Успаміны пасла

Аляксандр Стагановіч. Успаміны пасла. – Мінск: Лімарыус, 2011. – 270 с. (Беларуская мемуарная бібліятэка).

Агляд падрыхтаваны гісторыкам Андрэем Мастыкам.

Вядома, што мемуарная літаратура выдаецца ў нас эпізадычна, асабліва тое датычыцца мемуараў асоб, якія не ўваходзяць у афіцыйны мэйнстрым ці класічны беларускі пантэон. Таму з’яўленне на паліцах кнігарняў чарговых успамінаў стала ўжо пэўная падзеяй, як для даследчыкаў так і аматараў гісторыі. Менавіта да такой з’явы можна аднесці “Успаміны пасла” Аляксандра Стагановіча, тым больш што гэтай кнігай распачынаецца серыя “Беларуская мемуарная бібліятэка”, заяўленая як выдавецкі праект па друку вялікага цыклу мемуараў і эпісталярных твораў беларускіх дзеячаў і творцаў.

Пра сур’ёзнасць намераў можа сведчыць склад навукова-выдавецкай рады: Аляксей Каўка, Вітаўт Кіпель, Адам Мальдзіс, Мікола Нікалаеў, Віталь Скалабан, Алесь Смалянчук, Захар Шыбека, Лявон Юрэвіч. Для распачынання мемуарнай серыі яе аўтарамі ўзяты ўспаміны досыць цікавай але малавядомай постаці ў беларускім руху Александра Лявонавіча Стагановіча, які ў нашай гістарыяграфіі адзначаны найперш як дзеяч беларускай эміграцыі.

Безумоўна, мемуары гэта не толькі літаратурны жанр, але і асаблівая крыніца гістарыяграфіі. Мемуары па фактычнай дакладнасці значна саступаюць дакументальным крыніцам. Але на сённяшні момант іх актуальнасць зусім не ў перадачы гістарычных фактаў. Мемуары маюць значэнне як дадатковая крыніца, якая раскрывае антрапалагічны чыннік у гісторыі, адлюстроўвае прысутнасць у ёй чалавечага фактару. Менавіта гэты чыннік дазваляе нам пабачыць чалавечую логіку ў падзеях мінулага, праінтэрпрэтаваць іх зыходзячы не са свайго светабачання і комплексу сацыяльна-палітычных уяўленняў, а ў адпаведнасці з ментальнасцю і поглядамі тагачасных людзей – сучаснікаў падзей.

Як усё чалавечае, ўспаміны – з’ява вельмі суб’ектыўная, хоць у адпаведнасці з законам мемуарнага жанру, яны мусяць захоўваць адпаведнасць гістарычным фактам. Але, зноў жа, у адрозненні, напрыклад, ад дзённікаў, мемуары засноўваюцца на рэтраспектыўнасці, звяртаючыся да аддаленага мінулага. Таму непазбежна даўнішнія сюжэты і падзеі падлягаюць пераацэнцы з вышыні здабытага мемуарыстам досведу.

Усё вышэй адзначанае цалкам адносіцца да “Успамінаў пасла”. Успаміны перадусім цікавы сваёй звышэмацыянальнай і катэгарычнай ацэнкай тых падзей, якія аўтару давялося перажыць. І гэтая ацэнка, што вельмі істотна, сыходзіць не выключна з асабістага ды эмацыйнага стаўлення, а робіцца з ідэйных установак і палітычных поглядаў аўтара.

Коратка дадзены твора можна акрэсліць як успаміны “беларускага палітыка”. Як вядома, палітыка феномен досыць ваяўнічы, які заўсёды мае на ўвазе канфлікт, пэўную знешнюю і нутраную канфрантацыю. Канфрантацыя ж цягне за сабой барацьбу з праціўнікам – гэтай барацьбой і прасякнутыя ўспаміны.

Распачынае сваё змаганне Аляксандр Лявонавіч у далёкім 1905 годзе яшчэ падлеткам, піку палітычнай актыўнасці дасягае ў “Змаганні” (пасольскім клубе сейма ІІ Рэчы Паспалітай) і працягвае сваю барацьбу да сталага ўзросту ўжо на эміграцыі.

Эмацыйны наратыў успамінаў адкрывае нам дзіўныя, выкручастыя і часам дужа заблытаныя стасункі беларускага нацыянальнага руху са сваімі ворагамі і апанентамі ў абліччы польскіх ўрадавых і карных органаў, камуністычных арганізацый, фінансаваных савецкай уладай. Таксама разглядаюцца ўзаемадачыненні канкурэнтных груповак ўнутры самога беларускага руху. Ва ўспамінах Аляксандр Стагановіч вельмі выразна адлюстраваў супярэчлівую ды напружаную сітуацыю 1920-1930-х гадоў, сітуацыю няспыннага супрацьстаяння і палітычнай варожасці.

Ва ўспамінах прысутнічае строгая ацэнка і часам занадта катэгарычны погляд аўтара на дзейнасць асобных беларускіх грамадска-палітычных дзеячаў: Я. Станкевіч, В. Рагуля, А. Луцкевіч, Р. Астроўскі і многіх іншых. Увогуле, у гэтых  мемуарах усплывае шмат імёнаў як слынных, так і малавядомых. Адметнасцю ж мемуараў з’яўляецца тое, што катэгарычнасць і крытычнасць аўтара разбівае пазітыўны арэол беларускага руху, ягоную вонкавую, ілюзорную цэласнасць, падае кампраметуючую інфармацыю ў дачыненні да канкрэтных вядомых асоб.

