Шукаючы беларускую Гародню

 

Чарнякевіч_вокладкаЧарнякевіч, Андрэй (2015). Нараджэнне беларускай Гародні. Мінск: Выдавец А.М. Янушкевіч, 172 с.

Агляд падрыхтаваў Андрэй Вашкевіч

 Гродна адыгрывае ў беларускім нацыянальным дыскурсе досыць неадназначную ролю. Горад, які ў канцы ХІХ і ў пачатку ХХІ стагоддзяў прынамсі паводле нацыянальнага складу быў адным з самых “небеларускіх” гарадоў нашай краіны (у 2009 г. беларусы складалі 62% яго жыхароў (Численность населения…)), даўно заслужыў ганаровую назву “Другой сталіцы Беларускай Народнай Рэспублікі” і адной з “калысак” сучаснага беларускага палітычнага нацыяналізму. Аднак, нягледзячы на гэта, згадак пра беларускі рух у Гродне ў навуковай літаратуры надзвычай мала. Найбольш пладавітым даследчыкам беларускага Гродна з’яўляецца кандыдат гістарычных навук Андрэй Чарнякевіч. Рэцэнзаваная кніга з’яўляецца працягам і, у нейкай ступені, лагічным завяршэннем доследванняў якія ён пачаў яшчэ напрыканцы ХХ ст (Чарнякевіч, 1999; Чарнякевіч,2003; Чарнякевіч, 2014).

Кніга ахоплівае адрэзак часу ад пачатку ХХ ст. да Другой Сусветнай вайны, хаця некаторыя сюжэты, напрыклад, прысвечаныя Рыгору Шырме або Браніславу Ржэўскаму,  датычаць пасляваенных гадоў. Удумлівы і дасведчаны чытач на старонках кнігі не знойдзе нічога “правакацыйнага” і “інтрыгуючага”.

Бадай уся кніга Андрэя Чарнякевіча – гэта хроніка цяжкай, самаадданай і часта безнайдзейнай барацьбы за ўтварэнне самастойнай беларускай дзяржаўнасці, правы беларускай мовы і беларускай культуры. Аднак у гэтым, на нашу думку, і заключаецца галоўная перавага даследвання. Беларускі рух у ёй паказаны не як шэраг гераічных актаў, а як напружаная праца ў якой вырашальную ролю адыгрывалі не палітыкі першай лініі, а шараговыя працаўнікі: настаўнікі, акцёры, выдаўцы, выхавацелі, сёння амаль забытыя.

Слаба абгрунтаваным будзе закідаць  аўтару, што насамрэч беларуская Гародня існавала пачынаючы з Х ст. і ніяк не магла “нарадзіцца” сто гадоў таму разам з першым гродзенскім гуртком беларускай моладзі (Верас, 2013). У пачатку прадмовы да кнігі А. Чарнякевіч ясна кажа: “беларускасць у Гародні на ўзроўні этнічных прыкметаў заўсёды была з’явай натуральнай” (с. 6), але добра зразумела, што ў кнізе размова ідзе пра станаўленне мадэрнага беларускага нацыяналізму (Hobsbawm, 1990). Скажам больш, аўтара цікавяць не столькі галабальныя працэсы “нацыяналізацыі” шырокіх мас беларускага насельніцтва, колькі прыход да беларускай справы асобных людзей і тое, як гэта адбілася на іх асабістых лёсах.

Аўтар, углядаючыся ў асобнага чалавека, ці тое прэм’ер-міністр БНР, ці тое шараговы актывіст Таварыства Беларускай школы, сам для сябе спрабуе знайсці адказ на пытанне, што штурхала досыць паспяховых людзей на малаперспектыўную і часта небяспечную дарогу барацьбы за беларускую дзяржаўнасць. І матывацыю сваіх пошукаў аўтар падае цікавую: “я ведаю сёньняшнюю беларускую Горадню, грамадзкіх, палітычных дзеячаў. І гэта падштурхоўвала паглядзець у мінуўшчыну. Пашукаць карані тых нашых падзей, у тым ліку і праблем”.

