108 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 Гісторыя спецслужбаў заўсёды выклікала павышаную цікавасць у публікі. Дзейнасць структураў дзяржаўнай бяспекі і спецыяльных службаў, завуаляваная ці ўвогуле засакрэчаная, часта ўспрымаецца ў якасці прыхаванага рухавіка гісторыі, адказнага за лёсавызначальныя падзеі і працэсы, якія іншым чынам простаму чалавеку патлумачыць цяжка. У нашай краіне, не спешчанай грамадзянскімі свабодамі, структуры дзяржбяспекі выступаюць своеасаблівым субстытутам звышнатуральных сілаў, якія ўсё бачаць і ўсё могуць, ад якіх залежыць і лёс краіны, і лёс асобна ўзятага чалавека. Замяніўшы сабой таемныя таварыствы і эзатэрычныя вучэнні XVIII—XIX стагоддзяў, спецслужбы сёння з’яўляюцца той крыніцай, якая жывіць канспіралагічныя тэорыі і альтэрнатыўнае тлумачэнне гісторыі. Адсутнасць празрыстасці ў працэсе прыняцця рашэнняў на дзяржаўным узроўні і недахоп інфармацыі ўвогуле спараджаюць гэткага «deus ex machina» ў вобразе спецыяльных службаў, які дазваляе ўсё проста і лагічна патлумачыць.
Пасля распаду Савецкага Саюза і разбурэння камуністычнай ідэалогіі з’явіўся вал публікацый, які выкрывалі страшэнныя злачынствы НК—ДПУ—НКУС і вінавацілі іх у знішчэнні Дзяніс Ліпскі «Не отрекаемся от прошлого…» мільёнаў ні ў чым не вінаватых грамадзянаў.
Былі асуджаныя масавыя рэпрэсіі, прайшла рэабілітацыя незаконна рэпрэсаваных, дзе-нідзе рассакрэцілі архівы КДБ, у новых незалежных дзяржавах былі створаныя новыя органы дзяржбяспекі з новымі назвамі. Іншымі словамі, адбылося ачышчэнне ад мінулага і пачалося новае жыццё.
У Беларусі было не так. Новая ўлада зрабіла стаўку на захаванне «ўсяго лепшага, што было ў СССР», у тым ліку і КДБ. Але ў новых умовах і ў новай краіне тым, што лічылі сваім бацькамзаснавальнікам Фелікса Эдмундавіча Дзяржынскага і з гонарам называюць сябе чэкістамі, трэба было нейкім чынам нейтралізаваць негатыў пачатку 1990-х, напісаць сваю новую гісторыю.
Гэтая новая гісторыя з’явілася ў верасні 2006 года ў выглядзе шыкоўнага папулярнага выдання з назвай «Щит и меч Отечества».
Паводле інфармацыі з сайта КДБ Беларусі, ідэя стварэння кнігі, у якой была б абагульнена гісторыя Дзяржаўнай бяспекі Беларусі, узнікла некалькі гадоў таму. У чэрвені 2005 года па даручэнні старшыні КДБ генерал-лейтэнанта Сцяпана Сухарэнкі была створаная працоўная група па падрыхтоўцы зборніка па гісторыі органаў дзяржбяспекі, у склад якой увайшлі кіраўнікі і Щит и меч Отечества / Под ред. В. Дементея. — Минск, 2006. 340 с.
Abstract.
Дадены артыкул — рэцэнзія на выданне беларускага КДБ «Щит и меч Отечества» (пад рэдакцыяй В. Дземянцея), прысвечанае гісторыі беларускіх спецслужбаў пачынаючы ад часоў Полацкага княства і да нашага часу. Адзначаецца частковае засваенне беларускім КДБ нацыяцэнтрычнай версіі старажытнай гісторыі Беларусі, адсутнасць крытычнага асэнсавання «вялікага тэрору» і поўнае ігнараванне сучасных палітычных рэалій.
Ключавыя словы: КДБ, НКУС, АДПУ, гісторыя беларускіх спецслужбаў, гісторыя Беларусі, ідэалогія.
© ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА ISSN 1819-3625 ¹ 8, 2007 109 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 супрацоўнікі падраздзяленняў цэнтральнага апарату КДБ, Інстытута нацыянальнай бяспекі і Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў КДБ «Гонар». Праца над рукапісам вялася каля года. Большая частка працоўнага матэрыялу ўзятая з беларускіх архіваў — Нацыянальнага, Нацыянальнага гістарычнага і Цэнтральнага архіва КДБ. Выкарыстоўваліся дакументы і з архіваў Федэральнай службы бяспекі і Службы знешняй выведкі Расейскай Федэрацыі (О презентации...).
Прыгожа аздобленая унікальнымі здымкамі кніга на 340 старонках распавядае пра гісторыю спецыяльных службаў Беларусі ад Х стагоддзя і да сёння. Гэта своеасаблівы даведнік і гістарычная візія беларускага КДБ. З’яўляючыся па сваёй сутнасці папулярным выданнем, «Щит и меч Отечества», аднак, не прызначаны для шырокага кола чытачоў, бо кніга так і не паступіла ў продаж, а размяркоўвалася паміж аддзеламі і супрацоўнікамі. Гэта галоўная прычына выкарыстання вялікай колькасці цытатаў, што неабходна для таго, каб як мага шчыльней пазнаёміць чытача з выданнем, якое не атрымае шырокага распаўсюду і застанецца недаступным для масавай аўдыторыі.
Калі пачынаеш чытаць кнігу і знаёмішся папярэдне з першымі кароткімі водгукамі пасля яе выхаду, ніяк нельга пазбавіцца падсвядомай устаноўкі на крытыку і пошук памылак і недарэчнасцяў. Сапраўды, такое выданне адразу ўспрымаецца не як даследаванне ці проста аповед пра гісторыю пэўнай інстытуцыі, а як інструмент змрочнай і таямнічай спецслужбы, які ўвасобіў у сабе ўсе найгоршыя якасці самой спецслужбы.
Аднак пры паглыбненні ў вывучэнне тэксту кнігі гэткія ўстаноўкі хутка разбураюцца, і іх месца займаюць здзіўленне і даволі супярэчлівае ўражанне ад прачытанага, што падштурхоўвае да далейшых разважанняў. Кажучы каротка, кніга дазваляе рабіць неадназначныя высновы і сама па сабе з’яўляецца сімптаматычнай з’явай у беларускай сучаснасці. Але пра ўсё па парадку.
І. Вытокі Структурна кніга падзеленая на 9 частак і 43 раздзелы. Кнігу пачынае зварот прэзідэнта А. Лукашэнкі і ўступны артыкул старшыні КДБ С. Сухарэнкі, дзе коратка пададзены ідэя і задачы дадзенага выдання, а менавіта «садзейнічаць выхаванню патрыятызму і ў супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, і ў нашага грамадства ў цэлым» (с. 7).
Безумоўна, адной з найцікавейшых частак з’яўляецца першая — «Вытокі» (раздзелы «Сцежкай Чарадзея», «Ад берагоў Дзвіны да курганоў Грунвальда», «На ахове інтарэсаў дзяржавы», «Не литуючи… самого себе»). Тут адлюстравана спецыфічная візія беларускай спецслужбай канцэпцыі беларускай гісторыі, у прыватнасці, вядзецца размова пра зараджэнне выведкі і контрвыведкі ў Полацкім княстве ХI— ХIII стагоддзяў, пра спецаперацыі вялікіх князёў літоўскіх і таемную вайну выведак падчас Лівонскай вайны XVI стагоддзя.