Натуральна, удумлівага і памяркоўнага чытача гэта не можа ўвесці ў зман. Наадварот, сцвярджэнні аўтара падкрэсліваюць, так бы мовіць, аўтэнтычнасць і жыццёвасць апісаных падзей, з усімі ўласцівымі чалавечаму жыццю інтрыгамі, здрадамі, крыўдамі. А ўважлівы чытач ці даследчык на падставе гэтых сведчанняў аўтара, зрабіўшы папраўку на іх безумоўную тэндэнцыйнасць, можа прыйсці да сваіх уласных высноў.

Што датычыцца фактаграфічнага матэрыялу, то ў выданні ён досыць цікавы і неардынарны. У прынцыпе, як падаецца ў прадмове да ўспамінаў, гэтыя мемуары прысвечаныя аднаму этапу жыцця Аляксандра Стагановіча – году пасольскай дзейнасці. Але, папраўдзе, мемуары, як ім і належыць, апісваюць жыццёвы шлях пасла ад нараджэння да 1944 года – часу вымушанай эміграцыі з Бацькаўшчыны. Уключаныя ў выданне публіцыстычныя творы аўтара, напісаныя і выдадзеныя пазней на эміграцыі, ужо хутчэй адлюстроўваюць асаблівасці эміграцыйнага жыцця і дзейнасці Стагановіча.

Асноўны фокус успамінаў скіраваны на кароткі перыяд парламенцкай дзейнасці Стагановіча і на ўсё, што з гэтым звязана. Самі выбары 1928 г. у сейм і сенат, непасрэдным удзельнікам якіх быў аўтар, асвечаны надзвычай цікава, бо іх акалічнасці не настолькі вядомыя і амаль не прадстаўленыя ў нашай гістарычнай літаратуры. І зноў жа, сітуацыя вакол гэтых выбараў мае, як высвятляецца, шмат спрэчных і неадназначных момантаў. А праца пасольскага клубу “Змаганне”, створанага беларускімі парламентарыямі, поўніцца інтрыгамі і змовамі. Тут мы зноў пабачым сутыкненне інтарэсаў і амбіцый розных плыняў нацыянальнага руху ўжо ў межах беларускай фракцыі польскага сейму.

Апроч галоўнай тэматыкі на старонках успамінаў можна сустрэць шмат цікавых і нечаканых сюжэтаў. Напрыклад, аўтар распавядае пра свой удзел у Першай сусветнай вайне, дзе прыгадвае малавядомыя эпізоды баявых дзеянняў расійскіх вайсковых адзінак на Балканах і ў Францыі. Дзеліцца Аляксандр Стагановіч у сваіх мемуарах і цяжкім досведам вязня польскіх засценкаў.

Таксама Аляксандр Стагановіч апісвае падзеі Другой сусветнай вайны, закранаючы працэс ўстанаўлення савецкай ўлады ў Заходняй Беларусі. Не абышоў увагай аўтар і цяжкія часы нямецкай акупацыі, удзел у гэтых падзеях беларускіх цывільных і вайсковых арганізацыяў Навагрудчыны, якія супрацоўнічалі з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй.

Кажучы пра выданне, варта адзначыць працу асобаў, якія падрыхтавалі яго да друку. Мемуары суправаджаюцца неабходнымі і дакладнымі каментарамі гісторыкаў Аляксандра Пашкевіча і Алега Гардзіенкі, якія дазваляюць нават неабазнанаму ў гісторыі чытачу свабодна арыентавацца ў гісторыка-палітычным кантэксце ўспамінаў. Мемуары таксама багата аздобленыя фотаздымкамі. Сярод іх, на маю думку, ёсць досыць унікальныя, напрыклад зробленыя на Балканах у перыяд Першай сусветнай вайны.  Асобную ўвагу трэба звярнуць на  прадмову да мемуараў, якая цалкам адпавядае свайму загалоўку “Партрэт на фоне эпохі”. Фактычна гэта паўнавартасны навуковы артыкул Александра Пашкевіча, які можа быць добрымі ўводзінамі ў гістарычны кантэкст дзейнасці Стагановічам.

Акрамя гэтага, артыкул раскрывае гісторыю польскіх парламенцкіх выбараў 1928 г. у Заходняй Беларусі (асабліва на Навагрудчыне), прапануе неабходныя звесткі аб парламенцкай сістэме міжваеннай Польшчы, аднаўляе гісторыю дзейнасці парламенцкага клуба “Змаганне”, што можа быць досыць карысным для спецыялістаў і аматараў дадзенага перыяду.

Падсумоўваючы, варта адзначыць, што “Успаміны пасла” з’яўляюцца прыкладам якаснага выдання мемуарнага твора. Радуе як выхад у друк успамінаў Александра Стагановіча (адметнай постаці ў беларускім руху, імя якога дзякуючы дадзенаму выданню магчыма вернецца ў беларускае культурнае і інтэлектуальнае поле), так і ўвогуле заснаванне серыі “Беларуская мемуарная літаратура”, ад якой мы можам чакаць новых  цікавых выданняў.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...