Кніга складаецца з дзевяці раздзелаў і пабудавана паводле тэматыка-храналагічнага прынцыпу. Радзел І называецца проста: “Першыя крокі”. Цэнтральная тэма раздзела – гродзенскі гурток беларускай моладзі, які існаваў з 1909 па 1913 гг. Тут жа згадваюцца падзеі Першай Сусветнай вайны, знакавыя для ўсяго беларускага руху хаця б тым, што менавіта пасля заняцца горада немцамі тут з’яўляецца перашая беларуская школа (вясна 1916 года).

Другі раздзел “Прытулішча выгнанцаў” прысвечаны знаходжанню ў Гродне ўрада БНР на чале з Антонам Луцкевічам. Гэты кароткі (з канца 1918 да вясны 1919 гг.), але вельмі важны перыяд, сфармаваў найбольш трывалую частку таго, што лічыцца беларускім Гроднам, паколькі ў гэты час ваколіцы горада былі апошнім кавалкам беларускай зямлі, дзе не нейкі час затрымаліся ўстановы БНР.

Мы не будзем праводзіць наўпроставыя паралелі паміж Гродна і Вільняй або Львовам тых месяцаў, але адзначым, што як і гэтыя гарады Гродна стаў арэнай барацьбы некалькіх нацыянальных праектаў – беларускага, польскага, літоўскага. Важны момант, які падкрэслівае аўтар, што хаця польскі праект у выніку перамог і Гродна на два дзесяцігоддзі ўвайшоў у польскую дзяржаву, аднак гэтая перамога была вынікам вельмі актыўнай дапамогі звонку. Мясцовыя палякі ўзяць уладу ў горадзе самастойна так і не змаглі. Па-сутнасці працягам гэтага радзела з’яўляецца і наступная частка “Першы беларускі полк”.

Далейшыя шэсць раздзелаў ахопліваюць вельмі кароткі адрэзак – менш чым дваццаць гадоў. Аўтар расказвае пра самыя розныя накірункі развіцця беларускай справы – ад узброенай барацьбы ў шэрагах антыпольскай беларуска-літоўскай партызанкі, у якую былі моцна заангажаваны беларускія эсэры і да культурнай працы ў Грамадзе Беларускай Моладзі і Беларускім тэатры пры Таварыстве Беларускай Школы. У кантэксце вывучэння культурых аспектаў беларускага нацыянальнага руху цікавасць выклікае шосты раздзел кнігі пад назвай “Беларускі культурніцкі праект”. Знаёмства з ім схіляе да высновы, што адной з найбольшых праблем развіцця беларускага нацыянальнага руху ў першай палове ХХ ст. было яскравае дамінаванне палітычнай рыторыкі над рыторыкай культурнай.

Пачынаючы асабліва з сярэдзіны 1920-х гг. беларуская культура ўспрымалася збольшага як сродак для прапаганды класавых каштоўнасцей і радыкалізацыі беларускіх мас у прасавецкім ключы. Гэта прыводзіла з часам да пачварных метамарфозаў такіх аўтарытэтных раней і уплывовых арганізацый, як ТБШ, і імклівага іх памірання. У асабліва складаным становішчы аказваліся мясцовыя беларускія актывісты не толькі Гродна, але і бліжэйшых мястэчак і вёсак. Любая праява іх культурнай працы пачынала ўспрымацца польскімі ўладамі выключна як палітычная прапаганда, а польскія адміністрацыйныя ўлады часцяком бачылі толькі тое, што ім было зручна бачыць.

Андрэй Чарнякевіч пакідае перад чытачамі адкрытае пытанне: у чым жа мітычная беларускасць горада над Нёмнам? Бо беларускую мову значна прасцей пачуць у Маладзечне ці Баранавічах, а сёння Магілёў і Віцебск даўно абыйшлі Гродна па ліку рэалізаваных у гады незалежнасці праектаў па адбудове культурна-нацыянальнай спадчыны.