Канцэпцыя беларускай гісторыі збольшага ўкладаецца ў беларускую гістарыяграфію «нацыянальнага» кірунку (у спісе літаратуры прысутнічаюць кнігі М. Ермаловіча, У. Арлова, А. Краўцэвіча, І. Саверчанкі, Г. Сагановіча, К. Тарасава, В. Чаропкі і іншых аўтараў). Вытокі беларускай дзяржаўнасці аўтары знаходзяць у VII—X стагоддзях, «калі на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя і Падзвіння сфармавалася некалькі моцных аб’яднанняў усходніх славян» (с. 12). Прычым тагачасныя княствы, без залішніх удакладненняў называюцца «старажытнай Беларуссю», а іх насельнікі — «старажытнымі беларусамі» або проста «беларусамі».
Датычна перыядаў Полацкага княства і ВКЛ заўсёды выкарыстоўваецца старая тапаніміка — Менск, Гародня, Наваградак, Вільня. У якасці ілюстрацый падаюцца гістарычныя мапы з Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (Энцыклапедыя...) з надпісамі на беларускай мове, партрэты вялікіх князёў, здымак пярсцёнка, які нібыта належыў Усяславу Чарадзею, а таксама выява герба «Пагоня» з гербоўніка Коміна.
Вялікае Княства Літоўскае аўтары кнігі трактуюць як палітычны і эканамічны саюз беларускіх і балцкіх зямель, аб’яднаных шляхам пагадненняў вялікіх князёў з мясцовымі феадаламі пры захаванні льготаў, прывілеяў і самакіравання: «Усе інстытуты ўлады, ад дзяржаўнай мовы і юрыспрудэнцыі да вайсковай справы, былі старабеларускія. 8 / 10 насельніцтва ВКЛ складалі этнічныя беларусы, якія сваёй зброяй і талентам супрацьстаялі агрэсіі крыжакоў» (с. 20—21).
Пакідаючы ўбаку пасаж пра «этнічных беларусаў» за часамі Полацкага княства, нельга 110 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 Гісторыя свядомасці не адзначыць рост нацыянальнай самасвядомасці беларускага КДБ і разуменне імі сапраўдных вытокаў беларускай дзяржаўнасці.
І Полацкае княства, і Вялікае Княства Літоўскае паўстаюць на старонках «Щита и меча Отечества» ў якасці моцных дзяржаў ( «Слава непрыступных замкаў Беларусі даходзіла нават да Шатландыі », с. 18), якія «заўсёды імкнуліся да незалежнасці» .
У гэтым падыходзе да гісторыі не было б нічога дзіўнага (бо яго нават у школе вывучаюць), каб ён не быў нанізаны на «тайныя спружыны палітыкі» ў выглядзе барацьбы спецслужбаў розных дзяржаў за дамінаванне ў рэгіёне. Вось тут сапраўды аўтары кнігі робяць гістарычныя адкрыцці і прымушаюць інакш зірнуць на хаду гісторыі і матывацыю яе творцаў.
Вызнаючы варагаў у якасці першых прафесіяналаў у правядзенні спецаперацый на ўсходнеславянскіх землях, гісторыкі спецслужбаў прыпісваюць «Сазе пра Эймунда» першую згадку тэрміна «старожа», якім пазначалася група людзей, што выконвала выведныя функцыі (с. 13). У кнізе знойдзем таксама гіпотэзу пра полацкі след у кіеўскім паўстанні, у выніку якога быў вызвалены з поруба Усяслаў Чарадзей. У сувязі з названай падзеяй выказваецца сумнеўнае меркаванне, што полацкія купцы таемным чынам даставілі зброю ў двор Брачыслава ў Кіеве, якую потым раздалі кіянам падчас народных хваляванняў. Дарэчы, гэта звычайны ход аўтараў кнігі: выказаць здагадку, а потым на яе падставе рабіць далёкасяжныя высновы. Напрыклад:
«Цікава, ад каго пачуў Усевалад пра падрыхтоўку нападу? Напэўна ж ад сваіх агентаў у стане ворага» (с. 20). Такі метад выкарыстаны і ў выпадку з атручэннем полацкага князя Мсціслава Ізяславіча «агентамі» Усяслава (с. 17), і ў выпадку пабудовы крыжакамі «агентурнай сеткі» (с. 19) сярод мясцовага балцкага насельніцтва, і ў сувязі з раптоўнай смерцю полацкага князя Уладзіміра.
Сапраўдная шпіёнская вайна пачалася пасля прыходу крыжакоў на балцкія землі. Няма чаго і казаць, што менавіта калегам сённяшніх чэкістаў належыла выключная роля ў спыненні крыжацкай агрэсіі. Так, згодна з аўтарамі кнігі, «усе перамогі Давыда [Гарадзенскага] у немалой ступені былі дасягнуты дзякуючы дзеянням выведкі», «пра поспехі выведных дзеянняў сведчаць перамогі войскаў ВКЛ і яго палітычныя поспехі» (с. 24). Такім чынам, чытача паступова падводзяць да думкі, што на самай справе веліч, багацце і слава ВКЛ грунтаваліся выключна на паспяховай дзейнасці структураў выведкі.
Уся першая частка кнігі ў значнай ступені мае папулярны характар з гераізацыяй «сваіх» і дэманізацыяй «чужых», з пэўнай ідэалізацыяй беларускай даўніны. Але, натуральна, са сваімі нюансамі. Так, максімум высілкаў аддаецца пошуку «шпіёнскага следу», гістарычная рэканструкцыя пачынае нагадваць канспіралагічныя тлумачэнні, асучасніваецца тэрміналогія выведнай справы. Часам аповед пачынае нагадваць «Маятнік Фуко» Умбэрта Эка, дзе пераплятаюцца рэчаіснасць і канспіралагічныя схемы, і ўжо незразумела, што на што ўплывае. Сапраўды, не могуць не бянтэжыць спалучэнні кшталту «спецаперацыі варагаў», «ліквідацыя князя Барыса», «вербовачныя аперацыі ордэна», «агентурная сетка крыжакоў», «двайныя агенты з балцкіх плямёнаў» і інш.
Аднак дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што большасць падобнай прафесійнай тэрміналогіі пададзена ў двукоссі, і аўтары робяць агаворку, што казаць пра выведку і контрвыведку ў X—XIII стагоддзях у сучасным сэнсе гэтых паняццяў можна толькі ўмоўна і што больш правільна казаць толькі пра элементы выведных і контрвыведных дзеянняў (с. 14). З гэтым, безумоўна, можна пагадзіцца, тым больш, што не толькі ў азначаны перыяд часу, але і нашмат пазней не існавала інстытуцыйна аформленых органаў дзяржаўнай бяспекі. Ды і самі структуры дзяржаўнага кіравання толькі-толькі набывалі ўстойлівыя абрысы.
Тым не менш, аўтары гісторыі беларускіх спецслужбаў лічаць магчымым казаць пра фармаванне «сакрэтнай службы» ВКЛ у XV—XVI стагоддзях. І хоць яны ўдакладняюць мімаходзь, што ў адрозненні ад Пасольскага прыказу Маскоўскай дзяржавы вялікакняжацкая выведка і контрвыведка не мелі самастойнай арганізацыйнай структуры і кіраўніцтва таемнымі акцыямі здзяйснялася вялікакняжацкай Канцылярыяй, гэта не перашкаджае ім надалей весці размову менавіта пра «сакрэтную службу» ВКЛ (правобраз сённяшняга КДБ).
