykowa) з Сілезскага ўніверсітэта (Катавіцэ) аналізуе мастацтва рыторыкі пры двары біржанскіх Радзівілаў. Гелена Глагоўска (Helana Głogowska) з Беластоку і Анатоль Трафімчык (Мінск) спыняюцца на праблемах заходнебеларускай літаратурнай творчасці і яе сувязі з грамадскім і культурныі кантэкстам. У першым выпадку гэта робіцца праз параўнанне рэакцыі паэтаў з Заходняй Беларусі на Рыжскую дамову з іх сучаснікамі ў БССР, а ў другім – праз прызму біяграфіі ксяндза Яна Семашкевіча.

Праблему прамысловага развіцця ў беларускіх землях Расійскай імперыі ў канцы ХІХ-пачатку ХХ ст. закранула Вольга Сабалеўская (Гродна), прааналізаваўшы выпадак развіцця прадпрыемстваў у калоніі Нязбудка-Міхалова Гродзенскай губерні, якая іранічна названа “кландайкам”. У раздзеле паведамленняў артыкул дапоўнены ацэнкай крыніцазнаўчай базы праблематыкі, што зрабіла Іна Соркіна (Гродзенскі ўніверсітэт). Вольга Сабалеўская ўвяла ў зварот новы і вельмі цікавы пласт матэрыялаў. Навізна тэматыкі і выкарыстаных крыніц тым не менш не адмяняе таго, што дастаткова абмежаваную індустрыялізацыю ў заходняй частцы Гродзенскай губерні можна было б памясціць у параўнаўчы кантэкст супаставіўшы яго з тым жа раёнам Лодзі, Данецкім басейнам, Рыгай. На такім фоне можна было б раскрыць спецыфіку прамысловага развіцця і экалагічных праблем, якія тады толькі пачыналі турбаваць улады і грамадскасць, на што звяртае ўвагу даслыдчыца. Трэба казаць не столькі пра адсталасць прамысловага развіцця, колькі варта было б яшчэ раз звярнуцца да агульнай пытання, чаму ў беларускіх землях ў ХІХ ст. індустрыялізацыя адбывалася па-за гарадамі ў адрозненне ад суседніх рэгіёнаў.

Даследчыца з мінскага БДАТУ Алена Трубчык прысвяціла свой матэрыял адукацыйнай палітыцы польскага Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель у часы савецка-польскай вайны 1919-1920 гг. Прадстаўнікі гэтай структуры намагаліся ствараць не толькі польскія школы, але і ў тым ліку беларускія. Гэтыя ініцыятывы тым не менш развіваліся ў вельмі складаных абставінах. Аўтарка на падставе стараннга вывучэння архіўных дакументаў даводзіць, што дзейнасць польскай адміністарцыі ў галіне адукацыі знаходзілася ў моцнай залежнасці ад нявызначасці і адсутнасці агульнага бачання будучых перспектыў характэрнай для ваеннага часу. Прызначаныя на пасады інспектараў для кожнай з трох акругаў (Віленскай, Брэсцкай і Мінскай) асобы былі фактычнымі пасярэднікамі паміж цэнтральнымі і мясцовымі асветнымі ўладамі. Не менш важным з’яўляецца і тое, што аўтарка паказала ролю палітычнай і асабістай лаяльнасці, якія з’яўляліся галоўнымі крытэрыямі ў працы чыноўнага апарату ўпраўлення і яго адукацыйнай галіны, вынікам чаго стала адсутнасць якіх-небудзь трывалых вынікаў у яго дзейнасці.

Тэме наступстваў польска-савецкай вайны таксама прысвечаны паведамленні Алеся Смаленчука (Варшава, Польская акадэмія навук, Інстытут славістыкі) і Андрэя Кротава (Гомельскі ўніверсітэт імя Францішка Скарыны). Алесь Смалянчук засяроджваецца на аналізе тэкстаў Эдварда Вайніловіча — яго ўспамінаў і артыкула пра межы Польшчы  1771 г. і 1920 г. у сувязі з рэакцыяй краёўцаў на Рыжскую дамову. Вайніловіч ахарактарызаваў гэтыя дамоўленасці як “чацверты падзел”. На ўспаміны моцна паўплывала пазнейшая пазіцыя памешчыка-краёўца ў канцы 1920-х гг., што добра бачна пры аналізе тых фрагментаў, якія закранаюць дадзеную тэматыку. Даследчык канстатуе, што існавала дыстанцыя паміж поглядамі ідэолагаў-краёўцаў і носьбітаў-памешчыкаў, бо апошнія змянялі свае погляды ў адпаведнасці з гістарычнай кан’юнктурай.

