Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.
Homo Historicus 2012. Гадавік антрапалагічнай гісторыі.–Вільня, ЕГУ, 2012.– 526 с.
Агляд падрыхтаваны Сцяпанам Стурэйкам.
Рэцэнзаваць зборнік навуковых прац няпроста. Складана бывае зафіксаваць сам прадмет рэцэнзіі – ці то асобныя артыкулы і матэрыялы ацэньваць, ці то агульную канцэпцыю і працу ўкладальніка. Паспрабуем у межах адной рэцэнзіі скамбінаваць абодва падыходы.
Прадстаўленае на агляд выданне з’яўляецца ўжо трэцім выпускам гадавіка. Атрымалася перыядычнае выданне, што не можа не радаваць чытача. А як інакш, калі ідэя, што захапіла ўкладальнікаў, працягвае жыццё, развіваецца і мусіць так ці інакш даваць плён. Улічваючы гэта, вельмі хацелася б даведацца пра тое, як самі ўкладальнікі адчуваюць дынаміку ўласнай працы. На жаль, пачынаць рэцэнзію даводзіцца з канстатацыі адсутнасці якіх-небудзь уводзінаў, якія б па-новаму канцэптуалізавалі ідэю выдання.
Адсутнасць уводзінаў і тлумачэння структуры трошкі блытае чытача. Зразумела, уводзінамі пачыналіся папярэднія два зборнікі. Дарэчы, самыя першыя ўводзіны як раз сталі тэмай прыдзірлівага аналізу ў адной з нешматлікіх крытычных рэцэнзій.
Зборнік складаецца з сямі раздзелаў, але ж падаецца самымі цэнтральнымі і канцэптуальнымі ў ім з’яўляюцца першыя два.
Першы раздзел – “Гісторыя, антрапалогія”. Ужо сама назва (словы, пададзеныя праз коску) кажа, што ўкладальнікі ўсведамляюць цяжкасць збораў менавіта гісторыка-антрапалагічных тэкстаў. Тут сабраныя, бадай, самыя моцныя матэрыялы, што хоць нейкім чынам адпавядаюць заяўленым накірункам.
Самы першы тэкст зборніка, які належыць айцу Аляксандру Надсану, прадстаўлены як навуковы артыкул, а тое, што стаіць ён ў самым пачатку, дае надзею, што гэта ўзорны прыклад антрапалагічнай гісторыі. Тым больш пад такой інтрыгуючай назвай: “Эўрапеец у эўрапейскім горадзе: Скарына ў Вільні”. Але на самой справе тэкст – стэнаграма публічнай лекцыі а. Аляксандра, чытанай з ўрачыстай нагоды ў ЕГУ. Друкаваць такі тэкст – пачэсна і для выдання, і для самога аўтара. Але ж мабыць варта было вылучыць яго ў нейкі асобны раздзел, бо ганаровая лекцыя – спецыфічны жанр, што патрабуе іншага прадстаўлення.
Затым ідзе сапраўдны цікавы гістарычны артыкул Вольгі Бабковай, прысвечаны разбору аднаго раней невядомага верша шубраўца Францішка Гжымалы, у якім нібыта перапляліся лёсы Адама Міцкевіча, Адама Чартарыйскага і сябры віленскага “Блакітнага саюзу філарэтаў” Адама Сузіна.
Наступны тэкст – Аляксандра Радзюка – таксама ўяўляе разбор пасямейных спісаў высланых пасля паўстання 1863-1864 г. углыб Расіі жыхароў пяці вёсак Гарадзенскай губерні. Асноўную вартасць тут, безумоўна, нясуць аўтарскія заўвагі, што займаюць больш за 16 старонак. Карпатлівасць працы і яе амаль ювелірнасць проста ўражваюць. Праўда, вельмі не хапае нейкай агульнай высновы з напісанага, вылучэння тэндэнцый ці заканамернасцяў.
Тэкст Андрэя Ціхамірава – першы тэкст зборніка, сапраўды напісаны з пазіцый гістарычнай антрапалогіі. На падставе артыкулаў “Вестника Западной России” аўтар спрабуе рэканструяваць у ім вобразы жанчын і жаноцкасці ў заходнерусісцкім светапоглядзе. Тэкст сапраўды вельмі цікавы, чытаецца на адным подыху. Глыбіня аўтарскага аналізу тэмы прымушае адно шкадаваць аб параўнальна невялікім аб’еме артыкулу.
Наступны прадстаўлены тэкст Ганны Энгелькінг “Паміж панам і жыдом. Заўвагі пра структуру ідэнтычнасці беларускіх калгаснікаў рабяжа ХХ – ХХІ ст.” – прапануе вынікі этналагічнага даследавання. Крыху здзіўляе заяўленая ў англамоўным падсумаванні тэза пра тое, што беларуская вёска ёсць адным з апошніх на сёння сховічшам дамадэрнай ментальнасці. Праўда, ужо ў самім тэксце гэтая тэза тлумачыцца больш карэктна.
Аўтарка выкарыстала класічны метад палявога даследвання – інтэрв’ю з жыхарамі 70 вёсак заходняй і 40 вёсак усходняй Беларусі. Праўда, пададзеная напрыканцы геаграфія сапраўды выкарыстаных інфармантаў уяўляецца не надта рэпрэзентатыўнай. Так, з Магілёўшчыны і Віцебшчыны ў аўтаркі было толькі па адным суразмоўцы – жанчыне. Прычым амаль усе выкарыстаныя аўтаркай цытаты з інтэрв’ю – польскамоўныя. Чамусьці ўсіх сваіх інфармантаў аўтарка спрэс называе калгаснікамі, што таксама падаецца не надта карэктным. Наогул артыкул ўяўляе сабой узор старонняга погляду на культурныя рэаліі жыхароў сучаснай беларускай вёскі, што, безумоўна вельмі карысна для беларускіх этнолагаў. Не кажучы ўжо пра адкрыццё іншай метадалагічнай перспектывы даследаванняў вясковай культуры ды трансфармацыі ідэнтычнасці.
Вялікі артыкул Ларысы Міхалюк “Каталіцкі касцёл Беларусі, яго вернікі і святары ў перыяд нямецкай акупацыі” з’яўляецца ўжо больш традыцыйным сістэматычным гістарычным даследаваннем, пабудаваным на звыклых беларускім гісторыкам метадалагічных прыёмах паступовага і разважлівага разбору пісьмовых крыніц.
Завяршае раздзел чамусьці адзіны не перакладзены артыкул Аміра Вайнера са складанай назвай “Імперыя наносіць візіт: вяртанцы з ГУЛАГу, усходнееўрапейскія паўстанні і савецкая памежная палітыка” (The Empires Pay a Visit: Gulag Returnees, East European Rebellions, and Soviet Frontier Politics). Артыкул дэманструе метадалагічную сумесь з выкарыстання традыцыйных крыніцаў ды ўспамінаў палітычных вязняў і дэсідэнтаў. Аўтар закранае тэму сацыяльнай нестабільнасці другой паловы 1950-х гг. у сацыялістычных краінах. Тэма носіць гістарычны і ў пэўнай ступені паліталагічны характар. Праўда, не зусім зразумела, як даследаванне апынулася ў гэтым раздзеле, асабліва калі ўлічыць наяўнасць ў выданні адмысловай “палітычнай” частцы.
Робячы прамежкавае падсумаванне, можна сказаць, што ўсе тэксты якасныя і цікавыя, але ж ці трапляюць яны ў заяўленую канцэпцыю гадавіка – пытанне застаецца адкрытым.
Далейшы вялікі сэнсавы раздзел завецца “Пераклады”, дзе змешчаны тэксты адабраныя ўкладальнікамі з меркаванняў актуальнасці іх для сённяшняга стану беларускай навукі. Такімі тэкстамі сталі: класічныя і даўно даступныя на рускай мове ўводзіны да навуковага зборніка “Этнічныя групы і межы. Сацыяльная арганізацыя культурных адметнасцяў” Фрэдэрыка Барта. Наконт мэтазгоднасці беларускамоўнага дублявання навуковай літаратуры, што ўжо існуе ў рускамоўным перакладзе, існуюць розныя думкі, таму зараз аспрэчваць задуму ўкладальнікаў не будзем.
