Актуальны сёння дысідэнт і прэзідэнт

havel_vaclau_zyccio_u_praudzie_вокладкаВацлаў Гавэл (2014). Жыццё ў праўдзе. Эсэ і прамовы / пераклад з чэшскай Сяргей Сматрычэнка, Юлія Сматрычэнка. Вільня: Логвінаў, 396 с.

Агляд падрыхтаваў Андрэй Ціхаміраў

Пераклад бывае вельмі няўдзячнай справай. Людзі, якія ведаюць некалькі моваў часта не патрабуюць перакладу, бо адчуванне сэнсу напісанага для іх не патрабуе даслоўнага тлумачэння. Проста яны ведаюць нюансы мовы і «жывуць» у кожнай з іх. Для людзей, якія ведаюць толькі адну мову, пераклады – гэта вакно на іншы свет і на іншае светаўспрыманне. Пераклад для іх – гэта не толькі пераказ сэнсу, але таксама шанец на ўзбагачэнне ўласнай мовы і набліжэнне да іншай культуры.

Перакладчыкі не толькі тлумачаць, яны таксама пераствараюць сэнс. Як на мяне, то самым вялікімі дарам перакладчыка з’яўляецца мастацтва перадачы сэнсу такім чынам, каб тэкст аўтара загучаў на чужой для яго мове арганічна, каб чытач не мог зразумець, што гэты тэкст быў пачаткова напісаны чужой для яго мовай.

Перакладчыкі кнігі прамоваў і эсэ Вацлава Гавэла Сяргей Сматрычэнка і Юлія Сматрычэнка выдатна справіліся не толькі з задачай перакладу сэнсаў, але таксама зрабілі так, каб тэксты чэшскага драматурга, дысідэнта і палітыка сталіся «арганічнымі» для беларускай мовы. Чытанне Гавэла ў іх перакладзе – незвычайная інтэлектуальная прыгода. Падбор словаў і будова сказаў – гэта не ўсё, важна таксама захаванне аўтарскага стылю і моцы, характэрныя для тэкстаў В. Гавэла. Беларускі чытач знойдзе ў іх не толькі шмат актуальнага, але таксама ўсцешыцца аўтарскім стылем – простым, спакойным і адначасна вельмі станоўчым. Чытанне ягоных эсэ дазваляе не толькі пазнаць рэчаіснасць, але таксама паспрабаваць глянуць у будучыню (хаця аўтар напэўна не прымяраў на сябе ролю варажбіта ці прадказальніка).

Для лінгвіста гэты пераклад можа быць цудоўнай крыніцай цытатаў – зазвычай простых, адкрытых для зразумення, а пры гэтым – насычаных і з глыбокім сэнсам. Гісторык зможа прасачыць развіццё палітычнай думкі В. Гавэла, назіраць за ягоным аналізам таталітарызму, паглядзець на эвалюцыю ягоных ідэяў пасля 1989 года. Спецыялісты па палітычных навуках напэўна скарыстаюцца магчымасцю зазірнуць у свет ідэяў, знойдуць шмат выдатных метафараў і яшчэ раз прыгадаюць сабе пра значэнне этыкі для палітычнай дзейнасці і палітычнага аналіза.

Праўда як этычная катэгорыя выступае ў гэтых тэкстах вельмі часта. Яна не толькі адна з асноўных тэмаў, але таксама адна з асноўных матывацыяў для аўтара. Першая частка кнігі – «Дысідэнт» складаецца з тэкстаў, напісаных В. Гавэлам паміж 1975 і 1989 гадамі. «Ліст да Густава Гусака» (8 красавіка 1975 г.) не проста выкрывае і паказвае рэчаіснасць «кансалідаванай» і «стабілізаванай» Чэхаславакіі пасля Пражскай вясны. Гісторык перадусім можа заўважыць, што аўтар гэта тэксту абараняў ўсведамленне феномена грамадскага часу, феномену гістарычнасці, якія камуністычныя ўлады імкнуліся замарозіць, прыхаваць і замяніць фетышам «стабільнасці», фактычным прыніжэннем грамадства і кіраваннем з дапамогаю страху. В. Гавэл таксама называў гэты стан «экзістэнцыйным уціскам», калі дзяржаўная ўлада імкнецца толькі да самазахавання, скіроўвае жыццё людзей у «прыватнае» і выкідвае іх з публічнай сферы. Дапамагае пры гэтым палітычная паліцыя, ідэалогія, ўсюідысны кар’ерызм і палітычны апартэід. На думку аўтара такая сітуацыя вядзе да карозіі ўсіх маральных нормаў і крызіса чалавечай ідэнтычнасці.

