Ад Брэста да БССР

11_traciak

Траццяк, С.А. (2009). Брэсцкі мір і грамадска-палітычныя працэсы ў Беларусі: лістапад 1917 – студзень 1919 г. Мінск: Беларус. навука. 208 с.

Агляд падрыхтаваны гісторыкам, палітологам, супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Алесем Шамякіным.

_______________________________________________________________________________________

Кніга беларускага гісторыка Сяргея Траццяка прысвечана падзеям Брэст-Літоўскага мірнага пагаднення паміж бальшавіцкай Расіяй і краінамі Чацвяртнога хаўрусу, а таксама той грамадска-палітычнай сітуацыі, якая склалася пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі і да ўтварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці.

Манаграфія вытрымана ў добрым навуковым стылі, структурныя часткі маюць прэтэнзію на лагічнае і паслядоўнае раскрыццё прадмета даследавання, а спіс крыніц і літаратуры ўтрымлівае дастаткова вялікую і разнастайную наменклатуру. Асаблівасцю выдання з’яўляецца тое, што яно ўтрымлівае дадатак з архіўнымі дакументамі (усяго 53 дакументы).

У структурным плане манаграфія ўключае ў сябе ўводзіны, тры главы, заключэнне і дадатак з архіўнымі дакументамі. Першая глава прысвечана грамадска-палітычнаму становішчу ў Беларусі падчас мірных перамоваў у Брэст-Літоўску. Тут асвячаюцца такія аспекты, як заключэнне перамір’я на Заходнім фронце, мірныя перамовы ў Брэст-Літоўску, мірная канферэнцыя і становішча ў Беларусі.

Другая глава (“Уздзеянне Брэсцкага міру на грамадска-палітычныя працэсы ў Беларусі”) разглядае ўсталяванне акупацыйнага нямецкага рэжыму, абвяшчэнне БНР і яе дзейнасць, дадатковую савецка-нямецкую дамову і адыход нямецкіх войскаў з Беларусі.

Трэцяя закранае ўплыў Брэсцкага міру на развіццё палітычных працэсаў у Беларусі. Галоўнымі тэмамі гэтае главы з’яўляюцца грамадска-палітычная сітуацыя на беларускіх землях і стварэнне беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове.

На першых старонках кнігі мы знаходзім уплыў генеральнай лініі афіцыйнай ідэалогіі – аўтар піша, што Беларусь набыла ўласную суверэнную дзяржаўнасць у пачатку 1919 г. (с. 3). Маецца на ўвазе, што адлік беларускай дзяржаўнасці трэба весці з БССР, то бок гэта савецкая ўлада так шчодра адарыла беларускі народ. Праўда спадар Траццяк, гаворачы пра суверэннасць БССР, не ўлічвае, што галоўнай прыкметай суверэннай дзяржаўнасці з’яўляецца суб’ектнасць у міжнародных адносінах. Але ці мела БССР такую суб’ектнасць? Рашэнне аб стварэнні беларускага савецкага ўраду было прынятае бальшавікамі на пры канцы 1918 г. у Маскве з кан’юнктурных палітычных меркаванняў. Таксама ў Маскве прымалася рашэнне аб стварэнні Літоўска-Беларускай Савецкай Рэспублікі і выдзяленні са складу Беларусі Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў.

Выклікае пытанне тэарэтычны аспект, звязаны з так званай Брэст-Літоўскай сістэмай міждзяржаўных адносін. Гэты тэрмін аўтар першы раз узгадвае ва ўводзінах, калі піша, што: “пашырэнне савецкай улады на землі Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, якое было вынікам крушэння Брэст-Літоўскай сістэмы міждзяржаўных адносін на ўсходзе Еўропы, не прывяло да аднаўлення дабрэсцкага статусу Беларусі” (с. 3-4). На жаль, аўтар не характарызуе гэтую сістэму: як працавала, у чым была яе сутнасць, з чаго складалася, як былі стасункі ў межах сістэмы – на гэтыя пытанні няма яснага і прамога адказу. На працягу ўсяго тэксту мы можам знайсці толькі асобныя моманты, але не пададзена яснай аўтарскай візіі гэтае сістэмы міждзяржаўных адносін.