Наступны найцікавейшы тэкст амаль дзесяцігадовай даўніны належыць Міраславу Гроху і Йітке Малечковай: “Гістарычная спадчына: кантынуітэт і дыскантынуітэт у канструяванні нацыянальнай гісторыі”. У ім сучасны чэшскі класік займаецца сваёй улюбёнай справай – параўнаннем нацыяналізмаў Чэхіі ды іншых еўрапейскіх краін. На гэты раз гэта Нарвегія, Грэцыя і Турцыя. Апошні тэкст раздзелу – “Паншчына ў памяці палешукоў” Юзафа Абрэмбскага. Агулам можна сказаць, што падборка тэкстаў, напісаных у рэчышчы культурнай антрапалогіі, сапраўды адпавядае канцэпцыі зборніка. Але застаецца пытанне: чаму з усяго неабсяжнага акіяну добрых замежных тэкстаў былі абраныя менавіта гэтыя тры і што іх аб’ядноўвае?
Трэці вялікі раздзел – “Studia Mithologica”, уключае тэкст Ірыны Дубянецкай, прысвечаны хітыцкай (хецкай) міфалогіі, тэксты Надзеі Храпавіцкай ды Ганны Кавалёвай з параўнаннем хітыцкіх і беларускіх міфаў.
Чацверты раздзел – “Homo Politicus” прысвечаны нібыта паліталагічным штудыям, але насамрэч ў ім праз трохі скарэктаваную даследчыцкую оптыку прапануюцца досыць традыцыйныя гістарычныя сюжэты – напрыклад, Макота Хаясака “Краёвая ідэя ў гістарычнай рэфлексіі. Параўнаўчы аналіз” (прычым параўнанне ідзе з Японіяй, што можна зразумець па паходжанні аўтара), а таксама Аляксандр Смалянчук – “Краёвая ідэя і беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі ў 1920-1930 гг.”.
Пяты раздзел, прысвечаны памяці Віталя Скалабана “Беларусіка ў архівах і бібліятэках замежжа”, у якім Леанід Смілавіцкі робіць агляд архіўных калекцый дакументаў і матэрыялаў Ізраіля (адзіны матэрыял на рускай мове ў зборніку), А. Смалянчук – адпаведны агляд літоўскіх архіваў і бібліятэк. Вольга Лабачэўская піша пра фальклорны архіў Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні. Таксама маецца публікацыя “Фундацыйнага прывілею Полацкага калегіума таварыства Ісуса”, падрыхтаваная Ганнай Паўлоўскай ды Ірынай Краўчук.
Шосты раздзел – “Экспедыцыйныя нататкі”, што змяшчаюць матэрыялы палескай экспедыцыі 2009 г. пад кіраўніцтвам А. Смалянчука, а таксама рэканструкцыю на падставе сведчанняў схемы гета “Лунна-Воля”, выкананую Рут Маркус і Лявонам Карповічам.
Нарэшце, у зборнік уключаная рэцэнзія Ганны Зялінскай на польскае выданне “Слоўніка двухмоўных жыхароў раёну (слоўнік Браслаўскі)”.
Калі паспрабаваць даць агульную ацэнку намаганням укладальнікаў зборніку, дык ім сапраўды ўдалося сабраць пад адной вокладкай цікавыя і рознабаковыя навуковыя працы ад даследчыкаў, якія займаюцца вывучэннем пераважна беларускай праблематыкі. Відавочна, асабліва ўлічваючы геаграфію аўтараў, гэта патрабавала вялікіх арганізацыйных высілкаў. Разам з тым, востра не хапае працягу дыскусіі (калі верыць, што такая дыскусія наогул пачыналася) аб метадалогіі антрапалагічнага вывучэння нашага мінулага, такой дыскусіі, якая грунтавалася б перадусім на мясцовым беларускім матэрыяле.