Як падаецца аўтару гэтага водгука, адказ крыецца, як гэта ні дзіўна, у шматнацыянальнасці Гродна. У асяроддзі вялікага горада, які хаця і вельмі сціпла, але ўсё такі змог захаваць у ХХ ст. неперарваную традыцыю гарадской культуры (што можна сказаць далёка не пра кожны горад нашай краіны) беларусы хутчэй пачыналі будаваць сваю ідэнтычнасць, чым у месцах з менш стракатым нацыянальным складам. Але і тут развіццё беларускага руху мела свае асаблівасці, якія добра сфармуляваў аўтар: “Беларускасць у Гародні паўставала не як сума аб’ектыўных якасцей, а хутчэй у выглядзе кансалідаванага нонкамфармізму, як адмова ад наяўных нацыянальных праектаў. Прычым для тых асоб, якія сталіся авангардам і ўзялі на сябе абавязак па фармаванні гэтай ідэнтычнасці. Сама адмова мела падвойны характар. Яны не толькі выступілі супраць сваіх апанентаў па палітычнай барацьбе. Яны, перш за ўсё, выйшлі за межы сялянскай супольнасці, дзе нацыянальная ідэя ў сучасным выглядзе аб’ектыўна не магла паўстаць” (с.59).

Беларускія дзеячы, не падмацаваныя фінансавымі і іншымі рэсурсамі мяшчан і прадпрымальнікаў (беларусаў сярод іх амаль не было) знаходзіліся ў пастаянным замкнутым коле спробаў вярнуцца ў вёску, нацыяналізаваць яе, але зрабіць гэта ў мадэрнай польскай дзяржаве, а тым больш у СССР, дзе “нацыянальнае” ўспрымалася толькі як форма “сацыялістычнага”, было вельмі складана, амаль немагчыма. Тым больш, што беларускія актывісты ўсё ХХ ст. знаходзіліся “пад прыцэлам” любой улады і досыць актыўна вынішчаліся.

Аўтар не закранае падзеі, звязаныя з беларускім рухам у Гродне ў апошнім дзесяцігоддзі ХХ і пачатку ХХІ стст., кажучы толькі, што яны “поўныя драматызму і супярэчлівыя” (с. ). Але з усяго папярэдняга кантэксту кнігі вынікае, што і іх аўтар успрымае як частку працэса “нараджэння беларускай Гародні”, які дасюль працягваецца.

Аўтар водгука цалкам падзяляе гэтую прыхаваную думку аўтара. І гэта нягледзячы на амаль чвэрць стагоддзя існавання незалежнай беларускай дзяржавы. Дарэчы цяпер у беларускіх дзеячоў упершыню за шмат гадоў з’явілася шырокае поле для працы – шматтысячная маса гарадскога насельніцтва, якая прынамсі па саманазве вызначае сябе як беларуская. Відавочна, што “беларусізаваць” яе метадамі і падыходамі пачатку ХХ ст. ужо не атрымаецца, аднак сціплыя праявы некалькіх апошніх гадоў дазваляюць выказаць асцярожную надзею, што “мода” на беларускасць як варыянт самараскрыцця і індывідуальнасці (што асабліва важна ў шматтысячным і шматпавярховым горадзе) яшчэ адыграе не апошнюю ролю ў жыцці Гродна. Праўда цяпер перад беларушчынай стаяць іншыя, больш глабальныя, выклікі, але гэта ўжо тэма для іншых кніг.

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

  1. Верас, Зоська (2013). Я помню ўсё. Успаміны, лісты. Гародня- Wrocław: «Гарадзенская бібліятэка».
  2. Чарнякевіч. А (1999). Гарадзенскія апосталы. Беларускі нацыянальны рух у Гродна ў 1918-1920 г. Гродна: Грамадскае аб’яднанне “Ратуша”.
  3. Чарнякевіч. А (2003). Постаці беларускага нацыянальнага руху ў Гродне 1909-1939: біяграфічны даведнік. Мінск.
  4. Чарнякевіч. А (2014). “Айчына пад страхою. Гродна як лакальны асяродак беларускага нацыянальнага руху”, ARCHE, № 7-8: 221-248.
  5. Численность населения Гродно. URL (доступ 22.02.2016): http://www.grodno.by/grodno.html
  6. Hobsbawm, Eric (1990). Nations and Nationalism since 1780. New York: Cambridge University Press.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...