У першай частцы кнігі робіцца таксама спроба стварэння галерэі герояў айчыннай выведкі Сярэднявечча і ранняга Новага часу, вартых быць узорам для сённяшніх спецслужбістаў.
Гэтае памкненне само па сабе цікавае, бо дазва- 111 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 ляе канстатаваць наяўнасць жадання беларускага КДБ знайсці повязь з гэтай зямлёй і яе гісторыяй і ператварыцца з інструмента рэпрэсій савецкай улады ў нацыянальную спецслужбу незалежнай дзяржавы са старажытнай і багатай гісторыяй. Пачэснае месца ў гэтай галерэі герояў выведкі эпохі ВКЛ уваходзяць: Астафі Валовіч, які падчас Лівонскай вайны быў галоўным экспертам Вялікага Княства па маскоўскіх справах і меў таемныя кантакты са шматлікімі маскоўскімі баярамі, аршанскі стараста Філон Кміта, які кіраваў усёй сеткай «шпегаў» на ўсходнім памежжы і меў сваіх агентаў практычна ва ўсіх памежных гарнізонах Маскоўскага княства (с. 30); у гэты ганаровы шэраг аўтары ставяць таксама і канцлера ВКЛ Льва Сапегу, называючы яго «зоркай першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі» (с. 37).
Паводле меркавання аўтараў кнігі, у эпоху Сапегі «сакрэтная служба» дасягнула свайго росквіту і зрабілася адным з асноўных складнікаў поспехаў Вялікага Княства Літоўскага. Аўтары таксама прыводзяць наступную класіфікацыю супрацоўнікаў «сакрэтнай службы»:
· сакрэтныя агенты, або «рэзідэнты», якімі былі ў асноўным дыпламаты, купцы, асобныя прадстаўнікі набілітэту;
· інфарматары, якія паходзілі з сярэдніх і ніжэйшых маёмасных слаёў і наймаліся для збору пэўнай інфармацыі;
· тыя, хто займаўся выведкай і контрвыведкай на пастаяннай аснове, то бок прафесійна;
· лазутчыкі (лекары, гандляры і нават святары);
· тыя, хто паводле характару службы займаўся выведкай у памежных раёнах; сюды адносяць «старожу польную», панцырных і путных баяр, мытнікаў (с. 40).
Як бачым, гэтая класіфікацыя даволі ўмоўная.
Аўтары аб’ядноўваюць абсалютна ўсіх суб’ектаў, якія хоць бы часткова спрычыніліся да збору інфармацыі. Нагадаем, што асобнай інстытуцыі пад назвай «сакрэтная служба» ў ВКЛ не існавала, выведныя дзеянні адносіліся да кампетэнцыі вялікакняжацкай Канцылярыі. Не існавала таксама і «вылучаных» пасадаў, якія адказвалі б цалкам за выведку ці контрвыведку. Гэтая дзейнасць была перыферыйная ў рабоце Канцылярыі і ёй займаліся па меры неабходнасці розныя службоўцы або ad hoc групы, калі выкарыстоўваць сучасную тэрміналогію. Кажучы коратка, у той час, калі інстытуты сучаснай дзяржавы самі па сабе яшчэ не да канца аформіліся, выведнымі дзеяннямі займаліся ўсе і ніхто адначасова.
Далей аўтары распавядаюць пра найбольш яскравыя «спецаперацыі» «сакрэтнай службы» ВКЛ, у шэраг якіх залічваюць «справу» князя Дзмітрыя Іванавіча Вішнявецкага, двайнога парабежчыка, які займаўся здабычай інфармацыі ў Маскоўскім княстве, арганізацыю ўцёкаў у ВКЛ Андрэя Курбскага, што стала «адным з самых яскравых прыкладаў сакрэтных аперацый» (с. 33), «справу Осціка» (1580 г.) па выяўленні маскоўскага шпіёна і прадухіленні замаху на караля Стафана Баторыя (с. 36). Сярод найвыдатнейшых аперацый узгадана і так званая Наўгародская справа, сутнасцю якой была таемная дыпламатычная правакацыя, што прывяла да разарэння Ноўгарада, «аднаго з наймацнейшых цэнтраў Паўночна-Заходняй Русі, што ў выніку падарвала эканамічную моц Маскоўскае дзяржавы» (с. 35).
Увогуле, пра выведку XVI—XVII стагоддзяў распавядаецца выключна ў кантэксце супрацьстаяння з Масквой, дзе апошняя падаецца як агрэсар і крыніца шматлікіх бедаў беларускага народу. Так, вайна 1654—1667 гадоў названая ў кнізе «крывавым патопам», які паглынуў кожнага другога жыхара беларускіх земляў; пра падзел Рэчы Паспалітай гаворыцца як пра акцыю «агрэсіўных суседзяў»; паўстанне Касцюшкі трактуецца як «апошні шанец даць адпор агрэсару» (с. 41—42). Але зноў-такі, галоўным вынікам спусташальных войнаў XVII—XVIII стагоддзяў названае «знішчэнне ўсіх структураў выведных і контрвыведных службаў» (с. 42). І гэта ў той час, калі «абараніць краіну маглі толькі моцная армія, выведка і контрвыведка» .
Немагчыма не звярнуць увагі на перабольшванне аўтарамі кнігі ролі выведкі і спецслужбаў у беларускай гісторыі перыяду Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Імкнучыся знайсці правобразы сучаснай беларускай спецслужбы ў аддаленых перыядах нашай гісторыі, гісторыкі выведкі робяць дастаткова ўмоўныя рэканструкцыі і паказваюць дзейнасць выведкі ў якасці цэнтральнага фактара гістарычнага развіцця. Паводле меркавання аўтараў, «толькі праз прызму тайных акцый дыпламатыі ВКЛ можна зразумець і вызначыць унутраную логіку драматычных падзеяў [гісторыі]» (с. 36). Напэўна, гэта не зусім так.
Дзяніс Ліпскі. «Не отрекаемся от прошлого…» 112 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 Цікавым момантам з’яўляецца тое, што беларускі КДБ, які да апошняга часу пачынаў свой радавод ад Усерасейскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, пачынае шукаць сваіх «продкаў» за часамі Полацкага княства і ВКЛ. Што гэта? Спроба знайсці беларускую ідэнтычнасць, рэфармаваць імідж рэпрэсіўнага інструмента Камуністычнай партыі імперыі ці проста кан’юнктурны крок? Цяжка сказаць адназначна, магчыма і першае, і другое, і трэцяе. З аднаго боку, беларускі КДБ заўсёды вызначаўся цеснымі сувязямі са сваімі расейскімі калегамі, а з другога — пэўнай аўтаноміяй у межах структураў дзяржаўнай улады (прынамсі, да апошняга часу) і «апазіцыйнасцю» дзейнаму прэзідэнту. Мяркую, што гэтыя пытанні могуць стаць падставай для асобнага даследавання.
