У тумане знешняй палітыкі

03_ulahovicВ.Е. Улахович. Формирование основ внешней политики Республики Беларусь (1991-2005). Минск: Харвест, 2010. – 352 с.

Агляд  падрыхтаваны палітолагам , палітычным аглядальнікам тыднёвіка “Наша Ніва” Сяргеем Богданам.

______________________________________________________________________________________

Дырэктар Цэнтру міжнародных даследаванняў БДУ Уладзімір Улаховіч зрабіў першую спробу падсумаваць вынікі беларускай вонкавай палітыкі за гады незалежнасці. Кніга, што стала вынікам гэтага, выглядае неадназначна. На другой старонцы выдання, што пабачыла свет у менскім выдавецтве «Харвест», імёны рэцэнзентаў стаяць побач з грыфам «Рекомендовано к печати Управлением внешней политики Администрации Президента Республики Беларусь». Чытачу застаецца гадаць, ці ён трымае ў руках навуковае выданне, ці ўсё ж афіцыйны курс гісторыі міжнароднай дзейнасці беларускага ўрада.

Адназначна даць адказ на гэта не магчыма. Дэталяў, што супярэчаць афіцыйнаму курсу, няшмат – усяго толькі надта ўжо нейтральныя як для афіцыёзу згадкі пра апазіцыйных палітыкаў. Але пры гэтым заўвагаў да выдання як навуковай публікацыі ўзнікае шмат болей. Тэкст чытаецца цяжка, а канцэптуальнага каркасу ці нейкіх сюжэтных лініяў адшукаць мне не ўдалося. Матэрыял арганізаваны вакол лініі, якую ўмоўна можна назваць «шэсце беларускай дыпламатыі і вонкавай палітыкі па планеце, яе поспехі і дробныя цяжкасці». Сам аўтар мяркуе, што «монография написана не в интерпретационном ключе, а в стиле, который более свойствен историкам-фундаменталистам, ставящим в центр рассмотрения реальные события и факты, а не комментарии к ним» (с. 6). Аднак нават простая спарадкаваная хроніка міжнародных сувязяў Беларусі ў кнізе адсутнічае.

Кніга пачынаецца з разгляду тэарэтычных асноваў і гістарыяграфіі. На жаль аўтар не рызыкнуў пайсці далей за паўтор самых агульных ведаў на гэты конт. Напрыклад канцэптуальны падыход у вонкавай палітыцы выражаюць «ацэнка сітуацыі, адэкватная рэфлексія нацыянальных інтарэсаў, падбор сродкаў іх прасоўвання і выпрацоўка стратэгіі» (с. 16). Тут спрачацца няма з чым, але і якая карысць ад такога паўтору. Далей ідзе даволі традыцыйны пералік работ беларускіх навукоўцаў па асноўнай і сумежных тэмах – нацыянальная ідэнтычнасць, нацыянальная гістарычная дактрына. Улаховіч прызнае існаванне некалькіх «недзяржаўных» публікацыяў, які асцярожна называюцца «дыскусійнымі» (с. 21). Але праблема ў іншым. Абвясціўшы намер даследаваць вонкавую палітыку Беларусі ў 1991-2005 гг., аўтар у першым раздзеле раптам пачынае разглядаць публікацыі куды шырэйшага плану – ад Полацкага княства да савецкага часу. Уласна ж апісанню – не аналізу – даследаванняў перыяду незалежнай рэспублікі адводзіцца менш за 8 старонак.

Яшчэ горш выглядае агляд замежных даследаванняў па тэме, дзе кідаецца ў вочы адсутнасць польскіх публікацыяў і вельмі маргінальная ўвага да расейскіх аўтараў.

Улаховіч, наступным чынам, пазначае мэты ўласнага даследавання, «попытаться рассмотреть основные элементы процесса становления и развития внешней политики страны, ее дипломатической истории в первые пятнадцать лет существования (…) обозначить конкретные внешнеполитические принципы концептуального характера, сложившиеся на этом историческом отрезке» (с. 5). На думку Улаховіча, пазначаная тэма «проецирует междисциплинарный подход и, кроме исторического взгляда, требует теоретического анализа» (с. 54). Таму прымяняюцца наступныя «частные методики» – «анализ, сравнение, обобщение, систематизация, прогноз», прытым што «основным был системный метод» (с. 54). Фактычна, гэта ўсё што можна зразумець пра метадалогію даследавання з тэксту.

Ні навукі, ні ідэалогіі

Адна з фундаментальных праблемаў агляданага выдання палягае ў тым, што змешчаны ў ім факталагічны матэрыял надта рознакаліберны. То цэлыя старонкі аддаюцца пад апісанне спробаў распрацоўваць канцэпцыі вонкавай палітыкі – прычым разглядаюцца праекты, што так ніколі і не былі прынятыя, то мільгам – на пару старонак – разглядаецца кардынальны паварот беларускай дыпламатыі ў напрамку развіваных краінаў з 1997 году.

