Промышленность Беларуси в условиях реформирования и стагнации (1953-1985 гг.)

sasimСасим (2009), “Промышленность Беларуси в условиях реформирования и стагнации (1953-1985 гг.)” – Минск: Экоперспектива, – 243 с.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Таццянай Чыжовай.

_______________________________________________________________________________________

Не сакрэт, што апошнія дзесяцігоддзі вывучэнне эканамічнай гісторыі і гісторыя савецкага перыяду ў Беларусі знаходзяцца ў відавочнай стагнацыі. Тым радасней бачыць працы, якія спрабуюць у той ці іншай ступені запоўніць на аснове сучасных даследаванняў лакуны ў айчыннай гістарыяграфіі.

У кнізе М.А Сасіма разглядаюцца тэндэнцыі і асаблівасці развіцця прамысловасці Беларускай ССР у другой палове ХХ стагоддзя. Структура кнігі складаецца з двух частак: першая прысвечана рэформам у беларускай прамысловасці паслясталінскага перыяду, у прыватнасці, эканамічнай рэформе 1965-га года; у другой частцы аўтар спрабуе агледзець эвалюцыю арганізацыі вытворчасці з 1953 па 1985 гады.

Адразу кідаецца ў вочы, што аўтара ў большай ступені цікавіць сацыяльны аспект рэформаў, чым уласна развіццё прамысловасці. У аўтарскай інтэрпрэтацыі рэформы ў прамысловасці выглядаюць хутчэй дадаткам да агульнай дэмакратызацыі грамадскага жыцця ў СССР, чым працэс з уласнай логікай.

Чытач, не знаёмы з базавымі прынцыпамі функцыянавання савецкай эканомікі перыяду сталінізму, апынецца перад неабходнасцю сур’ёзна падцягваць гістарычныя веды ў гэтай галіне, абапіраючыся на іншыя крыніцы: аб стане спраў на момант пачатку рэформаў аўтар рашуча нічога не паведамляе, абмяжоўваючыся агульнымі месцамі аб бюракратызме, «неэфектыўнасці», залішняй цэнтралізацыі і неабходнасці рэфармавання эканомікі.

У некаторай ступені гэтая лакуны запаўняюцца пры разглядзе ў трэцім раздзеле першай частцы так званай «касыгінскай» рэформы 1965-га года, у якой досыць выразна акрэслены асноўныя напрамкі – яе планаваныя і рэальныя вынікі. Аднак і тут асноўная ўвага надаецца сацыяльным пытанням і росту якасці жыцця. Даволі падрабязна разглядаюцца спосабы сацыялістычнага стымулявання працы, рост узроўню адукацыі рабочых кадраў і букет сацыяльна-эканамічных супярэчнасцяў. Аднак уплыў аб’ектыўных матэрыяльных чыннікаў на фармаванне і развіццё беларускай прамысловасці – напрыклад, такіх як аб’ёмы рэспубліканскіх і саюзных інвестыцый або тэмпы урбанізацыі ў рэспубліцы, – застаюцца па-за рамкамі апавядання.

Далей аўтар рухаецца па пракладзенай сцежцы ацэньваючы сацыялістычную эканоміку з пазіцый сучаснай рынкавай і заканамерна прыходзіць да высновы аб неабходнасці змены ўсяго савецкага грамадскага ладу: «Рэформа 1965-га года пакінула без зменаў глыбінныя стасункі вытворчасці – стасункі ўласнасці. Гэта стала той прычынай, з якой яна з самага пачатку была асуджана на правал. У ёй былі закладзеныя несумяшчальныя прынцыпы: пашырэнне правоў прадпрыемстваў і ўзмацненне цэнтралізацыі. Хоць прадпрыемства і станавіліся фармальна больш самастойнымі, яны не мелі права самі прызначаць цану на сваю прадукцыю. Тое ж адбылося з іх правам самастойна распараджацца рабочай сілай, наймаць неабходных работнікаў, звальняць лішніх ці кепска працуючых людзей. Тут кіраўнікі прадпрыемстваў сутыкнуліся з сур’ёзным супрацівам прафсаюзаў і партыйнага апарату, якія баяліся выклікаць драбнейшыя праявы незадаволенасці сярод працоўных» (с. 100).

На жаль у кнізе так і не былі адлюстраваны заканамернасці зараджэння, функцыянавання і эвалюцыі менавіта беларускай савецкай прамысловасці: аўтэнтыка савецкай эканамічнай мадэлі ў значнай ступені губляецца сярод шматлікіх канстатаванняў неабходнасці рэформаў і спробаў іх ацаніць. У рэшце рэшт, не застанься ў 1965-м годзе форма ўласнасці без змен, дадзеная кніга апынулася бы ўдвая карацей, таму што далей пачыналася б іншая прамысловасць, іншая Беларусь і зусім іншая гісторыя.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...