Тым не менш, канцэпцыя гісторыі Беларусі, выкладзеная ў кнізе, цалкам адпавядае нацыянальнай традыцыі, незалежнасць беларускіх земляў успрымаецца як абсалютная каштоўнасць, зусім адсутнічае «брацкая» рыторыка ў апісанні адносінаў з Маскоўскай дзяржавай, узнімаецца цэлы пласт ведаў, дагэтуль амаль некранутых беларускімі гісторыкамі. У гэтых варунках «Щит и меч Отечества» — гэта, безумоўна, крок наперад у параўнанні з іншымі дзяржаўнымі выданнямі. І калі гэтую кнігу прачытаюць хоць бы толькі супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі, то, мяркую, ад таго можа быць карысць.
IІ. «У цені дзвюхгаловага арла» Другая частка кнігі, якая мае назву «У цені дзвюхгаловага арла», ахоплівае гісторыю выведкі на тэрыторыі Беларусі пачынаючы з XIX стагоддзя і сканчаючы пачаткам XX стагоддзя. Тут апісваецца дзейнасць расейскіх службаў дзяржаўнай бяспекі на далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай тэрыторыях. Аўтары канцэнтруюць сваю ўвагу пераважна на арганізацыі палітычнага вышуку і барацьбе са шпіянажам.
Паколькі Беларусь больш не мела ўласнай службы выведкі, то і распавядаецца збольшага пра цэнтральныя расейскія органы выведкі і контрвыведкі і структуры каланіяльнай адміністрацыі на беларускіх землях, якія займаліся палітычным вышукам. Спосабам падачы матэрыялу і эмацыйнай афарбоўкай другая частка дастаткова моцна адрозніваецца ад першай: тут няма героікі «залатога веку» старабеларускай выведкі, гаворка ўжо не ідзе пра «маскоўскіх агрэсараў» і спрадвечнага імкнення да незалежнасці беларускіх земляў. Тэкст вытрыманы ў стылі аповеду назіральніка. Беларусь — ужо не «свая» краіна, але і Расея сваёй не стала, яна толькі паступова трансфармуецца з «агрэсара» ў «новую айчыну».
Гэтая частка пераходная. Ад героікі «старажытнай Беларусі» да героікі будаўніцтва першай сацыялістычнай дзяржавы. Таму і стаўленне да царскіх спецслужбаў тут халаднаватае. Да прыкладу, аўтары кнігі папракаюць расейскія органы палітычнага вышуку ў тым, што «ў іх практыку трывала ўвайшоў метад правакацыі» (с. 48). Паказваецца іх слабая эфектыўнасць, бо яны, як і ў выпадку з дзекабрыстамі, не здолелі на ранняй стадыі выявіць падрыхтоўку да паўстання 1830—1831 гадоў і загадзя нейтралізаваць яго кіраўнікоў (с. 49). Паўстанне 1863— 1864 гадоў зноў сталася нечаканасцю для ўладаў, што сведчыць пра няздольнасць рабіць высновы з уласных паразаў і ўвогуле пра прафнепрыгоднасць царскіх выведных службаў.
Контрвыведка да пачатку XX стагоддзя была таксама не на вышыні, часткова з той прычыны, што гэтай працай незалежна адно ад аднаго займаліся некалькі ведамстваў: вайсковае, ваеннамарское, Міністэрства ўнутраных спраў, памежная і мытная стражы (с. 57).
У кнізе змешчаны і некаторыя дадзеныя па выніках працы контрвыведкі на беларускіх землях. Напрыклад, у Віленскай вайсковай акрузе за перыяд з 1901 да 1911 года былі выяўленыя 150 замежных агентаў. Аднак праз недасканаласць крымінальнага заканадаўства да крымінальнай адказнасці былі прыцягнутыя толькі 33 чалавекі, 4 апраўданыя. А ў дачыненні 113 асобаў следства давяло факты збору інфармацыі па заданні замежных выведак, аднак, паводле заключэння экспертаў, сабраная імі інфармацыя не з’яўлялася сакрэтнай, і паводле тагачасных законаў дзеянні гэтых асобаў не ўтваралі складу злачынства (с. 58).
ІІІ. «Узыход»: Ф. Дзяржынскі, НКУС, МДБ, КДБ… Наступная частка пад назвай «Узыход» адкрываецца раздзелам, прысвечаным жыццю заснавальніка савецкай спецслужбы Феліксу Гісторыя свядомасці 113 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 Дзяржынскаму, і пачынаецца надта паэтычна:
«Пасярод векавых лясоў Налібоцкае пушчы, на шырокай паляне, аточанай сасновым борам, у 70-я гады 19 стагоддзя стаяла сядзіба збяднелага беларускага шляхецкага роду Дзяржынскіх…» (с. 68). Пачатак падобны да легенды ці казкі, а можа, і жыція святога. Зрэшты, увесь далейшы тэкст раздзела захоўвае гэты стыль і пакідае трывалае адчуванне, што недзе гэта ўжо было напісана ці сказана. Дазволю сабе тут зацытаваць ацэнку асобы Дзяржынскага на мове арыгінала: «В советское время образ “рыцаря революции” и “железного Феликса” стараниями пропаганды постепенно превратился в некую икону, утратив черты живого человека. В конце 20 века акценты резко поменялись на противоположные. Став символом эпохи, Дзержинский держал ответ за то, чего не совершал. Во всяком случае, масштабы репрессивных действий до 1926 года и после года “великого перелома” (1929) несоразмерные. Однако созданный за пределами Беларуси новый образ Дзержинского — “кровавого палача”, к нашей чести, на его родине не прижился. (…) Нет, он не был злодеем, как, впрочем, не был и ангелом.
Люди вообще не ангелы. И поэтому подходить к личности Дзержинского с моральными критериями сегодняшнего дня невозможно и неправомерно» (с. 68).
У кнізе асоба Фелікса Дзяржынскага старанна абяляецца і супрацьпастаўляецца кіраўнікам часоў сталінскіх чыстак. Ствараецца сапраўдны культ заснавальніка КДБ. Пры гэтым аўтары кнігі намагаюцца ўсімі сіламі падкрэсліць моцную духоўную і фізічную повязь Дзяржынскага з Беларуссю, каб тым самым прычасціцца да легендарнай постаці і магутнай савецкай спецслужбы. «Щит и меч Отечества» прачула распавядае пра сям’ю Фелікса, да якой «прыходзілі за парадай» сяляне, пра шляхецкі герб і радавод Дзяржынскіх, пра тое, як «з вуснаў маці юнакФелікс даведаўся, што такое несправядлівасць, людское гора, нацыянальны і сацыяльны прыгнёт, ганенні, якія зазналі з боку расейскага самаўладдзя беларусы, палякі і літоўцы» (с. 70). Не можа не выклікаць замілавання фраза пра тое, што «все то прекрасное, что было впитано им в детстве, навсегда позволило Феликсу уберечь себя от черствости и бездушия» (с. 72). Ну як тут не захапіцца маштабам і прыгажосцю натуры заснавальніка Надзвычайнай камісіі і арганізатара «чырвонага тэрору»!
Здавалася б, пасля «нацыяналізму» першай часткі кнігі лагічна было б чакаць больш аб’ектыўнай ацэнкі ролі Дзяржынскага і створанага ім «карнага меча рэвалюцыі». Але абраз нельга чапаць. Гэтыя дзве часткі з розных кніг, якія належаць розным аўтарам з рознымі, як падаецца, палітычнымі поглядамі.