Знакамітае эсэ «Сіла бяссільных», напісанае ў кастрычніку 1978 года з’яўляецца не толькі выдатным аналізам прыроды аўтарытарнай улады ў камуністычнай форме. Дыктатура палітычнай бюракратыі, якая валодае гнуткай ідэалогіяй і фактычна манапалізуе рынак працы (улада выступае ў якасці адзінага працадаўцы) спалучаецца з пэўным узроўнем індустрыялізацыі і спажывецкага грамадства. В. Гавэл прапанаваў тэрмін «посттаталітарная сістэма» у якасці азначэння сацыялізму 1970-х гадоў. Ідэалогія як форма хлусні выступае ў ім не толькі як чыннік кантралявання грамадства, але таксама як маральная пастка для самой улады, прадстаўнікі якой самыя вераць у хлусню і абапіраюцца на ідэалогію, а не на рэальнасць. Чалавек у такой сістэме не толькі з’яўляецца ахвярай ідэалогіі: ён таксама сам яе стварае і падтрымлівае.

Крызіс чалавека выступае тут вельмі яскрава, а сам посттаталітарны палітычны рэжым узнікае пры сутыкненні дыктатуры са спажывецкім грамадствам. Ідэалогія як форма «грамадскай гульні» можа быць спыненая толькі праўдай, салідарнай ўзаемнай адказнасцю за свабоду і незалежным грамадскім жыццём. В. Гавэл прыгадвае постаць першага прэзідэнта Чэхаславакіі Томаша Гарыга Масарыка, які таксама вельмі часта звяртаўся да этычных праблемаў і паказваў магчымасці для штодзённай «дробнай працы». Гэтае адгалоссе пазітывізму можа выдавацца занадта састарэлым, але для В. Гавэла менавіта «дробная праца» была адзіным магчымым вынікам дысідэнцтва як палітычнай пазіцыі. Абарончы характар дысідэнцтва і адцуранне гвалту – гэта таксама рух. Аўтар пастуляваў развіццё «паралельных структураў» і адказнасці за саміх сябе і іншых (у гэтым месцы В. Гавэл прыгадвае іншага знакамітага чэха – філосафа Яна Патачку).

Эсе «Палітыка і сумленне» (люты 1984 г.), «Ліст да ўдзельнікаў Міжнародных дзён свабодаў і правоў чалавека» (25 траўня 1985 г.) і «Пра сэнс Хартыі’77» (ліпень 1986 г.) паказваюць сутнасць таталітарнай савецкай сістэмы (пры гэтым В. Гавэл падкрэслівае, што сам сэнс яе прыйшоў з Захаду) як авангарду крызіса цывілізацыі, заклікаюць да «салідарнасці ўсхваляваных» (тэрмін Я. Патачкі) і прапаноўваюць магчымыя выхады з крызісу грамадства пасля 1968 года ў Чэхаславакіі.

Гісторыкі напэўна змогуць чэрпаць натхненне для сваіх аналітычных пабудоваў з тэкста «Гісторыя і таталітарызм» (красавік 1987 г.). Таталітарная сістэма знішчае гістарычную падзею і перакрэслівае пачуццё часу. Гісторыя замяняецца псеўдагісторыяй, час пачынае адміраць і замяняецца ідэалогіяй, якая выціскае са свядомасці грамадства ўсе несанкцыянаваныя падзеі. Замах на плюралізм у грамадстве становіцца замахам на гісторыю як разгортванне падзеі, а стандартызацыя жыцця прыводзіць да ўсеагульнай банальнасці. Невялічкае філасофскае эсэ «Слова пра слова» (15 кастрычніка 1989 г.) нагадвае пра сілу словаў і адказнасць людзей, якія карыстаюцца словам у грамадскім жыцці. Словы таксама маюць сваю гісторыю, а сіла слова – непрадказальная.

