Зборнік артыкулаў як паказчык якасці працы акадэмічнага асяроддзя: станоўчы прыклад

kazakouВялікае Княства Літоўскае і суседзі: Права. Вайна. Дыпламатыя  (2012). Пад рэд. Сокала С. Ф., Янушкевіча А. М. Мінск: БіП – інстытут правазнаўства, 370 с., 8 л. іл.

Агляд падрыхтаваў гісторык Аляксандр Казакоў

Гэты зборнік навуковых прац, прысвечаных розным аспектам гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і яго адносінаў з суседнімі дзяржавамі, паўстаў як вынік дзвюх навуковых канферэнцый.  Яны былі праведзеныя БІП – інстытутам правазнаўства і Польскім інстытутам у Мінску. Іх галоўным ініцыятарам стаў Андрэй Янушкевіч, добра вядомы ў акадэмічным асяроддзі як здольны арганізатар падобных мерапрыемстваў высокага ўзроўню. Арганізаваныя ім канферэнцыі заўсёды адрознівае ўдзел буйных спецыялістаў як з Беларусі, так і з-за мяжы, і, адпаведна, высокая якасць прадстаўленых дакладаў.

Першая з дзвюх канферэнцый – “Практыка права ў Вялікім Княстве Літоўскім”– адбылася 13­–14 кастрычніка 2010 г. і была прысвечаная пытанням правапрымяняльнай практыкі. Другая, праведзеная 14–15 верасня 2011 г.,  была прымеркаваная да 450-годдзя пераходу зямель Лівонскага ордэна пад сумеснае кіраванне Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы. Яна атрымала назву “Балтыйскі трохкутнік”, што мусіла сімвалізаваць трох асноўных удзельнікаў барацьбы ў Балтыйскім рэгіёне другой паловы XVI – XVII ст.: Рэч Паспалітую, Швецыю і Маскоўскую дзяржаву.

На аснове дакладаў удзельнікамі канферэнцый былі падрыхтаваныя не тэзісы, а разгорнутыя артыкулы. Абмежавання па аб’ёме публікацый не было, таму многія аўтары прадставілі грунтоўныя працы. 17 тэкстаў змясцілася на 370-ці старонках. Яны былі падзеленыя на тры блокі пад тытуламі “Права”, “Вайна” і “Дыпламатыя”.

Раздзел па гісторыі права адкрывае тэкст прафесара Варшаўскага ўніверсітэта Анджэя Закшэўскага, у якім аўтар робіць агляд суадносінаў тэорыі і практыкі права ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVIII стст. Іншы вядомы гісторык з Польшчы– прафесар Анджэй Рахуба (Andrzej Rachuba)–прадставіў артыкул, прысвечаны праблеме функцыянавання права ва ўмовах узброенай барацьбы рэспубліканцаў з Сапегамі і іх паплечнікамі ў канцы XVII–пачатку XVIII ст. Андрэй Мацук падрабязна разгледзеў нячасты ў прававой практыцы Вялікага Княства Літоўскага выпадак смяротнага пакарання шляхціца на прыкладзе Міхаіла Валадковіча (1760 г.). Валянцін Голубеў ахарактарызаваў ролю грамады ў сельскім судаводстве на Беларусі ў XVI – XVIII стст.

Наталля Сліж звярнулася да прававога аспекту з’явы вена і вяноўнага запісу ў Вялікім Княстве Літоўскім. Праца Аляксея Шаланды прысвечаная функцыянаванню і складу гарадзенскага гродскага суда за часамі Стэфана Баторыя. Варта адзначыць, што два апошнія артыкулы адрозніваюцца асабліва вялікім аб’ёмам. У прававым раздзеле быў змешчаны і тэкст украінскага даследчыка Андрэя Блануцы пра эканамічную палітыку супрацьстаяння літоўскіх і маскоўскіх уладароў на “ўскраінным” памежжы (канец XV – першая трэць XVI ст.).

Ваенны блок складаецца з шасці артыкулаў. Першы з іх належыць даследчыку с Санкт-Пецярбурга Аляксею Лобіну і прысвечаны новым дакументам з былога архіва Тэўтонскага ордэна, датычным кампаніі 1514 г. і Аршанскай бітвы. Польскі ваенны гісторык Пшэмыслаў Гаўран (Przemysław Gawron) падрабязна разгледзеў спрэчкі сярод камандавання ліцвінска-польскага войска ў Інфлянтах у 1600–1602 гг. Дзмітрый Віцько звярнуўся да пытання збораў паспалітага рушэння Вялікага Княства Літоўскага ў 1702 г., падчас канфлікту паміж рэспубліканцамі і Сапегамі.

Тры астатнія артыкулы прысвечаныя праблематыцы Паўночнай вайны (1700–1721 гг.). Мікола Волкаў ахарактарызаваў ролю Нясвіжскага замка як абарончага пункту падчас гэтага канфлікту. Праца даследчыка з Архангельска Ігара Госцева прысвечаная ўмацаванню паўночных межаў Расіі і перамозе расійскага флота пад Архангельскам у 1701 г. Марыюш Савіцкі (Marjusz Sawicki) з Польшчы даў ацэнку дзённіку Караля Станіслава Радзівіла як крыніцы па гісторыі ваенных падзей 1700–1713 гг. у Вялікім Княстве Літоўскім.

Сярод аўтараў раздзела “Дыпламатыя” ізноў бачым Аляксея Шаланду з артыкулам пра ідэалагічнае абгрунтаванне правоў Вялікага Княства Літоўскага на Інфлянты ў XVI ст. Праца Кірыла Карлюка прысвечаная візуальнай практыцы легітымацыі каралеўскай улады праз конны партрэт у дынастычным канфлікце Вазаў першай паловы XVII ст. Роберт Каладзей  (Robert Kołodziej) з Уроцлава звярнуў увагу на працэс ратыфікацыі “вечнага міру” 1686 г. паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, а Уршуля Касіньска (Urszula Kosińska) з Варшавы прааналізавала некаторыя аспекты саксонска-польска-расійскіх адносінаў 1720-х гг., выкарыстоўваючы як асноўную крыніцу рэляцыю саксонскага пасла ў Санкт-Пецярбурзе Жана Ле Форта (Jean le Fort).

Падыход да стварэння “паканферэнцыйных” выданняў, адпаведна якому аўтары прадстаўляюць да публікацыі артыкулы, а не тэзісы ці “матэрыялы”, у чарговы раз сябе апраўдвае. У выніку атрымаўся зборнік навуковых прац, варты ўвагі спецыялістаў па прававой, ваеннай і палітычнай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Адзіным недахопам можна прызнаць тое, што не ўсе ўдзельнікі падрыхтавалі публікацыі на аснове сваіх дакладаў, таму чытач не можа скласці поўную карціну канферэнцыі. Аднак, салідны склад аўтараў і якасць прац робяць зборнік запатрабаваным. Можам быць упэўненыя, што яго не напаткае лёс “брацкай магілы артыкулаў”, як гэта, на вялікі жаль, нярэдка здараецца з такога кшталту выданнямі ў беларускай навуцы.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...