Прэмія Кангрэса за лепшую навуковую публікацыю ў 2011-2012 гг. (дэдлайн – 20 лютага 2013 г.)

 

Асноўная ідэя і місія:

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра заснаванне штогадовай прэміі за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін на працягу года.

Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковай дзейнасці.

Заклікаем аўтараў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць значныя вынікі навуковай дзейнасці і, такім чынам, паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.

Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 20 лютага 2013 года. Дэталёвае апісанне правілаў і патрабаванняў гл. тут: Premija_rules_2013

Урачыстае наданне прэміі, а таксама грашовай узнагароды ў памеры не менш за 400 еўра кожнаму пераможцы, адбудзецца на Трэцім Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 11-13 кастрычніка 2013 года.

 

Намінацыі:

Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях:

Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія.

Гуманітарныя навукі: філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства.

Гісторыя.

Публікацыі па праву і эканоміцы прымаюцца да разгляду толькі ў тым выпадку, калі яны маюць міждысцыплінарны характар, а таксама закранаюць праблематыку асноўных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.

Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.

 

Працэдура:

Рашэнне пра наданне прэміі прымаецца на аснове заключэння Рады, якая складаецца з прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці Беларусі і іншых краін (не менш за 11 экспертаў на кожную намінацыю).

Першая прэмія надаецца за працы, якія былі надрукаваныя ў 2011-2012 гадах. Асноўныя патрабаванні: тэкст памерам не менш за 20 тысяч знакаў (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), напісаны адным ці некалькімі аўтарамі (але пад навуковай рэдакцыяй аднаго чалавека).

 

Вынікі конкурсу будуць аб’яўленыя напачатку чэрвеня 2013 года.

З павагай,

Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі

Check Also

Стыпендыі для беларускіх навукоўцаў (дэдлайн да 27.09.2024)

У межах праграмы Еўрапейскай камісіі для падтрымкі беларускіх навукоўцаў абвешчаны чарговы этап вылучэння стыпендый для ...