Важныя факты перамяшаныя з банальнасцямі і інфармацыяй пазбаўленай зместу, як то інфармацыя пра чарговыя прэсавыя канферэнцыі міністраў замежных спраў. Побач са згадкай важнага візіту міністра Сянько стаіць анекдатычнае – бо вырванае з кантэксту – апісанне яго пытання нямецкаму калегу, «Ці ёсць для беларускага нейтралітэту месца ў новай Еўропе?». (с. 122-123). Выглядае гэта як наіўнае пытанне настаўніку, а не размова двух міністраў. Дарэчы, Улаховіч увогуле асабліва не спыняецца на людзях, што рабілі вонкавую палітыку краіны. Нават міністры сустракаюцца на старонках кнігі толькі як маргінальныя персанажы, троху больш увагі надаецца цяперашняму міністру Мартынаву, але і яму няшмат. Замены міністраў згадваюцца як дробныя падзеі, у адрозненні ад «круглых сталоў» ці выстаў.

Нават пры павярхоўным праглядзе крыніцаў іх склад выклікае здзіўленне. Толькі 8 з 519 крыніцаў пабачылі свет пасля 2006 года, і нават гэтыя 8 выяўленых намі крыніцаў былі ў асноўным не даследаваннямі, а дакументамі ці інфармацыйнымі публікацыямі. Выніковая лічба ўражвае, але прагляд зместу бязлітасна расчароўвае – мноства публікацыяў складаюць невялікія артыкулы, патлумачыць чымсьці апрача выпадковасці такую выбарку газетна-часопісных артыкулаў у мяне не атрымалася, многія ўключаныя ў спіс буйныя публікацыі згадваюцца толькі мімаходзь і аднаразова.

Кніга звыкла для постсавецкай «дзяржаўнай» навукі пазбаўленая канфліктнасці і любыя згадкі пра супярэчнасці беларускай вонкавай палітыкі ў ёй адсутнічаюць. Пры чытанні перыядычна ўзнікае ўражанне, што гартаеш дайджэст МЗСаўскіх зводак ды данясенняў. Анягож толькі МЗС і можа зрабіць выгляд, што словы міністра Антановіча, маўляў, супраца Беларусі з НАТО ўсё ж развіваецца, сведчаць пра развіццё стасункаў з Захадам на тле поўнай блакады Беларусі з боку заходніх краін пасля рэферэндуму 1996 году.

Мае тэкст і іншыя праблемы – візіты і выказванні цытуюцца фрагментарна; параўнанні знешнепалітычных канцэпцыяў некалькіх краін абмяжоўваюцца параднымі цытатамі з афіцыйных дакументаў; лічбы статыстыкі нярэдка называюцца без указання на час, якога яны датычацца. Статыстыка амаль ніколі не супастаўляецца па розных гадах. Нават перыядызацыя зроблена блякла (с.47): 1991-1994 – «перыяд міжнароднага прызнання»; 1994-2000 – «перыяд развіцця вонкавай палітыкі на аснове прынцыпаў суверэннасці і шматвектарнасці»; і 2000-2005 – «перыяд завяршэння фармавання элементаў, што ўтвараюць асновы вонкавай палітыкі». Фармаванне, далейшае фармаванне і завяршэнне фармавання. Як цікава павінен называцца наступны перыяд?

На фоне пераліку шараговых фактаў, даслоўнага пераказу зместу не самых істотных указаў прэзідэнта ў вочы адразу кідаецца адзінокі, але магутны пасаж. Аказваецца, «к началу 21-го в., несмотря на сложности и проблемы, внешняя политика суверенной Беларуси в значительной степени реализовалась как с точки зрения своей прогрессивно-теоретической функции (был наработан основательный багаж теоретических материалов долгосрочного характера), так и с точки зрения планово-аналитической (разработаны и приняты программные-плановые документы отраслевого и общего характера) и организационно-управленческой функций (был сформирован достаточно эффективный внешнеполитический механизм)» (с. 179).

***

Чым жа карысная кніжка Улаховіча? Перш за ўсё самой смелай пастаноўкай задання што да асэнсавання досведу вонкавых зносінаў незалежнай Беларусі. Выканаць гэтае заданне самому Ўлаховічу амаль не ўдалося, аднак выклік кінуты.

Сумны факт палягае ў тым, што на сёння мы не ведаем ані што было зроблена і робіцца ў рамках вонкавапалітычнага курсу краіны, ані ступені паспяховасці гэтага курсу, ані падставаў для яго вызначэння. Службовая інфармацыя пахаваная ў архівах, адкрытая – у газетных падшыўках, а беларуская дыпламатыя пазбаўленая гісторыі.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...