Не зусім новае выданне пра Гродна ў верасні 1939 года

МалішэўскіАгляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Малишевский Николай. Бой за Гродно в сентябре 1939 года глазами участников и очевидцев. – Минск, Издатель А.Н.Вараксин, 2012. – 140 с.

Агляд падрыхтаваны Андрэем Вашкевічам

Факт з’яўлення новай кніжнай пазіцыі, прысвечанай гісторыі Гродна, не можа не ўзрадаваць. Тым больш, калі гэта праца напісаная беларускім, а не польскім ці расійскім гісторыкам. Аднак нярэдка радасць ад новага выдання хутка знікае пасля нават павярхоўнага азнаямлення з кнігай.

У выпадку з кнігай М. Малішэўскага дастаткова глянуць на вокладку, каб зразумець, што нешта не так. Бо замест гродзенскага пейзажу сямідзесяцігадовай даўніны на ёй красуецца фота… няўдалай высадкі канадцаў у Д’епе ў жніўні 1942 года. Палаючы дэсантны карабель, кінуты танк “Чэрчыль”… Як гэта звязана з горадам над Нёманам?

Шэраг пытанняў выклікае ўжо сама назва кнігі. Надпіс на вокладцы кнігі адрозніваецца ад назвы ў іншых месцах і гучыць “Бой за Гродна 19 верасня 1939 года вачыма ўдзельнікаў і відавочцаў”. Пры чым тут 19 верасня, калі баі за Гродна ішлі акурат 20 – 21 верасня 1939 года?!

Далей болей. У анатацыі да кнігі сцвярджаецца, што выданне падрыхтавана на аснове польскіх крыніц і паказвае падзеі так “як іх успрымалі і бачылі ўдзельнікі палякі і трактуюць сучасныя польскія гісторыкі”. Між тым колькасць і аб’ём цытат з твораў беларускіх літаратараў, гісторыкаў і ўспамінаў савецкіх вайскоўцаў, ніяк не саступае цытатам з польскіх крыніц. Наагул цытаты складаюць каля 70% кнігі і часта маюць проста велізарны аб’ём. Напрыклад цытата з успамінаў савецкага камкора Андрэя Яроменкі займае суцэльна 21 старонку невялікай 130-старонкавай кнігі і ахоплівае падзеі 16 – 19 верасня 1939 года – гэта значыць, ніяк не тычыцца баёў за Гродна, якія пачаліся толькі 21 верасня 1939 гг.

Дакладнай структуры кніга не мае. Фактычна можна выдзеліць тры асноўныя часткі: сітуацыя ў Гродне і наогул у Заходняй Беларусі напачатку верасня 1939 года; савецка-польскія баі за горад 21 – 22 верасня 1939 года і кароткае падсумаванне. Падзеі час ад часу “залазяць адна за адну”, але ўспрыманне прыведзеных звестак гэта не ўскладняе.

Саму кнігу аўтар пабудаваў лагічна, распавядаючы аб падзеях па храналагічным прынцыпе. Аўтар заўважна ўхіляецца ад ацэначных характарыстык як у дзеяннях польскіх абаронцаў Гродна, так і ва ўчынках чырвонаармейцаў. Гэта тычыцца і польскіх рэпрэсій супраць прыхільнікаў савецкай улады, якія спрабавалі ўзяць уладу ў Гродне ўжо 17 – 18 верасня, і савецкіх расстрэлаў абаронцаў Гродна 21 – 22 верасня. Адзінае, дзе можна заўважыць ідэйныя арыенціры аўтара – развагі пра немагчымасць прывязаць хлопчыка да брані савецкага танка, хаця перад гэтым аўтар добрасумленна цытуе ўсе існуючыя выказванні сведкаў на гэты конт.

Асобная тэма для разваг – выкарыстаныя ў кнізе фота і выяваў. Такое ўражанне, што іх падбіраў чалавек, наогул незнаёмы з тэмай. Подпіс пад здымкам на с. 5 паведамляе: “Польскія танкісты пазіруюць каля свайго танка. Польшча, 1939 г.” Насамрэч на здымку група нямецкіх танкістаў, якія сядзяць каля свайго танка чэшскай вытворчасці. На с. 8 выява яўна параднага здымка з польскімі ўланамі стала нямецкім здымкам з атакай польскімі кавалерыстамі нямецкіх танкаў. Савецкія салдаты на здымку са с. 16 не маюць ніякага дачынення да падзей 1939 года, паколькі ўсе маюць пагоны, уведзеныя, як вядома, толькі ў 1943 годзе. Плакаты на с. 17 і с. 33 выдадзены не ў 1939 г. (як падпісана), а яшчэ ў далёкім 1920 годзе.

На с. 48 подпіс “Палякі здаюцца ў савецкі палон” мае фота з вялізарнай калонай добра ўзброеных чырвонаармейцаў. На с. 107 подпіс “Нямецкая армія ўступае ў Гродна” мае знакамітае фота з сумесным парадам Чырвонай арміі і вермахта ў Брэсце. Наяўнасць гэтага здымка ў кнізе наагул не зусім зразумелая, паколькі тэму міфічнага савецка-нямецкага парада ў Гродне ў 1939 года аўтар цалкам справядліва абыходзіць маўчаннем. Гэта толькі частка заўваг, якія можна было б выказаць да канцэпцыі ілюстрацый у выданні.

У спісе літаратуры да выдання – 34 пазіцыі. Пры гэтым, адна пазіцыя (нумар 19 і нумар 24 чамусьці паўтараецца двойчы). У спісе прысутнічае асноўная маса літаратуры, пра падзеі верасня 1939 года, аднак спасылак на яе у самой кнізе амаль няма. З 67 спасылак па тэксце больш за 30 падаюцца з адной папулярнай кнігі Чэслава Гжэляка “Гродна, Вільня, Кодзеўцы” (Grzelak, 2002). На іншыя выданні Ч. Гжэляка (і не толькі яго) аўтар практычна не спасылаецца, таму не зусім ясна, ці аўтар карыстаўся прыведзеным спісам літаратуры падчас напісання тэксту, ці гэта толькі рэкамендаваная для прачытання літаратура. Наагул спіс аформлены дастаткова неахайна – напрыклад, у беларускіх выданняў  адсутнічаюць “ў”, польскія назвы кнігі і прозвішчы аўтараў вельмі часта падаюцца некарэктна.

На вялікі жаль, кнігу Мікалая Малішэўскага нельга назваць новым словам у вывучэнні гродзенскіх падзей верасня 1939 года, ці нават удалай папулярнай кампіляцыяй ужо існуючых тэкстаў.

Адзінае, за што варта падзякаваць аўтару, дык гэта за тое, што ён не пераўтварыў сваю кнігу ў агітку, чым пастаянна грашылі савецкія аўтары, і што час ад часу сёння робяць і аўтары польскія. Аўтар не пабаяўся даць першае слова відавочцам падзей безадносна ад іх нацыянальнасці і палітычных поглядаў – палякам, беларусам, габрэям, савецкім салдатам. А таксама зрабіць гэты матэрыял даступным рускамоўнаму чытачу. Бітва за Гродна ў верасні 1939 года для яго – гэта не проста пераможнае шэсце Чырвонай Арміі, а крывавае грамадзянскае супрацьстаянне, якое каштавала вялікіх ахвярах для абодвух бакоў. І ў гэтым адчуваецца чалавечы падыход аўтара, таму хаця б для павярхоўнага азнаямлення з тэмай кнігу можна прачытаць.

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе:

Grzelak, Czesław (2002). “Wilno-Grodno-Kodziowce 1939”. Bellona, 183 s.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...