Наступны раздзел распавядае ва ўсіх падрабязнасцях пра працэс стварэння органаў Дзяржаўнай бяспекі на тэрыторыі Беларусі, дзе ўжо панавала савецкая ўлада. Разам з тым даецца і з прэтэнзіяй на аб’ектыўнасць ацэнка гэтым органам: «Органы НК-ДПУ БССР з’яўляліся эфектыўным інструментам палітычнага рэжыму, які склаўся як у рэспубліцы, гэтак і ў цэлым у СССР. На пачатку 1920-х гадоў чэкісцкі апарат зрабіў важкі ўнёсак у стабілізацыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў рэспубліцы. Дзякуючы працы чэкістаў удалося ліквідаваць узброенае антысавецкае падполле на тэрыторыі Беларускай ССР і забяспечыць надзейную ахову дзяржаўнай мяжы з Польшчай, з тэрыторыі якой датуль актыўна дзейнічалі ўзброеныя антысавецкія групы БулакБалаховіча, Моніча, Паўлоўскага і іншых, якія знішчалі народна-гаспадарчыя аб’екты, забівалі партыйных і савецкіх актывістаў. (…) Разам з тым чэкісцкі апарат Беларускай ССР актыўна ўдзельнічаў у задушэнніі і ліквідацыі палітычнай апазіцыі ў рэспубліцы, спыненні сялянскіх выступленняў, якія ўспыхвалі падчас суцэльнай калектывізацыі і “раскулачвання”» (с. 81). Аўтары таксама прызнаюць, што органы ДПУ БССР на пачатку 1930-х сфабрыкавалі шэраг гучных справаў няісных антысавецкіх нацыянальна-дэмакратычных арганізацый («Саюз вызвалення Беларусі», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларуская народная грамада» і інш.).
З прычыны адсутнасці ў савецкі перыяд ўласнабеларускіх спецслужбаў і канцэпцыі іх дзейнасці аўтары кнігі вымушаныя пераказваць (у захапляльным дэтэктыўным стылі) аперацыі агульнасаюзных структур Дзяржбяспекі, адшукваючы там беларускі след. Напрыклад, падрабязна расказана пра аперацыю «Сіндыкат-2», якая часткова закранула тэрыторыю Беларусі і Дзяніс Ліпскі. «Не отрекаемся от прошлого…» 114 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 ў якой былі таксама задзейнічаныя беларускія чэкісты.
У кнізе шмат ўставак і капсул, якія распавядаюць пра кіраўнікоў беларускага ДПУ— НКУС—МДБ—КДБ і выдатных беларускіх чэкістаў. Пры гэтым галоўным крытэрам «беларускасці» чэкіста з’яўляецца факт ягонага нараджэння на тэрыторыі Беларусі. Тое, што ён ніколі не лічыў сябе беларусам і ўсё жыццё пражыў далёка ад краіны нараджэння, нікога не цікавіць. Такім чынам быў адшуканы нараджэнец Магілёва Аляксей Філіпаў, які быў першым чэкістам, якога паслалі за кардон з выведнымі мэтамі. У лік выдатных беларускіх чэкістаў трапілі таксама С. Шпігельглас (намеснік начальніка Замежнага аддзела НКУС, які кіраваў аперацыяй па выкраданні Мілера, кіраўніка расейскай белаэмігранцкай арганізацыі), Н. Эйцінгон (рэзідэнт у Харбіне, удзельнічаў у арганізацыі забойства Троцкага ў Мексіцы), Я. Серабранскі (распрацоўваў аперацыю па выкраданні Л. Сядова, сына Л. Троцкага) і іншыя.
Але бадай што самай цікавай часткай кнігі з’яўляецца расповед пра палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў. Цікавай таму, што, з аднаго боку, гэтая тэма адыгрывае ролю індыкатара неперадузятасці і аб’ектыўнасці любога выдання, прысвечанага дадзенаму перыяду гісторыі, а з другога — гэта дужа далікатнае пытанне для саміх беларускіх спецслужбаў: рэпрэсіі трэба асуджаць, але не настолькі, каб паставіць пад пытанне маральнае права на існавання самога беларускага КДБ. Таму і гаворка пра такую слізкую тэму вядзецца адпаведным чынам.
Паводле меркавання аўтараў кнігі, ад «вялікага тэрору» найбольш пацярпелі самі спецслужбы. Нават назва раздзела пра рэпрэсіі гучыць як «Трагедыя народа — трагедыя спецслужбаў». А вінаваты ва ўсім Сталін: «Цяжкі ўдар па савецкай знешняй выведцы нанеслі не замежныя спецслужбы, а палітычнае кіраўніцтва ўласнай дзяржавы, і перадусім Сталін. (…) Разгорнутыя ў СССР шырокамаштабныя рэпрэсіі сур’ёзна падарвалі знешнюю выведку. Да 1938 года былі зліквідаваныя амаль усе нелегальныя рэзідэнтуры, сувязі з найкаштоўнейшымі крыніцамі інфармацыі былі страчаныя» (с. 113).
Ва ўмовах згортвання нэпу, пераходу да фарсіраванай індустрыялізацыі і калектывізацыі чэкісцкі апарат усё часцей прыцягваўся да развязання ўнутрыпалітычных задачаў, якія не мелі нічога агульнага з выведкай і контрвыведкай. Аднак гісторыкаў спецслужбаў не надта турбуюць вынікі развязання гэтых «задач» і іх законнасць. Іх больш непакоіць той факт, што «разам з гэтым унутры структуры АДПУ адбываўся складаны і трагічны працэс “вымывання” кадраў дасведчаных чэкістаў». Агучаныя і маштабы такога «вымывання»: «падчас “яжоўскай” чысткі былі арыштаваныя і загінулі найлепшыя чэкісты школы Дзяржынскага; з 15 старшыняў НК-ДПУ і наркамаў унутраных спраў БССР былі рэпрэсаваныя 14 чалавек. (…) Усяго за перыяд “яжоўскай” чысткі з кастрычніка 1936 да жніўня 1938 года былі арыштаваны 2273 супрацоўнікі органаў дзяржбяспекі, з іх за “контррэвалюцыйныя злачынствы” — 1862 чалавекі» (с. 117).
На думку аўтараў кнігі, чэкісцкі апарат паступова стаў закладнікам Сталіна і яго хваравітай падазронасці і садызму: «Сталін патрабаваў сляпога і бяздумнага выканання сваіх рашэнняў і проста вусных указанняў. Усе нязгодныя падлягалі чыстцы. Сталін уласнаручна падрыхтаваў пастанову ЦВК СССР, якая атрымала ў гісторыяграфіі назву “закон ад 1 снежня”. (…) Пастанова прадпісвала завяршаць следства па справах аб тэрарыстычных актах у 10-дзённы тэрмін і разглядаць іх у судзе без удзелу абвінавачання і абароны. Прыгаворы да вышэйшай меры пакарання павінны былі прыводзіцца ў выкананне адразу пасля іх абвяшчэння. У выніку Сталіным быў створаны прававы механізм для расправы са сваімі апанентамі» (с. 116).
