Канцэпцыя III-га Міжнароднага Кангрэса Даследчыкаў Беларусі

d0b1d0b5d0b7d18bd0bcd18fd0bdd0bdd18bd0b9

Канцэпцыя Трэцяга Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі

“Беларусь: паўночнае вымярэнне”

 Звычайна Беларусь разглядаюць як краіну, змешчаную паміж Захадам і Ўсходам, паміж Польшчай і Расіяй, паміж каталіцызмам і візантызмам, паміж еўрапейскай і азіяцкай цывілізацыямі. З гэтага становішча могуць вынікаць розныя шляхі разумення краіны – ці то як моста паміж рознымі цывілізацыямі, ці то як памежжа розных культур, ці то краіны, якая вагаецца паміж важным геапалітычным выбарам: пайсці на Ўсход ці на Захад.

400px-Baltic_Sea_map

Між тым, гэты выбар можна разглядаць і як свядомую пастку, калі шырокі спектр магчымасцей зводзіцца да вузкай дыхатаміі, што пазбаўляе альтэрнатыў, іншых накірункаў і арыентацый. І ў гэтым плане надзвычай цікавым можа быць паўночнае вымярэнне, якое заўжды было важным для гістарычнага развіцця нашай краіны: варта ўзгадаць палітычную прысутнасць вікінгаў і хрышчэнне Полацка Торвальдам, стварэнне супольнай дзяржавы з балтамі – Вялікага княства Літоўскага, спроба пераарыентацыі Вялікага Княства на саюз са Швецыяй у форме Кейданскай уніі, розныя праекты па стварэнню альянсаў у Балтыйска-Чарнаморскім рэгіёне ці Міжмор’і. Трэба таксама адзначыць, што некаторыя скандынаўскія краіны (у прыватнасці, Швецыя) уключаюць Беларусь у балтыйскі рэгіён.

 Аб’яўляючы канцэпцыяй трэцяга Кангрэса паўночнае вымярэнне мы маем дзве мэты:

  • Пашырыць супрацоўніцтва даследчыкаў балтыйскіх і скандынаўскіх краін па розных накірунках, не абавязкова звязаных з даследаваннем Беларусі і рэгіёну. Натуральна, гэта прадугледжвае актыўнае ўключэнне прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці балтыйскіх і скандынаўскіх краін у працу Кангрэса, наладжвання дыялогу і супрацы.
  • Пашырыць рэгіянальныя і параўнальныя даследаванні рэгіёну Балтыйскага мору ў шырокім яго разуменні. У дадзеным выпадку нас цікавіць прастора Балтыі і Скандынавіі – праз даследаванне гістарычных сувязей, рэканструкцыю інтэлектуальных праектаў пераўладкавання рэгіёна, а таксама праз аналіз сучасных палітычных, эканамічных і культурных зносін і паралеляў.

Такім чынам, Кангрэс 2013 года больш увагі надасць рэгіянальным і параўнальным даследаванням, ці даследаваннем Беларусі ў кантэксце рэгіёну. Мы таксама будзем спрыяць усталяванню доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж беларускай і балта-скандынаўскай акадэмічнай супольнасцю (Літва, Латвія, Эстонія, Швецыя, Фінляндыя, Нарвегія, Данія). І магчыма, што выпрацаваныя ідэі і праекты змогуць стаць той новай крыніцай натхнення, якая дазволіць значна палепшыць наша разуменне Беларусі і ўсяго рэгіёну.

Check Also

26–27 кастрычніка 2018. Грамадскі форум Літвы і Беларусі «Што нас аб’ядноўвае?»

Літва і Беларусь – гэта не толькі краіны-суседзі. Народы гэтых дзяржаў, акрамя гісторыі, якая сягае ...

Яндекс.Метрика