Як сыдуць рэжымы ў Расеі і Беларусі, якія сыходзіць ня хочуць. Прагноз палітоляга

Як для Расеі і Беларусі можа скончыцца ўкраінская вайна? Якім чынам могуць рэальна адбыцца зьмены ў Расеі і ў Беларусі? Ці можна ўжо сёньня ўявіць мэханізм гэтых зьменаў? Пра гэта і пра іншае разважае дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра», доктар паліталёгіі Андрэй Казакевіч.

Сьцісла

  • Ваенная параза ва Ўкраіне створыць істотныя выклікі і рызыкі для ўлады Пуціна і той палітычнай сыстэмы, якая цяпер склалася ў Расеі.
  • Уладу ў Расеі ня зьменяць ні пераварот, ні бунт. Самы верагодны сцэнар зьменаў у гэтай краіне — рэвалюцыя зьверху.
  • Калі стане зразумела, што Расея праз вайну ня можа аднавіць імпэрыю, што сытуацыя тупіковая і яе трэба мяняць, наладжваць дачыненьні з Захадам, тады можа нешта зьмяніцца.
  • Эканамічнага каляпсу ў Расеі чакаць ня варта.
  • Калі санкцыі супраць эканомікі Беларусі будуць заставацца, то спачатку будзе скарачэньне ВУП, крызіс у асобных галінах, эміграцыя і, як вынік, стагнацыя.
  • Беларусь ня можа ператварыцца ў Паўночную Карэю, якая існуе пры падтрымцы Кітаю. Без падтрымкі Расеі рэжым у Менску зьнікне вельмі хутка.
  • Найбольш адпаведны сцэнар зьменаў у Беларусі: перамовы, дасягненьне пагадненьня і новыя выбары.

«Расею чакае рэвалюцыя зьверху»

— Цяпер шмат хто прадказвае хуткае падзеньне рэжыму Пуціна ў Расеі ў выніку няўдалай вайны ва Ўкраіне. Але іншыя аналітыкі ня бачаць простай сувязі паміж паразай ва Ўкраіне і сыходам Пуціна. Да якой катэгорыі вы адносіце сябе?

— Відаць, ні да першай, ні да другой. Я не лічу, што такія рэчы можна прадказаць. Адзінае, што можна сказаць пэўна, — ваенная параза ва Ўкраіне створыць істотныя выклікі і рызыкі для ўлады Пуціна і той палітычнай сыстэмы, якая цяпер склалася ў Расеі. Рэакцыя Крамля на гэтыя выклікі можа быць розная, ён можа даць ім рады, а можа, яны прывядуць да сур’ёзных зьменаў.

— Калі я думаю пра патэнцыйныя зьмены ў Расеі, то лаўлю сябе на думцы, што не магу ўявіць рэальны працэс ці рэальны мэханізм гэтых зьменаў. Шмат хто гаворыць пра пераварот. Іншыя, пераважна дэмакратычныя расейскія актывісты ў замежжы, гавораць пра нейкае перазаснаваньне Расеі. Але ў рэальнасьці, улічваючы складанасьць і маштаб гэтай краіны, усе варыянты выглядаюць неяк сумнеўна. Якім, на вашу думку, можа быць мэханізм зьмены ўлады ў Расеі — бунт, рэвалюцыя зьверху, пераварот, эканамічны крах ці нешта яшчэ?

— Мэханізмаў ня так шмат. Большасьць вы пералічылі. Скажам, бунт. Выключаць яго немагчыма, ён адбываецца спантанна ад таго, што нейкія праблемы ў краіне, напрыклад эканамічныя, выходзяць на паверхню. Але цяпер мы ня бачым сацыяльнай базы для такога бунту. Мы таксама ня бачым, што ўлада ў Расеі для такога бунту дэлегітымізаваная, што там людзі не давяраюць кіраўніцтву. Наадварот, сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што рэйтынгі ўлады максымальныя. Але калі грамадзтва будзе стамляцца, а сытуацыя зацягвацца, то і ляяльнасьць будзе зьмяншацца. Але ў цяперашні момант гаварыць пра бунт не выпадае.

Пераварот — таксама зьява непрадказальная і ў сучасным сьвеце вельмі рэдкая. Калі мы паглядзім на сучасную палітычную мапу сьвету, то толькі ў Афрыцы гэты мэханізм зьмены ўлады неяк працуе. Але там дзяржавы зусім іншыя і значна слабейшыя, чым у іншых рэгіёнах плянэты.

Калі ж думаць, што ў Расеі адбудзецца пераварот і частка палітычнай эліты возьме на сябе адказнасьць за замену Пуціна, то гэты варыянт выглядае малаверагодным, асабліва ў сытуацыі, калі Пуцін застаецца вельмі папулярным. Можа, празь нейкі час, калі яго рэйтынг упадзе, скажам, да 20 працэнтаў, а недавер будзе большы за 50, то, можа, такая група і зьявіцца. Але пакуль што ніякіх палітычных падставаў для гэтага няма.

Таму застаецца рэвалюцыя зьверху. Гэта базавы сцэнар. У Расеі ён ужо таксама быў рэалізаваны аднойчы — гэта перабудова ў СССР. Было такое і ў іншых краінах, напрыклад у Іране, калі ён адкрываўся ў 90-я гады і адбываліся зьмены зьверху. Можна згадаць і Бірму, дзе з канца 1980-х гадоў не было фактычна выбараў, але ў 2008 годзе, каб зьняць санкцыі і аслабіць зьнешнепалітычную ізаляцыю, вайсковы рэжым правёў выбары і пачаў лібэралізацыю, якая згарнулася, як мы ведаем, на пачатку 2021 году.

Такіх прыкладаў шмат, таму гэты сцэнар дастаткова верагодны. Але зноў жа, для яго павінна быць пэўная стомленасьць. Гэта ніколі не адбываецца, калі і краіна, і эліты поўныя адрэналіну, калі яны лічаць, што нешта можна вырашыць на полі бою і пакуль рэсурсаў хапае.

А вось калі пачне зьяўляцца стомленасьць, калі стане зразумела, што Расея праз вайну ня можа аднавіць імпэрыю, і сытуацыя тупіковая і трэба яе мяняць, наладжваць дачыненьні з Захадам, а значыцца, патрэбная нейкая лібэралізацыя, — то тады можа нешта зьмяніцца.

Можна згадаць, што тэракт 11 верасьня 2001 году дапамог многім аўтарытарным лідэрам наладзіць больш-менш нармальныя стасункі з Захадам. Напрыклад, Кадафі. Або сытуацыя ва Ўкраіне ў 2014 годзе дазволіла Лукашэнку пачаць лібэралізацыю і актывізаваць дачыненьні з Захадам.

Магчыма, і ў Расеі нейкая падзея дапаможа эліце без асаблівых стратаў аднойчы пачаць такі працэс. Але яшчэ раз паўтару. Для таго, каб гэта адбылося, патрэбная стомленасьць, па-першае, і, па-другое, разуменьне правалу, разуменьне, што такім чынам ты імпэрыю не пабудуеш.

— І яшчэ застаецца эканоміка. Наколькі расейская эканоміка ўстойлівая перад міжнароднымі санкцыямі?

— Так, эканоміка таксама. Але яе я ўключаю ў фактар стомленасьці. Я ня веру, што магчымы эканамічны каляпс, у гісторыі гэта вельмі рэдкія зьявы, асабліва яны рэдка здараюцца, калі іх чакаюць улады, а Расея іх чакае і прадумвае варыянты. Я думаю, што расейская эканоміка будзе разьвівацца па іранскім сцэнары — гэта абмежаваны рост, вялікая колькасьць сацыяльных праблем, скарачэньне магчымасьцяў і пагаршэньне ўмоваў для бізнэсу, але не абвальны, рэзкі спад.

Але стагнацыя, эміграцыя будуць важнымі фактарамі стамленьня ад праблем. І, напэўна важным фактарам, які прывядзе расейскія эліты да разуменьня, што цяжар імпэрыі занадта вялікі для сучаснай Расеі, трэба яго неяк пераразьмеркаваць і ад часткі амбіцый адмовіцца.

«Санкцыі супраць Беларусі ўжо працуюць вельмі моцна»

— Як бы вы ацанілі дзеяньне міжнародных санкцый, накладзеных на рэжым у Менску? Раней, яшчэ месяц-паўтара назад, некаторыя аналітыкі даволі аптымістычна разважалі пра стан эканомікі Беларусі, нягледзячы на санкцыі. Але ў апошнія дні нават яны загаварылі пра «ідэальны шторм», які паступова накрывае эканоміку краіны. Ці працуюць санкцыі і калі яны спрацуюць?

— Яны ўжо працуюць. Эканамічныя страты бачныя. Дастаткова паглядзець, якая частка беларускага экспарту адпадае. Гэта ня 5 ці 10, гэта 20 і больш працэнтаў. Нешта будзе пераразьмеркавана на іншыя рынкі, нешта дойдзе да ранейшага спажыўца па вакольных шляхах, але так ці іначай гэта вельмі істотныя страты.

Ёсьць страты і ў іншых, апрача экспарту, сфэрах. Напрыклад, мы ведаем, што многія кампаніі сыходзяць зь Беларусі — некаторыя робяць гэта публічна, некаторыя не. З ІТ-сэктарам складаная сытуацыя, многія кампаніі ўжо ня могуць працаваць у Беларусі, нягледзячы на тое, што з эканамічнага пункту гледжаньня гэта выгадна.

Прычынаў такога стану шмат. Спажыўцы ня хочуць, каб прадукцыя выраблялася ў несвабоднай краіне ці краіне-агрэсары, замежныя кампаніі забараняюць выкарыстоўваць на тэрыторыі Беларусі свой софт, і г. д.

Тое самае тычыцца і тэхналёгій. Развагі пра імпартазамяшчэньне можна пад увагу ня браць. У 2021 годзе выдаткі Беларусі на навуку і распрацоўкі былі ў раёне 300–400 млн даляраў. У Эўразьвязе гэта каля 300 млрд. Нават у Расеі гэтая лічба каля 14 млрд даляраў. А яшчэ ж ёсьць ЗША і Японія. Так што тут няма чаго супастаўляць. Мы ня можам канкураваць, мы можам толькі красьці.

Так што калі санкцыі будуць заставацца, дык двух варыянтаў быць ня можа. Спачатку будзе скарачэньне ВУП, крызіс у асобных галінах, эміграцыя і, як вынік, стагнацыя.

Згадаю, што на працягу дзесяцігодзьдзя да 2020 году сярэдні эканамічны рост у Беларусі складаў каля 1% у год, і гэта пры тым, што былі нядрэнныя стасункі з Расеяй і нядрэнныя стасункі з Эўропай і ЗША. Таксама праводзіліся некаторыя рэформы, якія дазвалялі разьвівацца прыватнаму бізнэсу і ІТ-сэктару. Ва ўмовах санкцый і скарачэньня рынку нават такога росту дамагчыся нерэальна.

«КНДР зь Беларусі не атрымаецца»

— Уявім сабе сыход пуцінскага рэжыму ў Расеі. Шмат хто кажа, што вельмі хутка за ім пойдзе і рэжым у Менску. Але можна пачуць і думкі пра тое, што прамой сувязі тут няма, маўляў, Паўночная Карэя існуе шмат дзесяцігодзьдзяў як краіна-канцлягер, тэрарызуе свой народ, і рэжым там неяк трымаецца. Ці ня здарыцца такое зь Беларусьсю?

— Усё ж Паўночная Карэя мае вельмі моцнага і багатага спонсара ў выглядзе Кітаю. Беларусі будзе ў такой сытуацыі вельмі складана, бо з усіх бакоў будуць несяброўскія краіны, які маюць рахункі да Лукашэнкі. Пасьля вайны да іх далучыцца і Ўкраіна, якая лічыць яго суагрэсарам.

