Інстытут “Палітычная сфера” і Беларускі Калегіюм пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску запрашаюць на дыскусію і прэзентацыю анталогіі “Краёвая ідэя: канец XIX – пачатак XX стагоддзя”.
Дыскусія “Краёвая ідэя: пераацэнка палітычнага і культурнага значэння” з удзелам аднаго з першых даследчыкаў краёвай ідэі – Яна Юркевіча, прафесара Познаньскага ўніверсітэта (Польшча) – адбудзецца 19 сакавіка а 18.30 у гатэлі “Манастырскі” (вул. Кірылы і Мяфодзія, 6).
Ян Юркевіч з’яўляецца адным з найбольш аўтарытэтных польскіх гісторыкаў, які даследуе польска-беларуска-літоўскія дачыненні. У кола яго навуковых інтарэсаў уваходзяць: гісторыя Вялікага Княства Літоўскага ў XVI – XVIII стст., нацыянальныя стасункі на тэрыторыі Беларусі і Літвы ў ХІХ – пачатку ХХ стст., пачаткі Літвы ў гістарыяграфіі Ранняга Новага часу.
Ён з’яўляецца аўтарам трох манаграфій:
Rozwój polskiej myśli politycznej na Litwie i Białorusi w latach 1905-1922, Wydawnictwo Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza, Seria Historia, nr 100, Poznań 1983, ss. 259.
Powinności włościan w dobrach prywatnych w Wielkim Księstwie Litewskim w XVI-XVII w., Wydawnictwo Naukowe UAM, seria Historia, nr 152, Poznań 1991, ss. 475.
Od Palemona do Giedymina. Wczesnonowożytne wyobrażenia o początkach Litwy, cz. I: W kręgu latopisów litewskich, Wydawnictwo Naukowe UAM, Seria Historia, nr 221, Poznań 2012.
Ян Юркевіч узнагароджаны ордэнам “За заслугі для Літвы”.