Заснаванне Прэміі Кангрэса за найлепшую нямецкамоўную манаграфію на беларускую тэматыку

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі абвяшчае пра заснаванне чарговай ганаровай Прэміі за найлепшую манаграфію на беларускую тэматыку – на гэты раз для нямецкамоўных аўтараў. У 2015 годзе надавалася ганаровая прэмія за англамоўную манаграфію (яе атрымала Маргарыта Бальмацэда), у 2016 годзе – за найлепшую польскамоўную манаграфію (узнагароджана Анна Энгелькінг).

Падсумаванне вынікаў конкурса сярод нямецкамоўных манаграфій запланавана падчас VII Міжнароднага Кангрэса даследчыка Беларусі, які будзе адбывацца 15-17 верасня 2017 года ў Варшаве.

Ганаровыя прэміі за іншамоўныя манаграфіі прадугледжваюцца для замежных даследчыкаў, якія не звязаныя ні паходжаннем, ні акадамічнай кар’ерай з Беларуссю.

У Германіі існуе сталая акадэмічная зацікаўленасць беларускай праблематыкай, што выяўляецца ў існаванні корпуса даследаванняў, тэматычных семінараў і канферэнцый, стыпендыяльных праграмаў, перакладаў. Адмыслова можна вылучыць выдавецкую серыю па гісторыі Беларусі, якую каардынуе Томас Бон (дзе выходзілі працы і беларускіх гісторыкаў). На беларускую мову перакладаліся фундаментальныя працы нямецкіх гісторыкаў Бернгарда К’яры, Райнэра Лінднэра, Томаса Бона, якія былі заўважнымі і інтэграванымі ў беларускую навуку. Стварэнне Прэміі для нямецкамоўных манаграфій мусіць падтрымаць і пашырыць ужо наладжаныя акадэмічныя сувязі, паспрыяць лепшаму веданню найноўшых даследаванняў і распрацовак на беларускую праблематыку ў Германіі.

Плануецца, што Прэмія будзе насіць ганаровы характар, гэта азначае, што не прадугледжваецца фінансавае ўзнагароджанне аўтару.

Для разгляду прымаюцца нямецкамоўныя манаграфіі, якія датычаць беларускай праблематыкі, што выйшлі на працягу 2011-2016 гадоў. Просьба дасылаць намінацыі на адрас: [email protected] да 30 траўня 2017 года.

Склад экспертных радаў

Check Also

Новае даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі

Інстытут «Палітычная сфера» прадстаўляе даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі, прысвечанае помнікам, мемарыяльным дошкам, памятным ...