Дзеля справядлівасці зазначым, што гісторыкі беларускай спецслужбы прызнаюць і пэўныя перагібы, дапушчаныя органамі Дзяржбяспекі падчас барацьбы са знешнімі і ўнутранымі ворагамі маладой савецкай дзяржавы. На прыклад, з жніўня 1937 да верасня 1938 года ў БССР на падставе загадаў, якія паступалі з НКУС СССР (самі беларусы ні ў чым не вінаватыя!), пад кіраўніцтвам наркама ўнутраных спраў рэспублікі Б. Бермана была праведзеная аперацыя па выяўленні агентуры польскай, нямецкай і латвійскай выведак. У выніку на польскай лініі былі арыштаваны і асуджаны 15 741 чалавек, па нямецкай — 563, латвійскай — 1459. У 1936 — 1938 гады НКУС БССР былі праведзены палітычныя працэсы над удзельнікамі так званых Гісторыя свядомасці 115 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 Аб’яднанага антысавецкага падполля, Беларускай аўтакефальнай царквы, Беларускага нацыянальнага цэнтра, Беларускай філіі меншавікоў, Беларускай філіі Прампартыі, Беларускай філіі Працоўнай сялянскай партыі, Польскай арганізацыі вайсковай і інш.
Паводле кнігі, усяго за перыяд 1935—1940 гадоў ад палітычных рэпрэсій на тэрыторыі БССР пацярпелі 86 168 чалавек, з іх 28 425 былі расстраляныя (с. 105).
Між тым, у кнізе палітычныя рэпрэсіі пададзены як шараговая з’ява, не вартая пільнай увагі.
Пра іх распавядаюць нейтральнай мовай, без ацэнак і пакаянняў, сфабрыкаваныя справы толькі пералічваюцца без канкрэтызацыі і расповеду пра лёсы асуджаных людзей. Няма зусім ніякай інфармацыі пра рэпрэсаваных дзеячаў беларускай культуры і навукі. У тэксце пра рэпрэсіі ўсяляк пазбягаецца ўжыванне негатыўных выказванняў, якія маглі б пашкодзіць іміджу спецслужбы. З гэтай мэтай аўтары кнігі выкарыстоўваюць наступны прыём: пры апісанні рэпрэсій, перагібаў і злачынстваў чэкістаў словы з негатыўным сэнсам або афарбоўкай паўсюдна замененыя на словы са станоўчай канатацыяй, узятыя ў двухкоссе. Дасведчаны чытач, натуральна, зразумее, пра што ідзе гаворка. Але негатыўнае ўражанне ад прачытанага зглажваецца. Вось некалькі прыкладаў такога «наватарскага» падыходу: «поспехі» Яжова былі сапраўды значнымі; НКУС БССР «раскрыў і абясшкодзіў»; праца па выкрыцці “ворагаў народа” і г. д .» Далей у кнізе сцвярджаецца, што ўсведамленне заганнасці рэпрэсій прывяло да іх згортвання. Аднак, паводле аўтараў кнігі, «усю віну за масавыя рэпрэсіі, беззаконне і самаўпраўства Сталін, Молатаў, Кагановіч і іншыя кіраўнічыя асобы пастараліся зваліць на органы НКУС і Пракуратуры. Масавыя палітычныя рэпрэсіі паказваліся як вынік дзейнасці “ворагаў народа”, якія прабраліся ў НКУС».
Аўтары задаюцца заканамерным пытаннем:
як такое стала магчымым? І самі ж адказваюць:
«Падаецца наіўным і прымітыўным меркаванне пра тое, што ва ўсім вінаватыя “крывавыя каты НКУС”. (…) Ісціна недзе пасярэдзіне. Стварэнне рэпрэсіўнага механізму — гэта заканамерны вынік усіх рэвалюцый пачынаючы ад Ангельскай буржуазнай сярэдзіны 17 ст. Створаныя карныя органы спачатку былі накіраваныя на барацьбу з палітычнымі супраціўнікамі і контррэвалюцыяй, потым — проста з іншадумцамі, а пасля ліквідацыі ўсіх знешніх супраціўнікаў сістэма пачала пажыраць саму сябе» (с. 121). На думку аўтараў кнігі, было б няправільна спісваць усю віну за масавыя рэпрэсіі толькі на органы НКУС, бо Сталін і яго бліжэйшае атачэнне не толькі дапусцілі рэпрэсіі, але і з’яўляліся іх ініцыятарамі і арганізатарамі: «Для здзяйснення авантурных планаў сусветнай рэвалюцыі, з мэтай падаўлення ўсялякага іншадумства, ліквідацыі правоў і свабод грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі СССР 1936 года, была створана моцная карная сістэма, якая ўключала ў сябе не толькі органы НКУС, але і савецкі партыйны і дзяржаўны апарат, пракуратуру і судовыя органы, Чырвоную Армію. Менавіта сістэма стварыла прыдатныя ўмовы для вырошчвання яжовых і берманаў, ляплеўскіх і быхоўскіх». Далей гісторыкі беларускай спецслужбы робяць важнае «прызнанне»: «Дзейнасць спецслужбаў усяго свету накіравана на гарантаванне бяспекі дзяржаўнага ладу. І змяняецца яна толькі разам з дзяржаўным механізмам. Спецслужбы — гэта вельмі дакладны і востры інструмент. І трэба вельмі ўмела і асцярожна ім распараджацца. (…) У 1920—1950-я гады гэты інструмент апынуўся ў руках ката».
Гістарычная справядлівасць і маральныя ўстаноўкі былі для чэкістаў куды менш значнай каштоўнасцю, чым лаяльнасць да ўласнай карпарацыі. Да таго ж у любы момант можна адмовіцца ад савецкага КДБ як ад зусім іншай спецслужбы няіснай дзяржавы. Такім чынам, ніхто не вінаваты. Але пакуль што на старонках кнігі СССР — гэта вялікая радзіма, якую трэба абараняць ад вонкавых і ўнутраных ворагаў, да якіх, у прыватнасці, залічаныя і дзеячы беларускага нацыянальнага руху.
IV. Выпрабаванне У частцы «Выпрабаванне» распавядаецца пра дзейнасць органаў Дзяржбяспекі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Аўтары кнігі не прамінулі падкрэсліць, што менавіта спецгрупы і атрады органаў дзяржбяспекі сталі асноўным ядром партызанскага руху ў БССР. «У 1941—1944 гады па лініі НКУС БССР было створана і наДзяніс Ліпскі. «Не отрекаемся от прошлого…» 116 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 кіравана ў тыл на акупаваную тэрыторыю БССР 15 партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю 758 байцоў, 161 выведна-дыверсійная група (3100 чалавек), арганізавана непасрэдна на акупаванай тэрыторыі рэспублікі 66 партызанскіх атрадаў (3634 чалавекі) і 181 выведна-дыверсійная група (2292 чалавекі) і 45 аператыўных груп». Акрамя таго, «у гады ВАВ органы дзяржбяспекі рэспублікі выявілі на акупаванай тэрыторыі 6642 варожых агентаў, 36 рэзідэнтураў ворага, 15 805 здраднікаў Радзімы» (с. 163). Пад «здраднікамі Радзімы», як няцяжка здагадацца, разумеюцца ў асноўным дзеячы антысавецкага падполля, ваенізаваных нацыяналістычных фармаванняў і калабаранты.
У якасці прыкладаў дзейнасці чэкістаў на акупаванай тэрыторыі аўтары кнігі прыводзяць аперацыю па ліквідацыі Ф. Акінчыца, выдаўца «Беларускай газэты» (сакавік 1943) і забойства бургамістра Менска В. Іваноўскага (снежань 1943). Яны абвінавачваюцца ў здрадзе радзіме і дапамозе фашыстам.
