Украінскі пошук дамадэрных ідэнтычнасцяў ва ўсходніх славян

------Плахій, Сяргей (2011). Рускі Вавілон. Дамадэрныя ідэнтычнасці ў Расіі, Украіне і Беларусі. Беласток- Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства-Інстытут беларусістыкі, 300 с. 

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Казакоў.

Назва кнігі прафесара Гараврдскага ўніверсітэта Сяргея Плахія (Serhii Plokhy) выклікае асацыяцыю з іншым замежным даследаваннем, прысвечаным Усходняй Еўропе, – «Рэканструкцыяй нацый» Тымаці Снайдэра (Снайдэр, 2010). Калі Снайдэр прасочвае ўтварэнне нацый на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай ад 1569 і да 1999 г., то Плахій спрабуе паказаць эвалюцыю форм і зместу ідэнтычнасцяў ва ўсходнеславянскіх супольнасцях на працягу 800 год, спыняючыся на пачатку XVIII ст., то бок да ўтварэння мадэрных нацый.

Аўтару часам даводзілася быць сціслым, выкладаючы сваю аргументацыю, а ў пэўных момантах і павярхоўным (ці не таму, як ён сам адзначае ў прадмове, яго адгаворвалі ад напісання гэтай кнігі?). Розныя адмыслоўцы, безумоўна, знойдуць што дадаць і ўдакладніць. Нягледзячы на гэта, С. Плахію ўдалося зрабіць даследаванне, што не мае аналагаў у гістарыяграфіі.

Адна з мэтаў працы – дэканструяваць сучасны «нацыяцэнтрычны» наратыў гісторыі трох славянскіх народаў. У расійскай, украінскай і беларускай гістарыяграфіі склаліся канцэпты «лінейнага» развіцця этнасаў з іх пераўтварэннем у нацыі, вытокі якіх шукаюць у Сярэднявеччы. Спрачаючыся з Энтані Смітам, які сцвярджае пра ўтварэнне мадэрных нацый на аснове дамадэрных этнічных супольнасцяў (Smith, 1986), Плахій услед за т.зв. мадэрністамі разглядае ідэнтычнасць як канструкт, што ствараецца палітычнымі ды інтэлектуальнымі элітамі з мэтаю кансалідацыі грамадства, і разбураецца пад дзеяннем знешніх сіл, альбо адкідаецца самімі стваральнікамі тады, калі губляе актуальнасць. Такім падыходам абумоўлены выбар тэрміналогіі і асаблівасці яе выкарыстання.

Найчасцей аўтар ужывае паняцці «этнанацыянальны» і «нацыя» \ «нацыянальны». Прычым апошні тэрмін часта служыць для характарыстыкі ідэнтычнасці ў дамадэрныя часы, бо падзел гісторыі супольнасцяў на стадыі «народнасці» і «нацыі» бачыцца аўтару непрадуктыўным. Ён не імкнецца адказаць на пытанне, наколькі моцным быў уплыў таго ці іншага «праекта будавання  ідэнтычнасці» на калектыўную свядомасць (зрэшты, датычна асобных перыядаў і тэрыторый гэта наўрад ці магчыма), таму некаторыя часткі кнігі ўспрымаюцца як нарысы па інтэлектуальнай гісторыі.

Манаграфія складаецца з уводзінаў, васьмі раздзелаў, кожны з якіх утрымлівае некалькі падраздзелаў, высноваў, паказальніка аўтараў і агульнага паказальніка. Спіс крыніц і літаратуры адсутнічае, што робіць карыстанне кнігай у навуковых мэтах нязручным.

Аўтар паслядоўна разглядае змест, распаўсюджанасць і асаблівасці выкарыстання паняцця «Русь» спачатку ў дамангольскі перыяд, а потым у час станаўлення Літоўскага і Маскоўскага вялікіх княстваў, паказваючы эвалюцыю «рускай» ідэнтычнасці пад уздзеяннем дзяржаваўтваральных працэсаў і рэлігійнага чынніку. Уплыў апошняга на ідэнтычнасць русінаў Рэчы Паспалітай быў асабліва моцным у перыяд гарачай палемікі вакол царкоўнай уніі.

Далей аўтар паказвае, як адбывалася канструяванне маскоўскай ідэнтычнасці ў другой палове XVII – пачатку XVIII стст., звязваючы гэта з паняццем «Расія» і імперскім дыскурсам, а таксама знаходзіць вытокі ўкраінскай ідэнтычнасці ў казацкім руху і коле кіеўскіх царкоўнікаў-інтэлектуалаў XVII ст.

Чытача, які будзе шукаць у кнізе аналіз адпаведнага працэсу ў адносінах да Беларусі, чакае расчараванне. Ад сярэдзіны XVII ст. беларускія землі, якія і без таго не ў цэнтры ўвагі, канчаткова адыходзяць на трэці план. Магчыма, гэта абумоўлена тым, што «Беларускі нацыянальны праект грунтаваўся на рускай ідэнтычнасці, раней распрацаванай у Вялікім Княстве Літоўскім, але не здолеў прывесці да ўзнікнення адметнай ідэнтычнасці ў раннемадэрныя часы з прычыны адсутнасці протабеларускай дзяржавы, супастаўнай з Гетманшчынай у левабярэжнай Украіне» (282).

Няхай так, але аўтара не цікавіць гісторыя назвы «Белая Русь» нават у самых агульных рысах, хоць ён адзначае, што тэрмін «беларусцы» выкарыстоўваўся ў Маскве адносна праваслаўных русінаў Рэчы Паспалітай за выняткам запарожскіх казакоў (192). Як гэты тэрмін узнік і як патрапіў у маскоўскі дыскурс, засталося па-за ўвагай аўтара нягледзячы нават на тое, што ў Маскве мову пасланняў Багдана Хмяльніцкага называлі «беларускім пісьмом» (200). Такое маўчанне кантрастуе з падрабязным разглядам назваў «Расія», «Маларасія», «Украіна» і нават «Украінская Маларасія».

За выняткам адзначанага недахопу даследаванне С. Плахія, пабудаванае на шырокім коле крыніц і літаратуры і заснаванае на арыгінальным падыходзе, пакідае ўражаннне якаснага інтэлектуальнага прадукта, які не можа не зацікавіць. Вартасці гэтай кнігі робяць яе абавязковым чытвом для адмыслоўцаў, якія цікавіцца гісторыяй ідэнтычнасцяў на ўсходнеславянскіх абшарах. Выхад працы С. Плахія па-беларуску ў якасным перакладзе, хоць і з некаторымі тэхнічнымі хібамі, трэба толькі вітаць і спадзявацца, што яна выкліча інтарэс у айчыннага чытача.

 

Літаратура, якая згадваецца ў рэцэнзіі

  1. Снайдэр. Т (2010). Рэканструкцыя нацый. Польшча, Украіна, Літва і Беларусь, 1569 -1999. Мінск: Медысонт.
  2. Smith. A (1986). The Ethnic Origins of Nations. Oxford: Blackwell Publishers.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...