Уладзімір Ляхоўскі. Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1915-1918 г.). Вільня – Беласток: Інстытут беларусістыкі – Беларускае гістарычнае таварыства, 2010. – 340 с.
Агляд падрыхтаваў Андрэй Чарнякевіч.
У беларускай гістарычнай навуцы апошнім часам вельмі цяжка з аўтарытэтамі. Маюцца на ўвазе не адміністрацыйныя пасады, а менавіта ўнёсак даследчыка ў вывучэнне той ці іншай праблемы. Замест гэтага гістарычныя тэмы ператвараюцца ў своеасаблівыя «сінекуры», якія пажыццёва замацоўваюцца за аўтарамі кандыдацкіх ці доктарскіх. Тым больш, падаецца адметным, калі гісторык яшчэ да сваёй абароны з’яўляўся аўтарытэтам, прычым адразу па вельмі шырокім коле пытанняў. Уладзімір Ляхоўскі прыйшоў у навуку нашмат раней, чым атрымаў вакаўскі дыплом кандыдата. Аднак адна справа быць энцыклапедыстам з вялікай літары і зусім іншая – стварыць абагульняючую працу.
Разгляданая намі кніга з’яўляецца выдатным прыкладам спалучэння грунтоўных ведаў з аўтарскай канцэпцыяй бачання мінулага. Насамрэч сама праца значна выходзіць за межы толькі адной палітыкі кайзераўскай Нямеччыны ў сферы адукацыі на акупаваных тэрыторыях. Перад намі паслядоўна праходзяць тры, па сутнасці, зусім розныя сістэмы асветы на адным і тым жа абшары – часоў уніфікацыйнай палітыкі Расійскай імперыі, нямецкага мілітарызма ды культурна-нацыянальнага лібералізма.
Першы раздзел прысвечаны агляду школьнай палітыкі расійскага ўрада і праўрадавых устаноў у «Паўночна-Заходнім краі» ад паўстання 1864 г. да рэвалюцыі 1917 г. і лёсу расійскіх адукацыйных устаноў у прыфрантавой зоне. Пры гэтым аўтар асобна разглядае вытокі «беларускага пазітывізму» і стварэнне першых беларускамоўных адукацыйных асяродкаў, а таксама развіццё нацыянальнай асветы «нярускіх» этнічных супольнасцяў.
З аднаго боку, гэта нават храналагічна адводзіць нас троху ў бок ад галоўнай тэмы. Аднак узамен мы атрымліваем рэтраспектыўны агляд усёй сістэмы адукацыі, што дазваляе больш глыбока ацаніць тыя змены, які адбываліся ўласна на акупаваным абшары.
У другім раздзеле гаворка ідзе непасрэдна пра фармаванне новай школьнай сістэмы ў заходняй частцы Беларусі, падпарадкаванай нямецкаму вайсковаму камандаванню, ды прававое становішча школы на тых тэрыторыях, якія апынуліся ў акупацыі ўжо на завяршальным этапе вайны. Розніца, аднак, падаецца настолькі істотнай, што тут магчыма весці гаворку пра два зусім розныя падыходы ў рэалізацыі адной і той жа палітыкі. Менавіта аналізу гэтых асаблівасцей і прысвечаны дзьве апошнія часткі кнігі.
Трэці раздзел, які носіць назву «Чыннасць шматнацыянальнага школьніцтва ў зоне Обер Ост» засяроджвае ўвагу на абшары гэтак званай старой «акупацыі», якая збольшага ахоплівала тэрыторыю Віленшчыны і Гарадзеншчыны. Аўтар паслядоўна разглядае польскую школьную справу, нараджэнне беларускага школьніцтва, «нямецкую школьную прысутнасць» ды габрэйскую і літоўскую адукацыі ў рэгіёне.
Самы разбудаваны – апошні, чацвёрты, раздзел, які прысвечаны школьнаму жыццю ў зоне «новай акупацыі» 1918 г. Ён ўключае адразу некалькі, фактычна самастойных, тэм: расійская школа ў новых геапалітычных умовах; чыннасць на ніве школьнай асветы польскіх грамадскіх устаноў і прыватных мецэнатаў; габрэйская адукацыя на ідыш і іўрыце; пачатак татарскага школьніцтва; развіццё беларускай школьнай справы перад нямецкай акупацыяй; чыннасць БНР на школьнай ніве ва ўмовах нямецкай акупацыі ды пытанне аб стварэнні краёвага унівэрсітэту.
Адна з высноваў аўтара выклікае асаблівую увагу. Ул. Ляхоўскі ўпэўнены, што: «Беларуская школьная справа была непарыўна звязана з працэсам станаўлення беларускай дзяржаўнасці» (244). Мы можам толькі дадаць: «Станаўленне беларускай дзяржаўнасці шмат у чым залежала ад ўзроўня нацыянальнай асветы».