24 лістапада адбудзецца навукова-даследчы семінар “Ідэі, канцэпцыі, палітычныя праекты: краёвы рух Беларусі і Літвы канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя”.
_______________________________________________________________________________________
У рамках семінару плануецца сабраць спецыялістаў па краёваму руху Беларусі і Літвы для паглыблення параўнальнага аналізу, пераасэнсавання нацыятворчых працэсаў у рэгіёне і пашырэння міждысцыплінарнай даследчай перспектывы.
Асаблівым фокусам семінара з’яўляецца эвалюцыя і асаблівасці палітычных ідэй краёвага руху з мэтай падрыхтоўкі анталогіі “краёвай ідэі” Беларусі і Літвы, а таксама спецыялізаванай міжнароднай канферэнцыі (арыентыровачна ў траўні наступнага года).
План семінара:
15.00-16.20 – уводнае слова, тэматычныя даклады, пытанні на ўдакладненне
16.20-16.35 – перапынак на каву
16.35-18.00 – дыскусія, закрыццё семінару
Удзельнікі:
Алесь Смалянчук, доктар гістарычных навук, Інстытут гістарычных даследаваняў пры Еўрапейскім гуманітарным універсітэце. Асноўны даклад: “Стан вывучэння краёвага руху. Ідэйная эвалюцыя, асноўныя накірункі, галоўныя прадстаўнікі руху”;
Андрэй Казакевіч, доктар палітычных навук, Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Тэматычны даклад: “Краёвы рух у кантэксце гісторыі палітычных ідэй і палітычнай тэорыі”.
Андрэй Унучак, кандыдат гістарычных навук. Тэматычны даклад: “Спадчына Рэчы Паспалітай і беларускі нацыянальны рух пачатку ХХ ст”.
Андрэй Кіштымаў, кандыдат гістарычных навук.
Аляксандр Пашкевіч, кандыдат гістарычных навук.
Аляксей Дзермант, рэдактар альманаху Druvis, Інстытут філасофіі НАН Беларусі
Андрэй Мастыка, магістрант; тэхнічная арганізацыя з боку Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”.
Ключавыя пытанні для дыскусіі:
– Краёвасць як палітычная ідэя: асноўныя канцэпцыі, месца сярод іншых ідэйных плыняў рэгіёну былога ВКЛ.
– Уплыў краёвай ідэі на культурнае, сацыяльнае і палітычнае развіццё рэгіёна былога ВКЛ у канцы ХІХ – пач. ХХ ст.
– Праблемы сістэматызацыі і інтэграцыі краёвай спадчыны ў гістарыяграфію, гісторыю палітычных ідэй, сучасны культурны кантэкст Беларусі.
У сувязі з абмежаванай колькасцю ўдзельнікаў просім жадаючых паўдзельнічаць у працы семінары накіраваць заяўку на адрас [email protected].
Мерапрыемства ладзіцца пры супрацоўніцтве з Польскім Інстытутам у Мінску.