Акрамя гэтага, у манаграфіі Траццяка адсутнічае яснае канцэптуальнае стаўленне да існавання БНР. Як няма шэрых колераў, у якія афарбоўваюць БНР дзяржаўныя ідэолагі і кан’юнктурныя гісторыкі, так і няма адназначна пазітыўнай ацэнкі гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Але адсутнасць яснай пазіцыі па гэтаму пытанню не азначае бесстароннасці. Хутчэй складвацца ўражанне, што аўтар свядома “не пераплывае за буйкі”, расстаўленыя дзяржаўнай ідэалагічнай машынай.

У асвятленні палітыкі кіраўніцтва БНР спадар Траццяк дае абгрунтаванне тэлеграме кайзеру Вільгельму ІІ – такі тактычны, але непапулярны крок, падаваўся тады апраўданым у святле аналагічных захадаў Літвы, Украіны і Польшчы, якія дасягнулі мэты – афіцыйнае прызнанне з боку Нямеччыны (с. 72). У якасці пацверджання прыводзяцца словы Язэпа Варонкі з ліста Антону Луцкевічу: “Справа гэтая нарабіла тутака многа шуму. Голас грамадзянства раздзяліўся на дзве часткі: адны хваляць, другія называюць нас здрайцамі, нямецкімі падданымі. Што зрабіць. Чы ж усім дагадзіць. Чы разумеюць яны нашу боль, нашыя мэты” (с. 72). Такім чынам, аўтар паказвае гэтую сітуацыю – спробу здабыцця прызнання БНР ад немцаў – з палітычнага погляду, а не з нарматыўнага, што найчасцей можна сустрэць у гістарычных публікацыях на гэту тэму, асабліва падкантрольных дзяржаўнай ідэалагічнай машыны. Сама праблема дастаткова падрабязна разглядаецца, аналізуецца марнасць спадзяванняў адраджэнцаў і палітычныя наступствы звароту да Вільгельма ІІ.

У кнізе дастаткова поўна самых розных цікавых дэталяў і цытат. Варта адзначыць такі безумоўны плюс манаграфіі Траццяка, як багатая факталогія. Прычым яна ў поўнай меры ахоплівае ўсе аспекты, якія разглядаюцца ў манаграфіі, тым самым, аўтар дазваляе чытачу самому рабіць высновы наконт значэння і сэнсу тых ці іншых падзеяў.

Завяршальным эпізодам развіцця грамадска-палітычнай сітуацыі ў манаграфіі з’яўляецца разгляд стварэння беларускай савецкай дзяржаўнасці. Варта аддаць належнае, аўтар імкнецца бесстаронні пісаць пра гэты складаны і неадназначны працэс, вырашальным аспектам якога была рэвалюцыйная мэтазгоднасць і палітычная кан’юнктурнасць. Напрыклад, адзначаецца, што: “канчатковае афармленне беларускай савецкай дзяржаўнасці, асабліва вызначэнне граніц Беларусі на ўсходзе і захадзе, ставілася ў залежнасць ад развіцця рэвалюцыі ў Польшчы, Літве і Германіі” (с. 123).

Падсумоўваючы можна сказаць, што кніга Траццяка з’яўляецца добрым даследаваннем, у якім разглядаюцца надзвычай важныя, складаныя і неадназначныя пытанні беларускай гісторыі. Тэарэтычны падмурак, багатая факталагічная база і цікавыя дэталі робяць дадзенае даследаванне заўважным унёскам у беларускую гістарычную навуку. Манаграфія карысная для спецыялістаў у сферы гуманітарна-сацыяльных дысцыплін і перш за ўсё для гісторыкаў. Характарызуючы дадзеную працу, трэба ўлічваць адзін немалаважны аспект – некаторыя пытанні, якія разглядаюцца ў манаграфіі, дагэтуль маюць палітычнае гучанне, а значыцца іх асвятленне зазнае палітычны ўплыў і знешняе ўмяшанне на розных узроўнях акадэмічнага істэблішменту. Пытанні ўтварэння БНР, БССР, палітыкі бальшавікоў, дзейнасці іншых суб’ектаў палітыкі таго часу дагэтуль у Беларусі не з’яўляюцца чыста навуковымі, што нельга лічыць нармальным.

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика