Абнаўленне 17.05.2022: “Нямецкая хваля” апублікавала падсумаванне дыскусіі пра стан гістарычнай навукі ў Беларусі, прапануем вам азнаёміцца!
10 мая 2022, 16.00, ZOOM.
Мадэратары: Аляксей Ластоўскі, Андрэй Казакевіч.
Удзельнікі: Алег Дзярновіч, Алесь Краўцэвіч, Ірына Раманава.
Дыскусія ладзіцца ў рамках падрыхтоўкі юбілейнага 10-ага Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі і стане першай з цыклу абмеркавання стану сацыяльных і гуманітарных навук ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі і вайны ва Украіне.
Гісторыкі і гістарычная навука не існуюць у палітычным вакууме, іх развіццё і творчую дзейнасць вызначаюць актуальныя грамадскія падзеі. За апошнія гады Беларусь і Цэнтральна-Усходняя Еўропа перажылі рэвалюцыйныя змены, якія істотна павысілі цікавасць да беларускіх даследаванняў, і разам з тым сфармавалі новыя выклікі.
Палітычныя рэпрэсіі супраць навукоўцаў, новыя міжнародныя магчымасці, санкцыі супраць Беларусі, вайна Расіі ва Украіне – тэмп грамадска-палітычных зменаў ашаламляе і патрабуе асэнсавання, патрабуе і новай ступені адказнасці для гісторыкаў як навукоўцаў, інтэлектуалаў і грамадзян.
На дыскусіі прапануецца абмеркаваць наступныя праблемы:
– Што адбылося з беларускімі гісторыкамі і гістарычнай навукай ва ўмовах палітычнага крызісу і вайны ва Украіне?
– Наколькі разбуральнымі былі дзеянні дзяржавы ў дачыненні навукоўцаў ва ўмовах палітычнага крызісу, як гэта паўплывала на працу гістарычнай супольнасці ў дзяржаўных і недзяржаўных інстытутах?
– Як уплывае на беларускую гістарычную навуку змены ў гістарычнай палітыцы і ўзмацненне расійскага ўплыву на дзяржаўную ідэалогію?
– Ці існаванне навукі ў выгнанні можа быць эфектыўным? Наколькі дзейсныя праграмы дапамогі, наколькі эфектыўныя альтэрнатыўныя інстытуцыі?
– Якім мусіць быць адказ беларускай гістарычнай навукі на вайну ў Украіне? Як захоўваць беларуска-украінскае паразуменне сярод гісторыкаў?