Жарсці вакол штрафбатаў: погляд знутры

Пыльцын_вокладка

Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Александр Пыльцын (2010). Страницы истории 8-го штрафного батальона Первого Белорусского фронта. Мн., ИВЦ Минфина, 480 с.

Агляд падрыхтаваў Аляксандр Казакоў.

Наўрад ці ў мінулым стагоддзі можна адшукаць перыяд, які б выклікаў столькі супярэчнасцей, хаваў столькі таямніцаў, меў белых плямаў і зведаў столькі гістарыяграфічнай тэндэнцыйнасці, як Другая Сусветная вайна. Падзенне СССР і знікненне забароны на абмеркаванне шматлікііх праблем стварыла ўмовы як для іх навуковага вывучэння, гэтак жа і для з’яўлення твораў, разлічаных на шырокага спажыўца. Адным са “скандальных” ваенных сюжэтаў з’яўляецца гісторыя штрафных аддзелаў Чырвонай арміі, што зусім не здзіўляе, бо за савецкім часам гэта тэма не тое што праходзіла праз шчыльны ідэалагічны фільтр – яна ўвогуле была табу па вядомых прычынах. Але сама кніга па сутнасці прапануе нам своеасаблівы экскурс у светапогляд прадстаўніка савецкага грамадства, які, нават крытыкуючы яго сталінісцкія падмуркі, фактычна іх апраўдвае.

Як кажа сам аўтар (удзельнік вайны, генерал-маёр узброеных сіл СССР у адстаўцы), узяцца за напісанне кнігі яго прымусіла тое, што сёння гісторыя “бессовестно, тенденциозно искажается, извращается…” людзьмі творчых прафесій, а таксама “с позволения сказать, “историками” (с. 8). З ліку апошніх, аднак, ніхто не названы персанальна. Сярод імёнаў фальсіфікатараў знаходзім аўтара рамана “Штрафбат” Эдуарда Валадарскага і рэжысёра Мікалая Досталя, які зняў аднайменны тэлесерыял па сцэнары таго ж Валадарскага, а таксама аўтара кнігі “Штрафбат. Кровь Серого” Аляксандра Бялова ды аўтара дакументальнага фільма “Штрафники” Ільва Данілава. Іншыя “знатоки”, “очернители” і да т.п., якія час ад часу згадваюцца па тэксце, застаюцца ананімнымі

Апавяданне пра шлях 8 штрафнога батальёна першага беларускага фронта з’яўляецца дапоўненым і перапрацаваным варыянтам ранейшых прац А. Пыльцына – “Штрафной удар” і “Правда о штрафбатах”. Кніга складаецца з 18 раздзелаў, у якіх аўтар апісвае ўласны баявы шлях у якасці камандзіра ўзвода і потым роты штрафбата ў 1943 – 1945 гг. (варта адразу сказаць, што камандзірамі ў штрафных батальёнах былі афіцэры, якія там служылі на пастаяннай аснове, у адрозненне ад асуджаных байцоў-пераменнікаў – уласна штрафнікоў), сцісла распавядае пра сваё жыццё да і пасля вайны, часам парушаючы храналагічную паслядоўнасць. Гэта асноўная сюжэтная лінія, ад якой А. Пыльцын адыходзіць для пэўных абагульненняў адносна гісторыі штрафных батальёнаў і іншых разважанняў.

Асобнай увагі заслугоўвае раздзел 9, прысвечаная Беларусі і захаванню тут памяці пра Другую сусветную вайну, якую аўтар называе Вялікай айчынай. Акрамя таго, знаходзім тры дадаткі: славуты загад № 227, якім прадугледжвалася стварэнне штрафных батальёнаў і штрафных рот, палажэнне народнага камісарыята абароны “О штрафных батальонах действующей армии” і кароткага нарыса іншага аўтара пра загараджальныя атрады, апублікаванага яшчэ ў 1988 г.

Сваеасаблівым дадаткам можна лічыць і раздзел 18 “Штрафбатовские стихи”. У завяршэнні прыводзіцца спіс выкарыстанай літаратуры (18 пазіцый) і датычных 8 штрафнога батальёна дакументаў з Цэнтральнага архіва міністэрства абароны РФ (16 спраў). Напэўна гэта павінна сведчыць аб тым, што аб’ектыўная ісціна аб вайне не патрабуе моцных дакументальных доказаў, бо для некрытычнай ці індактрынаванай чытацкай аўдыторыі, на якую разлічвае Пыльцын. Для такіх апеляванне да выпакутаванай “акопнай праўды” павінна быць дастатковай гарантыі манументальнасці і нефальсіфікавальнасці гэтай “праўды”.

Што тычыцца галоўнай мэты аўтара – распавесці праўду пра штрафбаты і абвергнуць “хлусню” і “міфы”, – то ўласна гэтаму прысвечаны трэці раздзел. Яшчэ з уводзінаў чытач даведваецца пра важную акалічнасць: штрафныя батальёны фарміраваліся выключна з афіцэраў, іншая справа – штрафныя роты, якія складаліся з шэрагоўцаў, а таксама маглі папаўняцца крымінальнымі элементамі. Узнікае жаданне задаць аўтару рэзоннае пытанне: ці не варта было знізіць градус выказванняў супраць “фальсіфікатараў”, галоўнай памылкай якіх было тое, што яны не ўбачылі розніцы паміж штрафнымі ротамі і батальёнамі?