Аўтары адразу лічуць неабходным патлумацыть, што «баявыя аперацыі супраць памагатых акупантаў у гады Вялікай Айчыннай вайны не мелі нічога агульнага з дзяржаў ным тэрарызмам і тэрорам, які пераследуе мэту знішчэння палітычных супраціўнікаў, супраць чаго, як правіла, выступалі прафесіяналы-чэкісты» (с. 160). Зрабіўшы такое важнае тлумачэнне, аўтары пераходзяць да шматстаронкавага аповеду пра дзейнасць дыверсійных груп чэкістаў і партызанскіх атрадаў у тыле ворага.
Прыцягвае ўвагу таксама і шостая частка пад назвай «Супрацьстаянне», якая распавядае пра ліквідацыю антысавецкага ўзброенага супраціўлення на тэрыторыі Беларусі.
Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў не дало перадыху ў працы органаў Дзяржаўнай бяспекі. Паводле дадзеных аўтараў кнігі, у ліпені 1944 года на тэрыторыі рэспублікі дзейнічалі больш як 35 тысячаў (цэлае войска!) актыўных удзельнікаў разнастайных беларускіх калабаранцкіх арганізацый, каля 20 тысячаў вайскоўцаў польскай Арміі Краёвай (АК), да 14 тысячаў сябраў АУН і байцоў Украінскай паўстанскай арміі (УПА), а таксама да 1 тысячы ўдзельнікаў літоўскага антысавецкага падполля (с. 175). Антысавецкае падполле на тэрыторыі Беларусі паказана ў кнізе ў выглядзе сукупнасці разнародных і разрозненных падпольных партый, арганізацый, узброеных фармаванняў, якія не мелі адзінага кіроўчага і каардынацыйнага цэнтра, але якія ставілі адзіную мэту — змяненне асноваў існага ў БССР дзяржаўна-палітычнага ладу. Але самае страшнае тое, што ва ўмовах халоднай вайны ўдзельнікі антысавецкіх арганізацый выкарыстоўваліся замежнымі выведкамі ў якасці фактара, што дэстабілізаваў унутраную сітуацыю ў СССР. Натуральна, што гэтыя арганізацыі і іх актывісты падлягалі нейтралізацыі.
Далей «Щит и меч...» распавядае пра стварэнне ўлетку 1944 года ў мястэчку Дальвіц (Усходняя Прусія) з ініцыятывы кіраўніцтва Беларускай Цэнтральнай Рады і са згоды Абвера выведна-дыверсійнай школы, якая ў мэтах канспірацыі была названая «Спецыяльны батальён “Дальвіц”». Менавіта гэтая школа рыхтавала і закідвала дэсант (які кніга звычайна называе «агентамі Абвера») у савецкі тыл на тэрыторыю Беларусі. Даволі падрабязна ў кнізе апісаная высадка дэсанту пад кіраўніцтвам сябра Беларускай незалежнай партыі Міхала Вітушкі і далейшае паляванне органаў Дзяржбяспекі на ягоную групу. Пры гэтым аўтары кнігі сцвярджаюць, што пасля таго, як смершаўцы па адным пералавілі дальвіцкіх дэсантнікаў, 7 студзеня 1945 года ў выніку спецаперацыі ў Рудніцкай пушчы быў забіты і сам кіраўнік групы Міхал Вітушка. Такая катэгарычнасць і дакладнасць у даце здзіўляе, бо існуюць звесткі, паводле якіх Міхал Вітушка заставаўся кіраўніком беларускага антыбальшавіцкага супраціву ажно да 1959 года і памёр толькі ў красавіку 2006 года (Ёрш). Справа ў тым, што ў 1944— 1945 гады беларускімі нацыяналістамі і нямецкімі спецслужбамі была праведзена «аперацыя прыкрыцця». На Беларусь накіроўваліся людзі, якія мелі дакументы на прозвішча Вітушка. Менавіта аднаго з такіх падстаўных Вітушак і ліквідаваў СМЕРШ у Рудніцкай пушчы.
Больш за тое, савецкія спецслужбы ведалі, што сапраўдны кіраўнік беларускага ўзброенага руху жывы. Беларускі гісторык Сяргей Ёрш сцвярджае, што савецкія ўлады неаднаразова з 1950-х да 1970-х гадоў патрабавалі ад Захаду выдаць Вітушку. Справа на яго ў расейскім ФСБ не закрытая да гэтае пары… «Щит и меч Отечества» распавядае таксама пра аперацыі супраць дэсанта Янкі Філістовіча і іншых антысавецкіх ўзброеных груп, называюГісторыя свядомасці 117 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 чы іх пры гэтым не інакш як «бандгрупамі» 1 . Не зважаючы на вядомы факт існавання кіраўнічага цэнтра ўсяго беларускага ўзброенага руху («Чорны кот»), аўтары кнігі імкнуцца паказаць спантаннасць беларускага супраціву і адсутнасць каардынацыйных структур. Увогуле, беларускаму ўзброенаму супраціву, як і палітычным рэпрэсіям, аддаецца мала ўвагі на старонках кнігі. Нашмат болей месца адведзена расповеду пра барацьбу з фармаваннямі Арміі Краёвай і ліквідацыю падполля АУН—УПА. Гэта і зразумела — партызанская рэспубліка і радзіма Фелікса Дзяржынскага не стала і не магла стаць крыніцай падтрымкі антысавецкай барацьбы нацыяналістычных элементаў.
Нягледзячы на тое, што свой радавод беларускія чэкісты працягнулі на некалькі стагоддзяў углыб беларускай гісторыі і прынялі спадчыну ВКЛ, савецкая спадчына засталася «бліжэйшай да цела». Ці можам мы чакаць зменаў і ў гэтым кірунку? Можна адказаць толькі словамі з самой кнігі: «дзейнасць спецслужб… змяняецца толькі разам з дзяржаўным механізмам... а сістэма зменам і трансфармацыям не падлягае, яна можа толькі самаразбурыцца».
Разграміўшы нацыяналістычнае падполле, беларускі КДБ быў вымушаны заняцца больш сціплымі і руціннымі справамі, пакінуўшы маштабныя аперацыі эпохі супрацьстаяння вялікіх дзяржаваў агульнасаюзным органам бяспекі ў Маскве. Аўтары кнігі некалькі разоў падкрэсліваюць несамастойнасць беларускай спецслужбы, гавораць, што «кіраванне рэспубліканскім камітэтам, яго фінансаваннем, зацвярджэннем штатнай структуры, прызначэнне кіраўнікоў здзяйснялася не ў Менску, а ў Маскве» (с. 210). Гэтая прыкрая недарэчнасць выправіцца толькі ў 1991 годзе, а пакуль беларускі камітэт быў вымушаны займацца дробнымі справамі, падчас якіх не пагеройнічаеш і славы не здабудзеш.
У якасці прыкладу дзейнасці беларускага КДБ у 1960-я гады прыводзіцца «Барысаўская контрвыведная аперацыя» 1968 года, якая, па словах аўтараў кнігі, увайшла ў савецкія падручнікі па контрвыведцы. Сутнасць аперацыі заключаецца ў тым, што беларускія чэкісты затрымалі двух дыпламатаў, якія, хутчэй за ўсё, заблукалі і выпадкова заехалі на грамадскім транспарте на тэрыторыю вайсковай часткі. Іх абшукалі і адпусцілі. На гэтым аперацыя скончылася.
