Сучасная савецкая апалагетыка

Резник, А.Н. (2011). “От Б24_reznikССР к СССР. Исследования по истории формирования и развития белорусской государственности на Советской основе (Вторая половина 1918 – конец 1922 гг.)”. Минск: “Энциклопедикс”.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”  Алесем Шамякіным

_______________________________________________________________________________________

Манаграфія беларускага гісторыка, кандыдата гістарычных навук Анатоля Мікалаевіча Рэзніка прысвечана станаўленню і эвалюцыі беларускай дзяржаўнасці на савецкай аснове. Разглядаецца час з моманту ўзнікнення самой ідэі беларускай савецкай дзяржаўнасці ў 1918 г. і да ўтварэння СССР у 1922 г.

Перадусім варта ахарактарызаваць само выданне, а дакладней яго афармленне і тэхнічнае выкананне, бо, ўзяўшы ў рукі і гартаючы гэтую кніжку, застаецца шмат непрыемных уражанняў. На палове старонак выдання перакошаны тэкст, у выданні шмат адруковак і памылак, пра што сведчыць, у тым ліку, і ўкладыш у канцы кнігі з праўкамі.

Ва ўводзінах аўтар акцэнтуе значнасць тэмы ў святле эвалюцыі нацыянальнай дзяржаўнасці, але чамусьці вехамі гэтай эвалюцыі адзначае выключна абвяшчэнне БССР і стварэнне СССР (с. 5), а такі праект, як БНР, у кантэксце дзяржаватварэння наогул не разглядаецца. Ва ўводзінах аўтар робіць гістарыяграфічны агляд па тэме, але ён дастаткова бедны, бо падрабязна разглядаецца толькі манаграфія Вадзіма Круталевіча, узгадваецца яшчэ некалькі прац гісторыкаў і сцісла крытыкуюцца некалькі беларускіх эмігранцкіх даследчыкаў.

З першых жа старонак адчуваецца ідэалагічны запал аўтара, якія нават абсалютна не хаваецца, што выглядае дзіўным для выдання, якое прэтэндуе на статус навуковага. Скрозь трапляюцца звароты кшталту “так званая”, пры згадванні БНР (с. 12), розныя савецкія ідэалагемы – “победа Великого Октября” або“триумфальное шествие Советской власти” (с. 4), тэрміналогія з падручнікаў па гісторыі КПСС – безсэнсоўна ўжываецца тэрмін “дробнабуржуазны”, а БНР наогул характарызуецца як “дробнабуржуазны палітычны цэнтр і група” (с. 6).

У манаграфіі не робіцца пераасэнсаванне падзеяў адзначанага перыяду з метадалагічнага пункту гледжання і з пазыцыяў сучаснай гістарычнай навукі. Напрыклад, пры разглядзе такой катэгорый, як “рэвалюцыйная сітуацыя” 1917 – 1920 гг., аўтар выкарыстоўвае старыя фармулёўкі савецкай гістарыяграфіі пра “жорсткую барацьбу супраць пануючых класаў пад кіраўніцтвам пралетарыяту і яго авангарда – камуністычнай партыі” (с. 25) і інш.

Складваецца устойлівае ўражанне, што асновай для кнігі стаў тэкст напісаны, але не надрукаваны ў савецкія часы, а лексіка і ацэнкі былі толькі крыху падпраўлены і адрэдагаваны для сучаснага выдання.

Першая глава манаграфіі прысвечана ідэйна-палітычнай барацьбе вакол праекту стварэння БССР. Аўтар спрабуе прадэманстраваць ідэйныя разыходжанні напярэдадні абвяшчэння БССР паміж двумя падыходамі да існавання савецкай Беларусі: абласной візіяй Аблвыкамзаха і аўтаномнай візіяй Белнацкама і беларускіх секцыяў у

РКП(б). Але, як адзначае сам аўтар, галоўным водападзелам паміж імі было пытанне формы арганізацыі беларускіх тэрыторыяў у складзе РСФСР – вобласці ці аўтаноміі (с. 25-26). Аналізуючы барацьбу пазіцыяў Аблвыкамзаха, з аднаго боку, і Белнацкама і беларускіх секцыяў у РКП(б), з другога боку, робіцца галоўны і вельмі інтрыгуючы вывад, што погляды апошніх “былі не цалкам марксісцкімі, а ў канкрэтнай паўсядзённай працы ім не хапала палітычнага вопыту, а таксама імкнення да дасягнення прымальнага кампрамісу з дзеячамі Аблвыкамзаха” (с. 39-40). Аднак аўтар не палічыў мэтазгодным указаць, што вырашэнне пытання аб форме дзяржаўнасці ў Беларусі вырашыла не імкненне або яго адсутнасць у беларускаарыентаваных камуністаў да кампрамісу з мясцовым небеларускім бальшавіцкім кіраўніцтвам, а рашэнне на самым версе ў Маскве.

Больш за тое, адчуваецца аўтарская сімпатыя да Аблвыкамзаха ў яго суперніцтве з групай Жылуновіча, але крытыку групы Жылуновіча абгрунтоўваецца толькі довадамі іх унутрыпартыйных апанентаў, у прыватнасці, Вільгельма Кнорына (с. 60). У рэшце Рэзнік увогуле абвінаваціў Белнацкам і беларускія секцыі ў РКП(б) у “дробнабужуазным ухіле (з дастаткова выражаным адбіткам нацыяналізму)” (с. 71).

