Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра збор намінацый для Прэміі за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін 2014 года.
Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковай дзейнасці.
Заклікаем аўтараў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць значныя вынікі навуковай дзейнасці і, такім чынам, паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.
Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 15 сакавіка 2014 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут: premija_rules 2014.pdf.
Урачыстае наданне прэміі адбудзецца на Чацвёртым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 3-5 кастрычніка 2014 года.
Намінацыі:
Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:
– Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.
– Гуманітарныя навукі: філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства.
– Гісторыя.
Публікацыі па праву і эканоміцы прымаюцца да разгляду толькі ў тым выпадку, калі яны маюць міждысцыплінарны характар, а таксама закранаюць праблематыку асноўных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.
З гэтага году праводзіцца асобны конкурс для манаграфій і артыкулаў.
З 2014 года Прэмія па гуманітарных навуках аб’ядноўваецца з Прэміяй імя Зоры Кіпель, якая надавалася Паўночнаамерыканскай асацыяцыяй даследчыкаў Беларусі.
Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.
Працэдура:
Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння экспертных радаў, якая складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін: premija_eksperty.pdf.
Для разгляду прымаюцца працы, якія былі надрукаваныя ў 2013 г., а таксама надрукаваныя ў 2012 г., калі гэтыя працы не былі намінаванымі падчас папярэдняга конкурсу. Асноўныя патрабаванні: тэкст памерам не менш за 20 тысяч знакаў (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), напісаны адным ці некалькімі аўтарамі (але пад навуковай рэдакцыяй аднаго чалавека).
З павагай,
Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі