Паміж “фатальным правінцыялізмам” і марамі аб вяртанні на радзіму

---------_--------Матвейчык Д. Ч (2011). Выгнаныя з роднага краю: Паслялістападаўская эміграцыя з Беларусі і Літвы (1830-1870-я гады), Мінск: Лімарыус, 200 с., іл.

Агляд падрыхтаваў Андрэй Ціхаміраў

 

Падзеі Лістападаўскага паўстання 1830-1831 гадоў на тэрыторыі былога Вялікага княства Літоўскага доўгі час былі па-за ўвагай беларускай гістарыяграфіі. Толькі ў 1990-я гады гэтая праблематыка пачала “прабіваць” сабе дарогу ў працах беларускіх навукоўцаў. Варта звярнуць увагу на тое, што само паўстанне і ягоныя наступствы мелі велізарнае значэнне для далейшага лёсу беларуска-літоўскіх губерняў. Менавіта пасля гэтага расійскія ўлады пачалі запланаваную і паступовую палітыку рэальнага далучэння гэтых губерняў да рэшты імперыі, скасаваўшы пэўную форму адміністрацыйнай, юрыдычнай і культурнай аўтаноміі, якая існавала ў папярэднія два дзесяцігоддзі.

Сярод шматлікіх наступстваў паўстання 1830-1831 гг. была таксама эміграцыя. Яна была адной з першых хваляў вымушанага выезду значнай часткі насельніцтва беларуска-літоўскіх губерняў у іншыя краіны і мела значны ўнёсак у традыцыю эміграцыі.

Дзмітры Матвейчык у сваёй кнізе зрабіў панарамны агляд усёй хвалі палітычнай эміграцыі з нашых земляў пасля Лістападаўскага паўстання. Аўтар не толькі разгорнута апісаў фактары, якія прычыніліся да фармавання эміграцыі з беларуска-літоўскіх губерняў, але таксама засяродзіўся на шырокім кантэксце эміграцыі з іншых земляў былой Рэчы Паспалітай. Кніга выдадзена на падставе абароненай у 2008 годзе кандыдацкай дысертацыі і з’яўляецца важным унёскам у беларускую гістарыяграфію перыяду ХІХ стагоддзя.

Праца складаецца з уводзінаў, сямі раздзелаў, заключэння і двух апублікаваных дакументаў у якасці дадатку. Аўтар абапіраўся на шырокае кола крыніцаў і навуковай літаратуры, сярод якой пераважаюць працы польскіх і беларускіх аўтараў. Пры гэтым даследванне лёсаў менавіта былых паўстанцаў з беларуска-літоўскіх губерняў у эміграцыі з’яўляецца ядром манаграфіі.

Кніга вытрымана ў строгім навуковым стылі, дастаткова насычана апісаннем фактаў і  арганізацыйных структураў, аўтар звярнуў увагу на лёсы самых значных прадстаўнікоў эміграцыі. Пры гэтым варта заўважыць, што праца чытаецца даволі лёгка і напэўна павінна зацікавіць шырокае кола чытачоў, а не толькі прафесійных гісторыкаў.

Першы раздзел складаецца з кароткага агляду крыніцаў і гістарыяграфіі пытання, якія даволі вялікія па аб’ёме і маюць ужо сваю доўгую традыцыю. Дз. Матвейчык карыстаўся не толькі беларускімі і літоўскімі сховішчамі, але таксама працаваў з дакументамі, якія захоўваюцца ў Польшчы (Варшава. Кракаў, Курнік) і Францыі (Польская бібліятэка ў Парыжы).

У другім раздзеле “Прычыны эміграцыі. Рассяленне эмігрантаў з беларуска-літоўскіх губерняў” гісторык спыняецца на фактарах расійскай урадавай палітыкі, якія прымушалі паўстанцаў да выезду па-за межы імперыі, а таксама вельмі падрабязна апісвае колькасць і рассяленне ўдзельнікаў паўстання ў краінах Заходняй Еўропы. Францыя, якая сталася галоўным цэнтрам Вялікай эміграцыі (Wielka emigracja, гэты тэрмін ужо традыцыйна выкарыстоўваецца ў польскай літаратуры для азначэння гэтай хвалі эміграцыі) не была пачаткова першым этапам у вандроўцы былых паўстанцаў, а такімі краінамі былі памежныя Прусія і Аўстрыйская імперыя. Але апрача названых краінаў эмігранты пасялілся ў Англіі, Бельгіі, Італіі, Швейцарыі, Іспаніі, Партугаліі і нямецкіх дзяржавах. У раздзеле даецца таксама падрабязная характарыстыка рассялення і заняткаў былых інсургентаў, у тым ліку магчыма нечаканыя для большасці чытачоў звесткі пра спробы прыцягнення іх у грамадзянскую вайну ў Партугаліі на баку Дона Пэдра.

Трэці раздзел “Гуртаванне ўраджэнцаў беларуска-літоўскіх губерняў у эміграцыі” складаецца з чатырох падраздзелаў і прысвечаны арганізацыйнаму афармленню “беларуска-літоўскага сегмента” Вялікай эміграцыі. Аўтарам даецца агульная характарыстыка ідэйных напрамкаў, якія ўмоўна падзяляюцца на дэмакратычны (пад кіраўніцтвам выдатнага гісторыка Яхіма Лелевеля (Joachim Lelewel)) і кансерватыўны (галоўнай постаццю якога быў князь Адам Ежы Чартарыйскі (Adam Jerzy Czartoryjski)). Асноўная частка гэтага раздзела засяроджваецца на трох арганізацыях выхадцаў з беларускіх, літоўскіх і украінскіх губерняў, якія былі, паводле акрэслення сучаснага польскага гісторыка Анджэя Новака (Andrzej Nowak) своеасаблівай лабараторыяй будучых усходнееўрапейскіх нацыяналізмаў.

Як зазначае Дз. Матвейчык, гуртаванне эмігрантаў паводле такога тэрытарыяльнага прынцыпа было заканамернай з’явай, бо адлюстроўвала не толькі ўласна геаграфічныя падзелы, але таксама пэўную супольную гістарычную памяць. Аўтар падрабязна апісвае стварэнне і дзейнасць Таварыства Літоўскага і Рускіх Зямель, Літоўскага вайсковага камітэта, Таварыства Братэрскага Аб’яднання ў Безансоне, Літоўска-Рускага Клуба. З аднаго боку дзейнасць такіх арганізацый была праявай “фатальнага правінцыяналізму” (па словах Ігната Дамейкі), а з іншага боку – падкрэслівала асаблівасці выхадцаў з беларуска-літоўскіх земляў (якія пры гэтым адчувалі сябе часткай Польшчы – Рэчы Паспалітай).

Пытанню саматоеснасці прысвечаны акурат чацвёрты раздзел “Самасвядомасць і самавызначэнне эмігрантаў з беларуска-літоўскіх губерняў”—хіба адзін з самых кароткіх у кнізе. Аўтар падкрэслівае шматузроўневы характар тагачаснай шляхецкай свядомасці (якая была характэрнай таксама для эмігрантаў) і ідучы за гэтым вызначэннем Юльюша Бардаха (Juliusz Bardach) прыводзіць прыклады рознага выкарыстання этнічных тэрмінаў тагачаснымі дзеячамі. Варта звярнуць увагу на тое, што магчыма, гэтае пытанне можна было б апісаць больш разгорнута, але агульны характар працы напэўна вымушае да неабходных скарачэнняў.

Важным раздзелам з’яўляецца пяты, у якім апісваецца ўплыў эміграцыі на грамадска-палітычны рух на радзіме. Галоўнай мэтай дзеячоў эміграцыі было аднаўленне барацьбы за незалежнасць і першапачаткова гэтае пытанне было асноўным. У цэнтры ўвагі гісторыка – экспедыцыя Юзэфа Заліўскага (Józef Zaliwski) (1832-1834 гг.), якая апісаная перадусім праз прызму дзейнасці Міхала Валовіча (Michał Wołowicz) і Марцэляга Шыманскага (Marceli Szymański) і арганізацыйная дзейнасць Шымана Канарскага (Szymon Konarski) на беларуска-літоўскіх і украінскіх землях. Спробы эмігранцкіх эмісараў стварыць новую глебу для ўзброенай барацьбы супраць Расійскай імперыі скончыліся трагічна, але сталіся напэўна прыкладам сапраўднага самаахвяравання для супольнай справы. Аднак падкрэсліваецца, што няўдалыя пробы пераносу паўстанцкага фермента (нават на фоне рэвалюцыйных падзеяў 1830-х,1846 і 1849 гадоў) прывялі да паступовага адыходу кіраўнікоў эміграцыі ад ідэі ўзброенай барацьбы.

Раздзел “Пісьменніцкая і выдавецкая дзейнасць у эміграцыі ўраджэнцаў беларуска-літоўскіх губерняў: агульны агляд” звяртае ўвагу не толькі на шырокавядомую творчасць Адама Міцкевіча, Яхіма Лелевеля ці Ігната Дамейкі, але таксама на ўвесь спектр дзейнасці выхадцаў з нашых земляў па распасюджанні ведаў пра падзеі паўстання, але і пра гістарычныя лёсы Польшчы і Вялікага княства Літоўскага, літаратуру, этнаграфію, прыродазнаўчыя навукі і медыцыну. Аўтар звяртае ўвагу на шырокае развіццё мемуарыстыкі, масавую выдавецкую дзейнасць эмігрантаў (перадусім у Парыжы і Лондане) – асабліва Леана Зянковіча (Leon Zienkowicz), Уладзіслава Плятэра (Wladysław Plater), Фелікса Уратноўскага (Felix Wrotnowski) і не менш знакамітых аўтараў, сярод якіх вылучаны Аляксандр Рыпінскі і Ігнат Яцкоўскі. Азначаны аспект дзейнасці эміграцыі быў адным з найбольш трывалых культурных вынікаў для наступных пакаленняў.

Апошні сёмы раздзел “Амністыя і вяртанне эмігрантаў на радзіму” змяшчае аналіз лёсаў нешматлікай групы выхадцаў з беларуска-літоўскіх земляў (іх было толькі каля 12 %). якія па розных прычынах вырашылі вярнуцца ў межы Расійскай імперыі. Аўтар вызначае храналогію і этапы вяртання, юрыдычныя ўмовы і таксама апісвае фінансавую дапамогу былым эмігрантам.

У якасці дадатку ў кнізе апублікаваныя спіс сябраў Таварыства Братэрскага Аб’яднання і Акт заснавання і статут Літоўска-Рускага Клуба.

Панарамны характар працы Дзмітрыя Матвейчыка не дазваляе напэўна звярнуць увагу на шматлікія дэталі, звязаныя з уласна праблемамі эміграцыі і больш шырокім кантэкстам падзей тагачаснай Еўропы, але на сённяшні момант беларускі чытач мае кнігу агульнага характару па дадзенай праблематыцы і пры жаданні можа ёй карыстацца ў якасці своеасаблівага даведніка. Кніга будзе цікавай не толькі для гісторыкаў, але таксама для шырокага кола гуманітарыяў, асабліва літаратуразнаўцаў і сацыёлагаў.

 

 

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...