Такім чынам, А. Пыльцын даводзіць, што параненых штрафнікоў, якія пакідалі поле бою, ніхто не растрэльваў. Наадварот, камандзіры, у іх ліку сам аўтар, пераконвалі падначаленых, што раненне – падстава для самастойнага выхаду з бою. Прычым, далёка не заўсёды штрафнікі карысталіся такім правам. Праліццё крыві не было адзінай умовай вызвалення з штрафбата і рэабілітацыі. Гэта таксама рабілася за баявыя заслугі ці па сканчэнні трохмесячнага тэрміну. Болей за тое, звычайнай справай было ўзнагароджанне штрафнікоў ордэнамі і медалямі. Аўтар імкнецца давесці, што штрафбат не кідалі безаглядна ў самазабойчыя атакі, не пасылалі на верную смерць, як гэта прынята лічыць.

У той жа час ён кажа, што штрафбатам часамі загадвалі атакаваць праз мінныя палі. Але адказнасць за гэта аўтар ускладае на асобных несумленных вышэйшых камандзіраў. Яму самому аднойчы давялося весці сваіх людзей у такую атаку. Далей абвяргаюцца яшчэ два міфы: штрафнікоў гналі ў бой без зброі і не забаяспечвалі харчаваннем, прымушаючы іх рабаваць мясцовае насельніцтва. А. Пыльцын сцвярджае, што яго штрафбат заўсёды меў сучасную зброю, дастаткова баепрыпасаў і харчавання. Трэба заўважыць, што ў сваёй крытыцы фальсіфікацый аўтар нават не ставіць пытанне пра штрафныя роты, а кажа адно пра батальёны, у асноўным грунтуючыся на ўласным досведзе.

Уся кніга прасякнутая духам савецкага патрыятызму, пачуццём гонару за Перамогу над фашызмам і гераізм савецкага народа, настальгіяй па штрафбатаўскім братэрстве. Дзеля таго, каб надаць свайму опусу налёт аб’ектыўнасці аўтар адзначае (што, відаць, з’яўляецца агульнай характэрнай іх рысай) і негатыўныя праявы савецкай сістэмы. Але крытыка тут вельмі мягкая, выціснутая на перыферыю наратыва, і часам суправаджаецца апраўданнямі тых ці іншых заганаў. Увогуле ствараецца ўражанне, што спрацавала моцная самацэнзура. Напрыклад, А. Пыльцын не згодны з тым, што ў штрафбат трэба было накіроўваць усіх, хто пабываў у нямецкім палоне альбо на занятай ворагам тэрыторыі, без скрупулёзнай праверкі, як гэта шырока практыкавалася. Але ў той жа час ён дапускае, што сярод такіх маглі быць і завербаваныя немцамі здраднікі радзімы (37 – 38).

На старонках кнігі можна знайсці факты, якія не пакінуць абыякавым таго, хто хоча голай праўды пра вайну: сямёра байцоў, што патрапілі ў штрафбат за знаходжанне на акупаванай тэрыторыі, перайшлі да немцаў (с. 34); выпадкі самастрэлаў з мэтай вызваліцца са штрафбата (151 – 152); зверская расправа невядомых чырвонаармейцаў над мірнай нямецкай сям’ёй  (331); згаданая вышэй атака штрафнікоў праз міннае поле па загадзе вышэйшага камандавання, пасля якой рота А. Пыльцына згубіла 80% складу (295).

Аўтара трывожыць “деидеологизация и дегероизация нашего недавнего советского прошлого”, што адбываецца ў Эстоніі, Польшчы, Украіне (226). Зусім іншым прыкладам выступае Беларусь, дзе А. Пыльцын бывае час ад часу. Ён вельмі кампліментарна выказваецца пра краіну, якая ашчадна захоўвае памяць пра Вялікую айчынную вайну, дзе вядзецца сур’ёзная праца па патрыятычным выхаванні маладога пакалення. Чытач даведваецца, што беларуская моладзь вельмі адказна ставіцца да службы ў войску. Як сцвярджае аўтар, хто “не отдал долг Родине – поставил сам себе клеймо”. Такіх не толькі ў дзяржструктуры, ува многія фірмы на працу не возьмуць (sic!) (217)

У цэлым кніга А. Пыльцына з’яўляецца каштоўнай перш за ўсё як гістарычная крыніца. Мемуарная частка можа быць выкарыстаныя для рэканструкцыі баявых дзеянняў, у якіх прымаў удзел 8 штрафны батальён першага Беларускага фронта. Акрамя таго, гэтая кніга – яшчэ і крыніца для вывучэння асаблівасцяў савецкага менталітэта на прыкладзе адной асобы. Чалавек, бацька якога быў двойчы рэпрэсаваны (другі раз–за крытыку рэжыма), якога пасылалі ў атаку праз міннае поле, і ў XXI стагоддзі не ставіць пад сумнеў ролю “Великого Сталина, победившего гитлеровскую Германию” (415).

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...