Беларусь, Версальска-Рыжская сістэма і лёсы еўрапейскага міру

Бажэнцкі

Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

 

Borzęcki, Jerzy. The Soviet-Polish Peace of 1921 and the Creation of Interwar Europe. – Yale University Press, New Haven and London, 2008. – XVI+401 pp.

Агляд падрыхтаваны Аляксандрам Пагарэлым.

У мадэрнай беларускай гісторыі, афарбаванай у цёмныя адценні, няцяжка знайсці “чорныя плямы”, дзе б яны згушчаліся асабліва моцна Да такіх шматлікіх “чорных плямаў” безумоўна адносіцца і Рыжская мірная дамова. Для многіх беларусаў яна стала трагедыяй, што адчуваецца нават праз 90 год. Кніга канадскага гісторыка Ежы Бажэнцкага (Універсітэт Таронта) якраз прысвечана гэтай тэме. Кніга ўжо выдавалася ў польскім перакладзе Польскім Інстытутам Міжнародных Адносінаў у 2012 г. У Польшчы падкрэсліваецца адзначаны Бажэнцкім кампрамісны характар дасягнутых паміж бальшавікамі і палякамі дамоўленасцяў. Для нас жа важна, што яна імкнецца да шматбаковага апісання механізмаў узаемадзеяння розных удзельнікаў (не толькі Польшчы і бальшавіцкай Расіі) Польска-Савецкай вайны 1919-20 гг. і ўрэгулявання яе вынікаў.

Мэта кнігі –  даследаванне Рыжскага міру ў яго сувязі з рэгіянальным і агульнаеўрапейскім кантэкстам. Аўтар робіць гэта дзякуючы ўвядзенню новых матэрыялаў з расійскіх і польскіх архіваў. Кніга складаецца з 9 раздзелаў, два з якіх прысвечаны першым дыпламатычным кантактам палякаў з бальшавікамі, тры – перамовам у Мінску ўлетку-ўвосень 1920 г. Яшчэ тры – самім перамовам і заключэнню мірнай дамовы ў Рызе, а самы апошні ўяўляе сабой падрабязны разгляд імплементацыі пунктаў дамовы.

Кніга мае некалькі матываў, якія праходзяць праз яе. Гэта і ўнутраная супярэчнасць польскіх федэралісцкіх планаў, а разам з гэтым і прыхільнае стаўленне часткі польскай эліты да магчымай аўтаномнай Беларусі і Украіны, і бальшавіцкай ідэі сусветнай рэвалюцыі. Паводле аўтара, разбурэннем федэралісцкіх планаў стала прызнанне Польшчай Савецкай Беларусі і Украіны як умовы падпісання перамір’я ў кастрычніку 1920 г. Аўтар разам з тым перабольшвае значэнне федэралізму ў выпадку Беларусі. Беларуская дзяржаўнасць узнікла не ў кантэксце польскіх праектаў. Наадварот, яны прыстасоўваліся да факту існавання дзяржаватворчых памкненняў у беларусаў.

Аўтар дастаткова цікава, з выкарыстаннем новых дакументаў ілюструе пазіцыю бальшавікоў па беларускім пытанні. Беларусь і беларусы для бальшавікоў выступаюць выключна як разменная манета. Дастаткова выразна выступае кантраст паміж афіцыйнымі дэкларацыямі і заявамі бальшавіцкіх кіраўнікоў і тым, што гучала ў іх перапісцы як, напрыклад, Ёфе – кіраўніка савецкай дэлегацыі ў Рызе – з Чачэрыным. Беларусь, паводле тых жа Чычэрына і Ёфе, павінна была быць прадстаўлена на перамовах у асобе Чарвякова. Бальшавікі пайшлі на зліццё з РСФСР дзяржаўных структур БССР і такім чынам фармальны ўдзел БССР у рыжскіх перамовах быў забяспечаны. У беларускім пытанні Саветы гатовы былі ісці на тэрытарыяльныя саступкі, паколькі перамовы з Польшчай былі прывязаны да перамоваў з Фінляндыяй і Велікабрытаніяй.

Рыжская мірная дамова так і не была рэалізавана поўнасцю. Аднак Бажэнцкі глядзіць на яе і на Версальска-Рыжскую сістэму ўвогуле з перспектывы падзеяў 1939 г. Падзенне Польшчы азначала страту незалежнасці іншымі краінамі Усходня-Цэнтральнай Еўропы. Ежы Бажэнцкі адназначны ў сваёй ацэнцы наступстваў дамовы для беларусаў, якая спадабаецца далёка не ўсім: падзел беларускіх земляў меў станоўча значэнне, бо сёння менавіта ў Заходняй Беларусі ідэя нацыянальнай незалежнасці мае найбольшую падтрымку.

І тым не менш, аўтара ўсё ж цяжка папракнуць у няўвазе да дэталяў. Для дыпламатычнай і палітычнай гісторыі Беларусі такі падыход неабходны для лепшага разумення механізмаў і працэсаў, якія прывялі да замацавання Беларусі на мапе Еўропы.

Check Also

Стыпендыі для беларускіх навукоўцаў (дэдлайн да 27.09.2024)

У межах праграмы Еўрапейскай камісіі для падтрымкі беларускіх навукоўцаў абвешчаны чарговы этап вылучэння стыпендый для ...