Цікавым падаецца спроба аўтара звязаць пытанне пра будучае абвяшчэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці з рэвалюцыйнай сітуацыяй у Еўропе і, у прыватнасці, з лістападаўскай рэвалюцыяй 1918 г. у Нямеччыне, але падрабязна гэтае пытанне не разглядаецца.

Другая глава манаграфіі прысвечана розным пытанням існавання Літоўска-Беларускай ССР. Спадар Рэзнік адзначае буферную, а не рэальную дзяржаватворчую ролю ЛітБел ССР, якая мусіла “змякчыць удар міжнароднага імперыялізму па Савецкай Расіі, якая з’яўлялася аплотам міжнароднага сацыялізму” (с. 133). Аднак гэтая акалічнасць настолькі відавочна сведчыць пра дэкаратыўнасць самастойнасці і суверэннасці БССР, якую аб’ядналі з Літвой, што аўтар распачынае выкарыстоўваць зусім фантастычныя довады “інтэрнацыянальнае значэнне ЛітБел ССР і яе адказнасць за лёсы сусветнай пралетарскай рэвалюцыі” (с. 134). Пры гэтым аўтар настолькі выразна распісваецца ў сваёй прыхільнасці і адданасці палітыкі бальшавіцкага кіраўніцтва, што называе погляды адной з лідэраў нямецкіх камуністаў Розы Люксембург памылковымі, і што нібы кіраўніцтва ЛітБел ССР было прыхільнікам люксембургіянскага ухілу ў камуністычным руху.

У трэцяй главе аўтар спрабуе прадэманстраваць, у якім рэчышчы адбывалася развіццё хаўрусных адносінаў паміж БССР і РСФСР да ўтварэння СССР, то бок у перыяд, калі фармальна існавалі незалежныя савецкія дзяржавы. Бадай самыя важныя падзеі, што асвячаюцца ў манаграфіі ў гэтай главе, тычацца савецка-польскай вайны і заключэння Рыжскай мірнай дамовы. Аўтар усяляк спрабуе падкрэсліць, што менавіта дзякуючы дзейнасці РСФСР удалося умацаваць беларускую дзяржаўнасць, і гэта нягледзячы на тое, што ўсходнія беларускія тэрыторыі былі адабраныя ад БССР, а падчас заключэння Рыжскай мірнай дамовы беларускія нацыянальныя інтарэсы не браліся да ўвагі. Падкрэсліваецца, што праца ўрада БНР, які імкнуўся аказаць уплыў на мірнай канферэнцыі, адстойваючы беларускія нацыянальныя інтарэсы, “з’яўлялася па сутнасці дэстабілізуючым фактарам” (с. 210). Далей сцвярджаецца, што дзеянні беларускага генерала Станіслава Булак-Балаховіча, а праз яго і кіраўніка ўрада БНР Вацлава Ластоўскага, прынеслі шмат пакутаў беларускаму народу і ўскладнілі працу савецкай дэлегацыі (с. 209). Аўтар творча падыйшоў да ацэнкі вынікаў Рыжскай дамовы для Беларусі і адзначыў, што “горыч тэрытарыяльных стратаў была змякчана… чаканнем сусветнай сацыяльнай рэвалюцыі” (с. 212).

Апошняя глава распавядае пра ўтварэнне СССР і ролю ў гэтым працэсе БССР. Зноў чытачу прыходзіцца мець справу не столкі з навуковым разглядам, колькі каштоўнаснымі меркаваннямі ды развагамі аўтара. Ужо на самым пачатку аўтар дэкларуе сваю пазіцыю: “Стварэнне СССР можна расцаніць як адно з найбольш значных, сапраўды выбітных падзеяў у гісторыі ХХ стагоддзя, якое яшчэ толькі маецца ў поўнай меры ўсвядоміць” (с. 298). Ацэньваючы гістарычную ролю СССР, аўтар, і трэба аддаць яму належнае, не стаў маскіраваць экспансіянісцкія мэты гэтага ўтварэння і прызнаў, што яно было арыентавана на сусветную рэвалюцыю (с. 325). Што тычыцца ўключэння Беларусі ў склад СССР, то на думку аўтара гэта “дазволіла забяспечыць сапраўдны суверэнітэт БССР” (с. 326).

Падсумоўваючы сказанае вышэй, можна канстатаваць, што манаграфія мае мала навуковай каштоўнасці, хутчэй яе можна выкарыстоўваць як дадатковую крыніцу па артадаксальна-камуністычнаму разуменню беларускай гісторыі. У кнізе аўтар, зыходзіць практычна толькі са сваіх каштоўнасных поглядаў, узводзіць у абсалют савецкую мінуўшчыну, палітыку бальшавікоў і тагачасную сацыялістычную ідэалогію. Магчыма кнігу можна выкарыстоўваць для разгляду адпаведных тэмаў у курса “ідэалогіі беларускай дзяржавы”, але нават для дзяржаўнай ідэалогіі яна выглядае занадта радыкальнай і, як падаецца, пры прачытанні выкліча не разуменне ў “сярэдняга” беларускага ідэолага.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...