У 1980-я гады, відаць, ад няма чаго рабіць беларускія гэбэшнікі ўвогуле перайшлі на дробнае паскудства: «у 1980 годзе беларускія чэкісты паспяхова сарвалі выведную паездку па маршруце Масква—Менск—Берасце— Роўна—Львоў памочніка амерыканскага вайсковага аташэ ў Маскве Холбрука. Па ўзгадненні з 2-м Галоўным упраўленнем КДБ СССР супрацоўнікі КДБ БССР у раёне Берасця пашкодзілі аўтамабіль дыпламата.
У выніку ён быў вымушаны вярнуцца ў Маскву» (с. 213).
У кнізе змешчана таксама некалькі дэтэктыўных гісторый, прысвечаных раскрыццю супрацоўнікамі беларускага КДБ забойстваў старшыняў калгасаў, з усімі падрабязнасцямі, уключна з апытаннем сведкаў. Ад гэтай часткі кнігі я ўласна чакаў цікавай інфармацыі пра абставіны жыцця ў Беларусі Лі Харві Освальда, будучага забойцы прэзідэнта Кенэдзі, але так і не знайшоў… V. Сучаснасць Восьмая частка кнігі прысвечаная гісторыі беларускага КДБ перыяду незалежнай Рэспублікі Беларусь. Тут распавядаецца пра структурную перабудову органаў Дзяржаўнай бяспекі, прававую базу іх дзейнасці. Я меркаваў убачыць тлумачэнне таго, чаму ж беларуская спецслужба пакінула, як цяпер модна казаць, стары брэнд, абцяжараны шматлікімі грахамі і цёмнымі справамі. Гэтага я на старонках кнігі таксама не ўбачыў. Беларускія чэкісты палічылі, што дастаткова правесці частковую рэабілітацыю рэпрэсаваных, каб цалкам ачысціцца ад грахоў мінулага: «Час станаўлення органаў дзяржаўнай бяспекі звязаны і з працэсам рэа1 Па выніках гэтых аперацый «Щит и меч Отечества» дае наступныя лічбы. З моманту вызвалення рэспублікі да чэрвеня 1946 года беларускія органы Дзяржбяспекі і ўнутраных спраў выявілі і разграмілі 914 «антысавецкіх падпольных, тэрарыстычных, паўстанцкіх, нацыяналістычных арганізацый і бандыцкіх груп», колькасць арыштаваных удзельнікаў — 17 870 чалавек. Падчас узброеных сутыкненняў былі забітыя 3035 удзельнікаў вышэйназваных структур. За перыяд з лютага 1947 да снежня 1952 года МДБ БССР ускрыла і ліквідавала 55 нацыяналістычных арганізацый і груп з агульнай колькасцю ўдзельнікаў 4080 чалавек, 165 бандгруп (1779 чалавек), а таксама арыштавала 4131 чалавека з ліку сувязных і «бандпамагатых». Падчас баявых аперацый былі забітыя 712 удзельнікаў антысавецкіх падпольных фармаванняў (с. 187).
Дзяніс Ліпскі. «Не отрекаемся от прошлого…» 118 ПАЛIТЫЧНАЯ СФЕРА № 8/2007 білітацыі ахвяраў палітычных рэпрэсій. З гэтай задачай беларускія чэкісты справіліся годна, зняўшы з ведамства, якое пакліканае абараняць інтарэсы асобы, грамадства і дзяржавы, цяжар адказнасці за палітычныя памылкі мінулага» (с. 244).
Раздзел «Памылка рэзідэнта» распавядае пра шэраг выкрыццяў замежных шпіёнаў і агентаў, у тым ліку пра справы Крыстафера Леца (шпіён спецслужбы ФРГ) і Анжэла Піў (італьянскі шпіён).
Раздзел «Шчыт Еўропы» прысвечаны расповеду пра аперацыі спецслужбаў па закрыцці каналаў нелегальнай міграцыі. Далей ідзе гаворка пра барацьбу з гандлем зброі, пра выкрыццё эканамічных злачынстваў, пра Інстытут нацыянальнай бяспекі, урадавую сувязь, ветэранскую арганізацыю КДБ і афіцэрскі сход. Але ніводнага слова не сказана пра знікненні выдомых палітыкаў і захады па іх пошуку, няма ніякай інфармацыі пра арышт Паўлічэнкі і Ігнатовіча, не сказана пра прычыны адстаўкі кіраўніка КДБ Мацкевіча. Не кажуць аўтары кнігі, за што быў зняты мінулы старшыня ведамства Ерын. У кнізе абыдзены ўсе вострыя вуглы найноўшай беларускай гісторыі. Ні слова пра палітычных вязняў і ўвогуле пра апазіцыю. Такое ўражанне, што яе ўвогуле няма, нібыта яна не рыхтуе дзяржаўных пераваротаў, не кліча танкі НАТО на беларускую зямлю, не кідае дохлых пацукоў у вадаправод. І гэта дзіўна.
Перагортваючы апошнюю старонку кнігі гісторыі беларускага КДБ, хочацца зазначыць, што выданне пакідае супярэчлівае ўражанне.
Спачатку здзіўляе адназначна прабеларускі падыход першай часткі з прызнаннем спадчыны Літаратура 1. Ёрш С. Генэрал Вітушка // Наша Ніва. 12.05.1997. № 17—18 (85). http: // www.belradio.fm / readarticle.php?article_id=1726 2. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 1—6. — Мінск, 1993—2003.
3. О презентации книги об истории органов государственной безопасности. http: // www.kgb.by / press / inform / 25.html ВКЛ і пошукам вытокаў беларускай выведкі ў часы Полацкага княства. Незалежнасць, моцная беларуская сярэднявечная дзяржава, нацыянальныя героі… Потым нейтральны расповед пра імперскі перыяд. Далей агіяграфічны тэкст пра Дзяржынскага, апраўданне органаў Дзяржбяспекі перыяду «вялікага тэрору», ганьбаванне дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. І замоўчванне гучных справаў сучаснасці. Таму і не патрапіла гэтая кніга ў кнігарні, бо адразу выклікала б хвалю водгукаў. А публічнае абмеркаванне любой спецслужбе заўсёды не на карысць. Тым больш такой спецслужбе, якой ёсць што хаваць.
Безумоўна, дадзеная кніга з’яўляецца крокам наперад у параўнанні з усім тым, што выдавалася раней пад патранажам КДБ. І яна будзе карыснай для пэўнай праслойкі супрацоўнікаў спецслужбаў. Але аўтары кнігі не здолелі вытрымаць нейтральны тон і неперадузята паказаць гісторыю беларускіх органаў бяспекі без купюр, прыхарошванняў і пафасу. Мабыць, таго і не варта чакаць ад такого кшталту выданняў. Самі аўтары папярэджваюць, што яно не поўнае і хутчэй папулярнае, чым навуковае. Таму гісторыя беларускіх спецслужбаў яшчэ чакае свайго даследчыка. І такая праца неўзабаве з’явіцца, можа быць, нават справакаваная гэтай кнігай, выдадзенай беларускім КДБ.
У кнізе шмат цікавай і нават унікальнай інфармацыі, яна ўздымае цэлы пласт некранутых дасюль ведаў, дазваляе зірнуць на гісторыю Беларусі з зусім іншага ракурсу. У тым яе моцныя бакі. Але кнізе не хапае галоўнага. Ад такіх кніг чакаюць праўды, прызнання памылак і пакаяння. Тут гэтага няма: «Мы не отрекаемся от нашего прошлого. Оно остается с нами» (с. 328).