«Санкцыі працуюць» і «санкцыі эфектыўныя» – гэта розныя пытанні
Раз вакол абыходу санкцыяў адбываецца такая «шуміха», то значыць, санкцыі працуюць, тлумачыць «Белсату» дырэктар інстытуту «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч. Сам механізм дзеіць.
«Але ці будуць санкцыі эфектыўныя, ніхто не ведае, – кажа Казакевіч. – Усё гэта будзе відаць толькі з практыкі ўжывання. Цяпер мы не можам прадказаць, наколькі паслядоўным будзе выкананне санкцыяў з боку Еўразвязу, як не можам і прадказаць, ці змогуць улады Беларусі пераарыентавацца на іншыя рынкі або знайсці схемы ці шчыліны, каб усё роўна гандляваць з Еўразвязам».
Пытанняў, дадае эксперт, пакуль больш, чымся адказаў. Але ў Літве актыўна абмяркоўваюць, як абмежаваць увоз падсанкцыйных тавараў і ўсе магчымасці абыходу санкцыяў. Літва і так увяла дадатковыя абмежаванні ў дачыненні Беларусі, «займае праактыўную пазіцыю».
«Што датычыць іншых краінаў, то шмат што будзе залежаць ад таго, дзе краіна месціцца, – мяркуе палітолаг. – Краіны, якія перажылі цягам гэтага года рэальныя пагрозы сваёй бяспецы з боку Беларусі, найперш праз міграцыйны крызіс, Літва і Польшча, але таксама і Латвія, будуць больш заклапочаныя праблемамі ў Беларусі, больш паслядоўныя ў санкцыях. Далёкія краіны, напэўна, будуць значна менш матываваныя».
Казакевіч адзначае: шмат што залежыць і ад таго, наколькі змогуць адстойваць сваю пазіцыю найбольш уцягнутыя ў канфлікт краіны, наколькі здолеюць дамагчыся паслядоўнай палітыкі на еўрапейскім узроўні.