Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць”

СкінэрАгляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Barbara Skinner (2009). The Western Front of the Eastern Church. Uniate-Orthodox Conflict in 18th-Century Poland, Ukraine, Belarus and Russia. DeKalb: Northern Illinois University Press, XVI+295 pp.

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Пагарэлы.

Яшчэ ў 2009 г. пабачыла свет манаграфія Барбары Скінэр “Заходні фронт усходняй царквы. Уніяцка-праваслаўны канфлікт XVIII стагоддзя у Польшчы, Украіне, Беларусі і Расіі”. Восем раздзелаў кнігі асвятляюць вельмі шырокае кола ўзаемазвязаных праблем: уніяцкае і праваслаўнае парафіяльнае жыццё, сацыяльныя і адукацыйныя характарыстыкі святароў, палітызацыю ўніяцка-праваслаўнага канфлікту ў XVIII ст., гвалт на канфесійнай глебе ў кантэксце 1-га падзелу Рэчы Паспалітай і падзеяў, што яму папярэднічалі, лёс уніятаў беларускіх зямель пасля 1-га падзелу і інш.

Скінэр разглядае праблему паўстання ўніі ў ключы канфесіяналізацыі пострэфармацыйнай Еўропы і патрэбы мадэрнізацыі праваслаўнай царквы Рэчы Паспалітай. Апошні клопат аб’ядноўваў як будучых ініцыятараў ўніі, так і іх зацятых праціўнікаў. Канфесіяналізацыя, паводле Скінэр, азначала выкарыстанне такіх інструментаў, запазычаных ад новых пратэстанцкіх галін заходняга хрысціянства, як вызначэнне дактрынаў і практыкаў веры праз тэкстуальную фіксацыю вызнання  ці праз царкоўны сабор і стварэнне добра артыкуляваных катэхізісаў з мэтай навучання рэлігіі.

Продкі сучасных беларусаў і ўкраінцаў фігуруюць у яе як “русіны”.

Асноўныя высновы аўтаркі адлюстроўваюць яе перакананне, што XVIII ст. з’яўляецца досыць дрэнна вывучаны перыядам ў параўнанні з бурлівым XVII ст. і палітыкай поўнага знішчэння ўніі ў XIX ст. Паводле яе, працэсы рэформ і трансфармацыі закранулі як праваслаўную царкву, бо пераўтварэнні кіеўскага мітрапаліта Магілы былі цалкам у духу канфесіяналізацыі і былі у значнай ступені вестэрнізацыйнымі, так і стаялі за паўстаннем Уніяцкай царквы.

Далей даследчыца заўважае, што супрацьстаянне палітычных арыетацыяў у кантэксце падзеяў XVIII ст. стала каталізатарм фарміравання асобных ідэнтычнасцей: русінскай уніяцкай і праваслаўнай. Таксама, паводле яе, даследуючы прыроду Уніяцкай і Праваслаўнай цэркваў, іх адрозненні, кніга пралівае святло на цэнтральны чыннік русінскай ідэнтычнасці, які ўплываў на яе цягам стагоддзяў.

Таксама нельга зразумець характару эскалацыі ўніяцка-праваслаўнага канфлікту не ўлічваючы развіцця расійскай імперскай ідэнтычнасці і ідэалогіі. Апошнія не пакідалі месца іншым хрысціянскім канфесіям для “агульнарускага” народа апрача праваслаўя. У рамках такой логікі працэс “вяртання” у праваслаўе быў яе своеасаблівым культурным і ідэалагічным інструментам.

Гаворачы аб ідэалогіі, паняцці, якое само з’яўляецца мінным полем для даслдечыкаў, трэба яшчэ адзначыць, што менавіта праваслаўнае духавенства з Левабярэжнай Украіны мела “доўгую памяць” пасля рэлігійнай вайны сярэдзіны XVII ст. ва ўкраінскіх землях Рэчы Паспалітай і якраз яно забяспечыла імперскі ўрад Кацярыны ІІ канцэпцыямі “культурнай уніфікацыі”, якія служылі апраўданнем навяртання ўніятаў і наступных (2-га і 3-га) падзелаў Рэчы Паспалітай, а таксама неабходнымі кадрамі.

Развязаная Кацярынай ІІ кампанія навяртання, якая вылілася ў серыю крывавых паўстанняў і сутыкненняў, Барбара Скінэр расцэньвае не як палітычныю акцыю, характэрную для эпохі асветніцтва і асветнай мадэрнасці (Van Der Veer, 1996), а як праяву ментальнасці рэлігійнай вайны і канфесійнага канфлікту, характэрных для папярэдніх стагоддзяў у іншых частках Еўропы (Marx, 2003).

Ні праблемы з уніфікацыяй і выпраўленнем літургічнай літаратуры, ні позняее развіццё ўніяцкага кнігадрукарства ніяк не сведчаць супраць таго, што ў XVIII ст. Уніяцкая царква аформілася як паўнавартасная канфесія са сваёй уласнай маральнай тэалогіяй. Апошні аспект Скінэр падрабязна аналізуе і раскрывае спецыфіку грамадскіх каштоўнасцей. якія складалі падставы сацыяльных дактрын уніцтва і праваслаўя ў іх сувязі з дамінуючым інтэлектуальным кліматам і ідэалогіяй.

Шмат месца яна прысвячае тлумачэння сацыяльнага вучэння Рускай Праваслаўнай царквы, якая, паводле амерыканскай даследчыцы, заахвочвала адданасць цару, у параўнанні з арыетацыяй на прававыя нормы і кантрактныя адносіны ў выпадку Ўніяцкай (Скінэр, 2007).