Таму я думаю, што ў такім выпадку зьмены будуць вельмі хуткія, бо Расея — асноўны спонсар беларускай эканамічнай і палітычнай мадэлі, а эканамічная залежнасьць менскага рэжыму ад Расеі вельмі высокая і можа яшчэ больш вырасьці ў выніку цяперашняга крызісу.

Але і палітычная залежнасьць цяпер вельмі высокая. Нават калі Расея проста перастане падтрымліваць Беларусь на зьнешнепалітычнай арэне, на інфармацыйнай прасторы, то будзе вельмі дрэнна. Уявім сабе, што расейскія мэдыя пачалі казаць, што Лукашэнка дрэнны прэзыдэнт, пачнуць успамінаць ягоны гвалт над людзьмі, то і яго падтрымка пачне вельмі хутка распадацца.

Думаю, што нават у межах сілавога боку са стратай падтрымкі Расеі адбудуцца зьмены. Бо нават калі паглядзець перахопы іх размоваў 2020 году і розныя інтэрвію асобаў з гэтага асяродзьдзя, то там такая лінія праходзіць: калі што — Расея дапаможа, пашле войскі і г. д. А калі нешта пойдзе ня так, то мы зможам туды зьехаць і працягваць жыцьцё там. А калі гэтыя каналы зьнікнуць, то людзі хутка пачнуць думаць, што трэба нешта сур’ёзна мяняць.

«Найбольш верагодны сцэнар зьменаў у Беларусі — новыя выбары»

— І, адпаведна, пытаньне пра верагодны мэханізм зьменаў у Беларусі. Як яны могуць адбыцца? Вось ёсьць улада Лукашэнкі, якая ня хоча сыходзіць, кажа, што яна законна абраная, што мае падтрымку большасьці народу і г. д. Куды яна можа падзецца і як?

— Ні бунт, ні ўсеагульны страйк уладу не здымае. Трэба, каб у кабінэт прыйшлі адны людзі, а тыя, што там знаходзяцца, сышлі. Ці іх сышлі. Тут варыянтаў два. Па-першае, гвалт, калі нехта прыходзіць і выкідае папярэднікаў з кабінэту. Другі — перамовы і дамоўленасьць, што ўлада мяняецца. Як мне здаецца, другі варыянт для Беларусі больш падыходзіць, бо я ня бачу магчымасьцяў для сілавога ці збройнага процістаяньня. Для гэтага павінны быць адпаведныя структуры. Некаторыя структуры цяпер ствараюцца, найперш ва Ўкраіне. Але пытаньне, наколькі яны будуць адчуваць сытуацыю ўнутры краіны, застаецца адкрытым.

Так што можна разглядаць сцэнар, калі ў выніку крызісу, калі Расея спыняе палітычную і эканамічную падтрымку, Лукашэнка будзе вымушаны правесьці выбары. Гэта тое, чаго патрабуюць ЗША і Эўразьвяз. У свой час так зрабіў Піначэт, калі быў вымушаны пачаць дэмакратызацыю, і многія іншыя лацінаамэрыканскія дыктатары.

А перад гэтымі выбарамі павінна быць дасягнута нейкае пагадненьне. Напрыклад, Беларусь-Эўразьвяз, дзе прапісаная пэўная канфігурацыя зьменаў. Выбары адбываюцца больш-менш дэмакратычна, і іх вынікі прызнаюцца.

Пры гэтым выбары могуць быць нават не прэзыдэнцкія, могуць быць парлямэнцкія. Напрыклад, у 2024 годзе ў Беларусі заплянаваныя парлямэнцкія выбары.

Крыніца

Check Also

«Это скорее встречи заговорщиков, решивших перевернуть мир». Почему Лукашенко внезапно полетел к Путину?

Почему президент России игнорирует поездки в Беларусь? 23 июня Александр Лукашенко вылетел в Россию для общения с Владимиром ...