Канферэнцыя Лятучага ўніверсітэта і Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі 27-28 лютага 2015 г.

LU-CET

 

Новы “восевы час” і эпоха радыкальнага сумневу: выклікі для мыслення і практыкі 

Карл Ясперс назваў “восевым часам” эпоху  павароту ад  сэнсаў і каштоўнасцяў, якія страцілі сваё значэнне да новых арыентыраў. Гэты  час вызначаецца радыкальным сумневам і экзістанцыйным жахам перад немагчымасцю даць адказы на падставовыя пытанні “навошта” і “дзеля чаго” жыве чалавек, перад разуменнем непрыдатнасці ўсяго мысліўнага і культурнага апарату для такіх адказаў. Паварот часу вакол восі адбыўся таму, што героі, трыкстэры, мысляры і творцы сфармулявалі новыя арыентыры, прапанавалі новыя каштоўнасці, тым самым  задалі і  стварылі новыя цывілізацыі.

Інтэлектуальны дыскурс пасля Другой сусветнай вайны быў засяроджаны на тым, каб разбурыць тыя “абсалютныя” каштоўнасці мадэрну, што сталіся прычынай сусветных войнаў. Здавалася, што постмадэрнізм справіўся з гэтай задачай. Здавалася, што свет будуецца на новых каштоўнасцях і менавіта таму яму удавалася больш за поўстагоддзя пазбягаць вайны, нават СССР (цэнтр “другога свету”) распаўся без вялікага гвалту. Але сітуацыя расейска-украінскай вайны праявіла праблемы і наўпрост паставіла пад сумнеў існаванне і сапраўднасць сучаснага міжнароднага права, палітычных і сацыяльных інтытутаў, трывалых супольнасцяў і грамадстваў, самаразумення і ідэнтычнасці чалавека  і тых сэнсаў і каштоўнасцяў, да якіх мы прызвычаіліся апеляваць ў разуменні і ў практыцы. Паўстаўшыя  ў эпоху мадэрна каштоўнасці, нормы і катэгорыі мыслення страцілі сваю сілу праз іх дэканструкцыю і рэлятывізацыю постмадэрнізмам. Але зараз губляюць сваю сілу прынцыпы і каштоўнасці і самого постмадэрнізма. Ён аказаўся яшчэ не новым адказам, а толькі  часам радыкальнага сумневу – прыступкай і папярэднікам  паварота да новых каштоўнасцяў, сэнсаў і мэтаў, здольных  стварыць магчымым паразуменне і супольныя дзеянні.

У межах канферэнцыі мы будзем паглыбляць свае разуменне “восевага часу” і шукаць адказы на пытанні на перакрыжаванні розных сфераў мыслення і практыкі. Спадзяемся, што гэтае разуменне стане не толькі падставай для новых  канцэптаў ды тэорый, але і  падмуркам трансфармацый сацыяльнай рэчаіснасці ды зменаў у  беларускім грамадстве.

Прапануем асноўныя тэмы для разгляду:

Імёны, паняткі  і інструменты мыслення: філасофская і метадалагічная рэфлексія і крытыка

“Імя сучаснасці”: варыяцыі вакол  мадэрну  ці новыя вызначэнні? Ці можа сучасная філасофія наноў паставіць “галоўнае пытанне філасофіі”? Новая онталогія, мова ці мастацтва: што стварае новыя сэнсы, канструюе сусветы і дае імёны? Дэканструкцыя ці новыя універсаліі: што дае нам разуменне сучаснай постсавецкай, беларускай і еўрапейскай сітуацыі? 

Назад у будучыню: вяртанне гісторыі сучаснасці

Новая сусветная сітуацыя як рамкі для пераасэнсавання “канца гісторыі”. Як магчымы сёння гістарычны чалавек? Сродкі  гістарычных дысцыплінаў у вяртанні гісторыі: практыкі і метадалогаічныя падыходы. З’явы мадэрнага часу – “айчынная”, “грамадзянская” і “сусветная” войны:  належаць гэтыя канцэпты гісторыі  ці датычныя сучаснасці?  

Антрапалагічная крытыка і гуманітарныя тэхналогіі: навошта і як нам быць разам.

Еўрапейскасць, грамадзянства, нацыя, гендэр, культура, супольнасці – старыя і новыя рамкі самавызначэння і ідэнтычнасці чалавека. Каго ствараюць новыя антрапалагічныя, псіхалагічныя і гуманітарныя практыкі і тэхнікі? Этычныя сістэмы і абсалютныя каштоўнасці: архаічныя формы ці новая рэальнасць? Што дасць чалавецтву новы шанец спыніць сусветную вайну?

Сацыяльна-палітычныя інстытуты і практыкі перад новымі выклікамі

Ці маюць сэнс і вартасць “мадэрнавыя практыкі” пабудовы  нацыі, развіцця грамадзянскай супольнасці, абароны правоў чалавека? Што дае нам разуменне новых сацыяльных і палітычных з’яваў – метафары ці катэгорыі?  Дзе шукаць “сапраўднае” сярод сімулякраў і медыяфантомаў? Чалавек і супольнасці ў сеціўнай і інфармацыйнай прасторы: ахвяры ці суб’екты сацыяльнага дзеяння? 

Канферэнцыя адбудзецца ў Мінску 27-28 лютага 2015 года. 

Для ўдзелу  ў канферэнцыі неабходна даслаць заяўку  да 5-га лютага, на адрас [email protected]    з наступнымі звесткамі:

1) Імя і прозвішча

2) Месца працы ці вучобы, пасада

3) Форма ўдзела ў канферэнцыі:

– даклад. Неабходна назва і тэзісы даклада (1,5-2 старонкі).

– ўдзел у агульнай дыскусіі. Неабходна пазначыць мэты ды матывы ўдзелу ў канферэнцыі.

4) Кантактныя дадзеныя: e-mail, тэлефон.

Колькасць удзельнікаў  канферэнцыі абмежаваная і арганізацыйны камітэт пакідае за сабой права адбору ўдзельнікаў, паводле “мэтаў і матываціі ўдзелу”. 

Па ўсіх арганізацыйных пытаннях звяртайцеся да Тацяны Вадалажскай, [email protected], +375296754625

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...