У той жа час досыць праблематычна сцвярджаць што ўніяцкія святары транслявалі каштоўнасці непасрэдна з дапаможнікаў па маральнай тэалогіі, а масы сялян-вернікаў– пасіўна і літаральна ўспрымалі такія ідэі. Скінэр не надае праблематызацыі гэтага аспекту належнай увагі, хоць гэты накірунак ужо даўно распрацоўваецца ў рамках той жа “новай культурнай гісторыі” (Hunt, 1989; Котлярчук, 2001).

Паводле амерыканскай даследчыцы, менавіта ў XVIII ст. уніяцкая юрысдыкцыя максімальна пашырылася пасля траўматычнай і турбулентнай другой паловы XVII ст., якая паставіла само выжыванне канфесіі на большай частцы тэрыторыі Рэчы Паспалітай пад пытанне. Палітызацыя канфесійнай прыналежнасці ў кантэксце расійскай імперскай палітыкі і адчуванне ўнутры Рэчы Паспалітай сябе як краіны ў атачэнні “іншаверцаў” прывяла да абвастрэння супрацьстаяння паміж Праваслаўнай і Ўніяцкай цэрквамі.

Аўтарка фактычна сцвярджае, што больш інтэнсіўны характар гвалт у дачыненні вернікаў і іх супраціў адбываўся там, дзе традыцыі ўніі паспелі пусціць глыбокія карані У літаратуры даўно існуюць розныя погляды на тое, як моц рэлігійных пачуццяў уплывае на гвалтоўныя дзеяння і стварэнне “вобразу ворага” (De Vries, 2002).

Пры гэтым нельга правесці дакладнай лініі падзелу паміж тымі тэрыторыямі, дзе ўнію ўспрымалі як неад’емную частку ўласнай ідэнтычнасці, і тымі, дзе яна зацвердзілася адносна нядаўна. Характар рэакцыяў вернікаў на спробы навяртання часта (але не заўсёды), паводле Скінэр, указваюць на наяўнасць своеасаблівых лініяў “культурнага разлому”. На беларускіх землях тэрыторыя 2-га падзелу аказалася больш прывязанай да ўніі, чым 1-га.

У другой палове XVIII стагоддзя не магло быць і гаворкі пра канфесійную мабільнасць, альбо дабраахвотны выбар веравызнання. У 1760-1790-я гг. змена веравызнання, якая супярэчыла дзяржаўным інтарэсам як расійскіх, так і ўладаў Рэчы Паспалітай разглядалася не проста як вераадступніцтва, але як дзяржаўная здрада.

Нельга ахапіць усе праблемы, звязаныя з гісторыяй адносінаў уніяцтва і праваслаўя і нельга раскрыць іх усе адразу, але кніга заслугоўвае вельмі высокай ацэнкі. На некаторыя праблемы, якія на думку Скінэр, з’яўляюцца і будуць актуальнымі, яна звярнула асаблівую ўвагу як, напрыклад, параўнаўчае даследванне ўніяцкіх і праваслаўных парафіяў на межах Рэчы Паспалітай і Расіі.

Цікавыя і праблемы таго ці з’яўлялася ўступленне рыма-каталікоў у базыльянскі ордэн адным з каналаў захавання русінскай ідэнтычнасці, а таксама больш уважлівае вывучэнне ўнутранага аздаблення парафіяльных уніяцкіх цэркваў, што само па сабе было своеасаблівай “бібліяй непісьменных” (Гуревич, 1989; Senyk, 2006: 201-234).

Больш увагі таксама, на яе погляд, заслугоўваюць і пастанаўленні аб вяртанні ў унію раней пераведзеных у праваслаўе сялян у канцы XVIII ст. Не менш важныя і даследванні на лакальным узроўні самога працэсу навяртання ўніятаў у праваслаўе падчас і пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай і адваротнага працэсу вяртання ў унію пазней. Усё гэта магчыма толькі з улікам абмежаванняў, якія накладаюць крыніцы і тэарэтыка-метадалагічны апарат даследчыкаў.

Навуковец з універсітэту штата Індыяна транслітэравала ў кнізе асабістыя і геаграфічныя назвы так, як яны адлюстраваны ў крыніцах з тым, каб яны не надта адрозніваліся ад сучасных назваў. Напрыклад, Наваградак у кнізе перадаецца як Novohrodok. Усё ж такі бянтэжыць наяўнасць некаторых недарэчных скажэнняў такіх як “Druissa” у Полацкай дыяцэзіі, бо не ясна пра Друю ці Дрысу ідзе гаворка. Гэта сведчыць аб крыху меншай абазнанасці аўтаркі ў гістарычнай геаграфіі беларуска-літоўскіх зямель у параўнанні з украінскімі і некаторай некрытычнасці ў адносінах да крыніцаў.

Скінэр лічыць абмежаванне вывучэння гісторыі Ўніяцкай царквы сучаснымі нацыянальнымі рамкамі і межамі немэтазгодным, бо гэта звужае магчымасці даследчыка і перашкаджае фарміраванню комплекснага шматвымернага ўяўлення аб гісторыі канфесіі.

Барбара Скінэр перакананая, што нельга прымяншаць уплыў царкоўнай уніі на культуру і ідэнтычнасць украінцаў і беларусаў. Уплывы гэтыя не зводзяцца выключна да Заходняй Украіны, дзе доўгі перыяд спатрэбіўся для ператварэння яе ў нацыянальны інстытут, і такі вынік быў далёка не перадвызначаным наперад. Канфесійныя разломы з часам перасунуліся далей на захад, але і да сёння нагадваюць пра сябе супрацьпастаўленнем ідэнтычнасцей і палітычных памкненняў, якія маюць лакальнае, нацыянальнае, рэгіянальнае і еўрапейскае вымярэнне.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...