Андрэй Кротаў выкарыстоўвае ўжо пераважна друкаваныя выданні перыяда 1918-1920 гг., каб растлумачыць з’яўленне аднаго з кампанентаў негатыўнага вобраза палякаў сярод беларусаў. Праўда, аўтар выкарыстоўвае польскія выданні, якія хутчэй адлюстроўваюць стаўленне палякаў да беларусаў. Не зусім ясна, ці мае досвед савецка-польскай вайны нейкі ўплыў на фарміраванне поглядаў беларусаў у розных рэгіёнах краіны на Польшчу і палякаў сёння, пра што аўтар не ўспамінае.

У тым жа разлзеле паведамленняў друкуецца і матэрыял прафесара Беластоцкага ўніверсітэта Антона Мірановіча (Antoni Mironowicz) аб Мастаўлянах. Аўтар на падставе аріхўных крыніц прасочвае змены ўладальнікаў гэтага маёнтка, арандатарамі якога пачынаючы прыкладна з пачатку 1830-х гг. з’яўляліся Каліноўскія.

Яўген Мірановіч задумваецца над адной з самых супярэчлівых старонак гісторыі беларускага джяржаватварэння, а таксама адносна дрэнна даследаванай на сёняшні дзень: спробамі стварыць самастойную беларускую дзяржаву ў саюзе з ІІІ Рэйхам у 1941-1942 гг. Расчараванне беларусаў у шчырасці нямецкіх мэтаў яшчэ ўлетку 1941 г. і ўзаемны недавер утваралі атмасферу, у якой беларускія актывісты фактычна безвынікова спрабавалі рабіць крокі ў накірунку фарміравання грамадзянскіх і вайсковых структур, якія б сталі падмуркамі будучай дзяржавы. У канцы 1942 г. палітыка абмежаванай падтрымкі немцамі беларускіх памкненняў увогуле перайшла ў супрацьлеглую фазу, самым трагічным праяўленнем чаго былі арышт і забойства ксяндза Гадлеўскага, аўтара канцэпцыі падрыхтоўкі стварэння беларускай дзяржаўнасці.

Тэматыка найноўшай гісторыі Беларусі адкрываецца артыкулам Генадзя Семенчука (Гродзенскі ўніверсітэт), Андрэя Мяцельскага (Інстытут гісторыі НАНБ) і Лявона Калядзінскага (БДПУ імя Максіма Танка) прысвечаным 70-годдзю нараджэння і сумнаму 20-годдзю смерці археолага, пісьменніка і грамадскага дзеяча прафесара Міхася Ткачова, у якім рознабакова раскрываецца яго постаць ва ўсіх вымярэннях яго дзейнасці. Супрацоўнік Вроцлаўскага аддзялення Інстытута нацыянальнай памяці Яраслаў Сырнык (Jarosław Syrnyk) намагаецца абвергнуць устойлівы погляд на беларускую меншасць Польшчы ў часы руху “Салідарнасць” як суцэльна кансерватыўнае і лаяльнае апірышча камуністычнага рэжыму. Хутчэй выпадае казаць пра ўнутраную палярызацыю ўнутры беларускай супольнасці Польшчы. Пры тым, што вельмі значная частка беларусаў разглядала праграму “Салідарнасці” праз прызму яго нацыянальна-польскай і каталіцкай рыторыкі, у чым бачыла для сябе пагрозу, іншая частка актыўна ўключылася ў дзейнасць структур агульнапольскага прафсаюза. Кансерватыўную пазіцыю заняла іерархія праваслаўнай царквы, якая супрацоўнічала з камуністычнымі службамі бяспекі. Не заўжды добра сфармуляваныя пастулаты матэрыялаў “Салідарнасці” неадназначна ўспрымаліся нацыянальнымі меншасцямі Польшчы і ў іх ліку і беларусамі.

