Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў 2018 годзе не адбудзецца.

З лістапада 2017 года па ініцыятыве Арганізацыйнага камітэта, прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці, дзяржаўных органаў і іншых зацікаўленых бакоў, вялася падрыхтоўчая праца па правядзенні Кангрэса ў Беларусі. Цягам апошніх сямі месяцаў праходзілі плённыя і насычаныя кансультацыі з Беларускім дзяржаўным універсітэтам, Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, прадстаўнікамі акадэмічнай супольнасці, грамадскіх арганізацый і іншымі зацікаўленымі бакамі.

Разам з тым, абмеркаванне тэхнічных дэталяў выявіла значную колькасць арганізацыйных складанасцяў. Відавочна, правядзенне Кангрэсу на высокім арганізацыйным узроўні з узгадненнем інтарэсаў усіх бакоў патрабуе значна большага часу ды арганізацыйных захадаў, і не можа быць рэалізаваным у гэтым годзе.

Мы выказваем удзячнасць усім акадэмічным установам, дзяржаўным органам і грамадскім структурам, якія фармальна і нефармальна падтрымлівалі Арганізацыйны камітэт у яго імкненні ўпершыню правесці Кангрэс у Беларусі. Мы таксама разумеем, што многія тэхнічныя і арганізацыйныя перашкоды маюць аб’ектыўны характар і мы не бачым у іх палітычнага падтэксту.

У адпаведнасці з вызначанай раней канцэпцыяй, Арганізацыйны камітэт мае планы правесці наступны Міжнародных кангрэс даследчыкаў ў 2019 годзе за межамі Беларусі і будзе працаваць над падрыхтоўкай Кангрэса ў Беларусі ў 2020 годзе.

У 2018 годзе плануецца толькі наданне Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі за лепшыя навуковыя публікацыі па вынікам 2017 года. Дэталі стануць вядомымі неўзабаве.

З павагай,

Андрэй Казакевіч,

старшыня Арганізацыйнага камітэту.

 

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...