Інстытут “Палітычная сфера” сумесна з Універсітэтам Вітаўта Вялікага (Літва), Варшаўскім Універсітэтам (Польшча) і іншымі партнёрамі аб’яўляе чацвёрты набор на Міжнародную PhD праграму для Беларусі.
Праграма арганізаваная па завочным прынцыпе. Доктарская дысертацыя пішацца ў Беларусі, завершаны (ці завершаны ў значнай ступені) тэкст прадстаўляецца для абароны завочна ці экстэрнам ва ўніверсітэтах Літвы, Польшчы і іншых еўрапейскіх краінаў. Выбар універсітэта для абароны дысертацыі ажыццяўляецца на індывідуальнай аснове ў залежнасці ад лінгвістычнай падрыхтоўкі, тэмы дысертацыі і іншых параметраў.
Дзеянне праграмы распаўсюджваецца на наступныя дысцыпліны: палітычныя навукі, найноўшая гісторыя (гісторыя Беларусі ХХ стагоддзя), сацыялогія ў выключных выпадках могуць быць разгледжаны прапановы па літаратуразнаўстве і сумежным дысцыплінам.
Праграма забяспечвае: кансультаванне, тэхнічную дапамогу, акадэмічную камунікацыю ў форме семінараў, сувязь з замежным універсітэтам і адстойванне інтарэсаў аўтара дысертацыі, кампенсацыю выдаткаў, звязаных з абаронай (у тым ліку ганарараў беларускім і замежным кансультантам, збораў універсітэтаў за абарону).
Тэкст дысертацыі можа быць на беларускай, рускай, ангельскай ці польскай мовах. Выбар мовы залежыць ад навуковай дысцыпліны, тэмы дысертацыі і ўніверсітэта, дзе будзе ажыццяўляцца абарона.
Стандартны тэрмін навучання па праграме – тры гады. Час навучання можа быць скарочаны ці працягнуты на індывідуальнай аснове.
Патрабаванні да кандыдатаў:
- Завершаная вышэйшая адукацыя (дыплом ВНУ ці ступень магістра).
- Валоданне беларускай і расейскай мовамі ў ступені, дастатковай для разумення лекцыяў і напісання тэкстаў. Валоданне ангельскай мовай з’яўляецца пажаданым.
- Наяўнасць навуковых, экспертных ці аналітычных публікацыяў.
Заяўкі прымаюцца да 15 лістапада 2015 года ў электронным выглядзе на адрас: [email protected]. Вынікі адбору будуць вядомыя на працягу месяца.
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць:
1.Рэзюме (CV) з фотаздымкам, пазначэннем адукацыі, прафесійнага досведу, публікацыяў і іншай рэлевантнай інфармацыі.
2.Матывацыйны ліст у адвольнай форме. Аб’ём: да 2 старонак.
3.Кароткае апісанне дысертацыйнага даследавання, якое мусіць утрымліваць: тэму, апісанне праблемы даследавання, план, спіс літаратуры (не больш за 10 пазіцыяў). Агульны памер: да 5 старонак.
За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся на наш сайт: phd.palityka.org.