Другая частка кнігі – «Прэзідэнт» складаецца перадусім з прамоваў В. Гавэла на пасадзе прэзідэнта Чэхаславакіі і пасля 1993 года – Чэшскай Рэспублікі. Драматург і дысідэнт становіцца палітыкам і стараецца пры гэтым не паратварыцца ў бюракрата, які не ў стане пачуць голаса грамадства. Гавэл-палітык не перастаў быць рэфлексійным чалавекам: тэксты «Спакуса ўладай» (28 траўня 1991 г.), «Магчымасці адкрытага грамадства ў канцы ХХ ст.» (31 сакавіка 1995 г.) і «Капіляры глабальнай цывілізацыі» (8 чэрвеня 1995 г.) вылучаюць яго сярод банальных прамоваў іншых кіраўнікоў дзяржаваў. Гавэл звяртаецца да праблемы адказнасці палітыка, задумваецца над сэнсам паняцця «інтэлектуал», крохкасцю ўсеагульнай тэхнічнай цывілізацыі і рызыкай атамнай зброі і тэрарызма.

Тэкст «Еўропа як задача» (15 траўня 1996 г.) сёння можа здавацца нейкім банальным і несугучным наборам словаў. Ва ўмовах крызіса еўрапейскай ідэнтычнасці і Еўрапейскага саюза развагі пра «еўрапейскую душу» ці «палон нацыянальнага калектывізму» могуць быць штуршком для развагі пра стан кантынента і сучаныя выклікі. В. Гавэл таксама звяртаўся да глабальнай праблематыкі. Прамова «Перад айсбергам глабальных пагрозаў» (4 верасня 1997 г.) звяртае ўвагу на крызіс адказнасці, глыбокі атэістычны характар сучаснай цывілізацыі і канфлікты розных рэлігійных светапоглядаў, шматпалярнасць і мультыкультуралізм сучаснага свету.

У тэксце «Паняцце «Захад» і задачы НАТО» (11 траўня 2001 г.) аўтар не толькі звяртаўся да сэнсу «Захаду» як сімвалу дабра (у савецкія часы), але заклікаў ставіцца да яго як маральна нейтральнага паняцця. Аўтар таксама верыў у канец гвалтоўнага падзелу Еўропы і біпалярнай мадэлі свету, а таксама разважаў пра праблемы Расіі. Недавер да сябе і няўпэўненасць ва ўласнай ідэнтычнасці, на ягоную думку, можа перацячы ў недавер да ўсяго свету і ў агрэсіўнасць, якая можа скончыцца прысабечваннем чужых тэрыторый і навязваннем свайго дамінавання. Расійскі брак упэўненасці ў самым сабе лёгка кампенсуецца імперскай рыторыкай. Думкі В. Гавэла выдатна паказалі будучую эвалюцыю расійскай палітыкі на пачатку ХХІ ст. Жаданне самасцвердзіцца скончылася войнамі 2008 г. з Грузіяй і 2014-2015 гг. з Украінай.

Апошняе эсэ зборніка – «Неспакой душы» (20 верасня 2002 г.) прыгадвае ранейшую, яшчэ з часоў прэзідэнцтва Чэхаславакіі, падазронасць аўтара да самога сябе і прыцягальнасць крытычнай рэфлексіі для ягоных чытачоў.

У дадатку змешчаны поўны тэкст Хартыі’1977 і кароткі каляндар жыцця Вацлава Гавэла.

Пра Гавэла варта памятаць не толькі падчас юбілеяў. Узгадваць Гавэла варта не толькі таму, што ён звяртаўся да Беларусі і быў заклапочаны беларускімі праблемамі. Да тэкстаў Гавэла варта звяртацца, каб пабачыць сучаснае беларускае жыццё ў люстэрку Чэхаславакіі 1970-80-х гадоў і глабальнаага спажывецкага свету. Варта таксама звяртацца, каб нагадаць пра праўду як маральную катэгорыю.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...