Самы вялікі паводле аб’ёму ў выпуску артыкул палітолага з Торуні Аркадзіюша Чволека (Arkadiusz Czwolek) аналізуе асноўныя чыннікі паразы беларускай апазіцыі на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. і разглядае перад- і паслявыбарчую сітуацыю на падставе ў асноўным беларускіх тэкстаў, якія з’явіліся цягам 2005-2008 гг. Большасць дзеянняў апазіцыі былі, на думку аўтара, контрпрадуктыўнымі. Яны не вялі да кансалідацыі дэмакратычных сілаў, а прывяла пасля прэзідэнцкіх выбараў да завастрэння існуючых супярэчнасцяў у асяроддзі дэмакратычнай апазіцыі. Палітолаг з Торуні звяртае ўвагу на кантэкст выбараў 2006 г. як спробу паўтарыць у беларускіх умовах сцэнар украінскай “памаранчовай” рэвалюцыі. Невысокі ўзровень папулярнасці Аляксандра Мілінкевіча адрозніваў яго ад высокіх паказчыкаў Віктара Юшчанкі. Калі апошні атрымаў падтрымку ад Юліі Цімашэнкі, то Мілінкевіч спаборнічаў з Аляксандрам Казуліным. Праграма адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл не адпавядала яго поглядам, паводле Чволека. Таксама вялікай памылкай быў, як сцвярджае польскі даследчык, нізкі ўзровень супрацоўніцтва дэмакратычных сілаў з прадэмакратычнымі НДА і прафсаюзамі. Беларуская апазіцыя не мела падтрымкі хаця б нейкага сегменту наменклатуры ці спецслужбаў. Тое ж самае датычыць кантактаў з прадпрымальніцкімі коламі. Памылкай было б лічыць, што Аляксандр Лукашэнка стаў бы на шлях перамоваў з апазіцыяй ці прыняў міжнароднае пасярэдніцтва ў нейкай форме. Апазіцыя дамагалася не правядзення новых выбараў, а пераліку галасоў. Больш глыбокія прычыны хаваюцца ў тым, што, паводле польскага навукоўца, беларуская апазіцыя не перажыла той трансфармацыі, якая мела месца ў выпадку ўкраінскай апазіцыі ў перыяд 2001-2004 гг. Польскі палітолаг не звяртае ўвагу на цэлы шэраг іншых чыннікаў, якія не проста адрознівалі беларускую апазіцыю ад украінскай, але і сам кантэкст складвання і функцыянавання палітычнага рэжыму ў Беларусі, што наклала значны адбітак на выбарчы і паслявыбарчы цыкл у Беларусі ў 2006 г.

Ксёндз Юзаф Макарчык (Гродна) прысвяціў свой нарыс адраджэнню рыма-каталіцкага касцёла ў Беларусі за апошнія два дзесяцігоддзі. Хоць у артыкуле вельмі мала аналізу дынамікі  развіцця касцёла і наўрадці падыход аўтара можна назваць новым, тым не менш гэта кампенсуецца статыстычнымі дадзенымі і гістарычнымі экскурсамі. У раздзеле крыніц упершыню публікуецца інвентар мястэчка Сапоцкін 1704 г., падрыхтаваны да друку Андрэем Вашкевічам і Віталем Галубовічам.

У раздзеле рэцэнзій разглядаюцца манаграфіі Дзяніса Лісейчыкава, Віталя Крывуця і інш. Шведскі даследчык Пер Рудлінг апублікаваў свой водгук на кнігу ўспамінаў Барыса Рагулі, якая выйшла ў Канадзе яшчэ ў 2005 г.

Збольшага новы выпуск у чарговы раз апраўдвае cваю высокую рэпутацыю  выдання і запаўняе шэраг “белых плямаў” і, што вельмі важна, запрашае далучыцца да дыскусіі іншых даследчыкаў не толькі з Беларусі і Польшчы.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...