Шаноўныя калегі!
Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае збор індывідуальных заявак на ўдзел у юбілейным 10-ым Кангрэсе, які адбудзецца з 30 верасня па 2 кастрычніка 2022 года ў Коўне (Літва).
У 2022 годзе праца Кангрэса будзе адбывацца па 13-ці даследчых накірунках, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыя, міжнародныя адносіны і паліталогія, сацыялогія, лінгвістыка, літаратуразнаўства і іншыя.
Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй Беларусі, у працы якой прымаюць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання грамадства, палітыкі і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з‘яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмену думкамі і ідэямі, усталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і іншых краін.
Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў, а таксама спрыянне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічных асяродках краіны, рэгіёну і свету.
Для таго каб прыняць удзел у Кангрэсе ў якасці выступоўцы неабходна запоўніць АНЛАЙН-ФОРМУ і прадставіць тэзісы памерам 2-4 тыс. знакаў. Дэдлайн – 15 мая 2022 года.
Для ўдзелу ў Кангрэсе дазваляецца запаўненне толькі адной заяўкі, выступаць з двума дакладамі немагчыма.
У знак падтрымкі Украіны, якая гераічна супраціўляецца расійскай вайсковай агрэсіі, усе удзельнікі з Украіны і ўкраінцы, якія з-за вайны вымушаны былі пакінуць сваю краіну, вызваляюцца ад аплаты рэгістрацыйнага ўнёску. Ад унёску таксама вызваляюцца ўдзельнікі з Беларусі і беларусы, якія пацярпелі ад вайны ва Украіне ці палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі, як і тыя, хто заняў прынцыповую пазіцыю па гэтых пытаннях.
Збор заявак на ўдзел у Кангрэсе гасцей і журналістаў, а таксама на арганізацыю прэзентацый навуковых, культурных, выдавецкіх праектаў і г.д. будзе аб’яўлены пазней.
З павагай,
Арганізацыйны камітэт