На шляху станаўлення беларускай нацыі: гістарыяграфічныя здабыткі і праблемы

book07На шляху станаўлення беларускай нацыі: гістарыяграфічныя здабыткі і праблемы. – Мн.: Беларуская навука, 2011. – 311 с.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, сацыёлагам, кандыдатам сацыялагічных навук Аляксеем Ластоўскім.

______________________________________________________________________________________


Апошнім часам мы можам назіраць істотнае пашырэнне колькасці кніг, што датычаць праблематыкі фарміравання беларускай нацыі, паўставання і развіцця беларускага нацыяналізму, розных нацыянальных праектаў і г.д. Зразумела, што ў гэтым аспекце нам яшчэ вельмі далёка да Украіны, дзе падобная праблематыка ўжо цалкам інстытуцыяналізавана і носіць характар паточнай вытворчасці. Але і так – літаратуры шмат, толькі на жаль, якасць яе не заўсёды з’яўляецца задавальняючай. Тут шмат і паранавуковых выданняў з сумнеўнай метадалогіяй, і папросту ідэалагічных і спекулятыўных прац.

Таму з’яўленне калектыўнай манаграфіі па гістарыяграфіі нацыянальнай праблематыкі, падрыхтаванай і выдадзенай калектывам вучоных з Інстытута гісторыі НАН Беларусі, было запатрабаваным. Даўно наспела патрэба выставіць больш-менш дакладныя арыенціры, якія б адмяжоўвалі сур’ёзныя даследаванні з глыбокім веданнем крыніцаў ад палітызаваных опусаў, якія вылучаюцца пераважна выкарыстаннем сацыяльна-канструктывісцкай рыторыкі. Хто, як ні салідны акадэмічны інстытут, можа задаць рамкі, якія дазволяць нам адрозніць зерне ад пустазелля? Праўда, рэпутацыя Інстытута гісторыі апошнім часам была моцна падмочанай, пра што сведчаць надзвычай крытычныя артыкулы Г. Сагановіча, А. Смаленчука ды яшчэ шэрагу аўтараў, якія па-просту затаўравалі нашу “афіцыйную” гістарыяграфію. Але якія б ні былі падставы для такіх заўвагаў, відавочна, што патэнцыял ў Інстытута гісторыі застаецца вельмі моцным, і яскравым таму пацверджаннем якраз з’яўляецца манаграфія “На шляху станаўлення беларускай нацыі”.

Ва ўмовах падвышанага ціку на нашых акадэмічных гісторыкаў прыемна бачыць, што яны захоўваюць аб’ектыўнасць, вытрыманасць, але разам з тым (і гэта досыць прынцыпова) – адданасць прынцыпам нацыянальнай гістарыяграфіі. Менавіта яны з’яўляюцца базавымі падставамі для аналізу гістарыяграфічных дыскусій пра фармаванне беларускай нацыі.

Кніга складаецца з трох частак: першая прысвечана развіццю і зменаў уяўленняў пра “нацыю” і “нацыянальны суверэнітэт” да пачатку да ХХ ст., а таксама метадалагічным асновам вывучэння гісторыі нацыянальнай дзяржавы. Трэба адзначыць, што аўтар гэтага раздзелу Марына Сакалова не зводзіць свой аповяд да звычайнай схемы пераходу ад замшэлых прымардыялісцкіх забабонаў да прагрэсіўнага канструктывізму, а досыць грунтоўна апісвае множнасць сэнсаў і значэнняў, якія ўкладваліся ў гэтыя паняцці ў розныя часы і ў розных кантэкстах. Толькі вось крытычны закід: “канцэптуальныя рамкі сучаснай айчыннай гістарыяграфіі складаюць наступныя пастулаты: свет складаецца з мазаікі этнічных супольнасцяў (нацыі), нацыі – гэта натуральныя еднасці, заснаваныя на культурнай гамагеннасці” і г.д. (с. 45) яўна супярэчыць матэрыялу другога і трэцяга раздзелаў той жа манаграфіі, дзе праводзіцца аналіз беларускай гістарыяграфічнай літаратуры і нейкі канцэптуальны эсэнцыялізм там асабліва не адшукваецца (калі не браць да ўвагі некаторых персаналій, кшталту Л. Лыча).

Другі раздзел прысвечаны гістарыяграфіі этна-культурных і этна-палітычных працэсаў Беларусі ў XIX ст. Паслядоўна і грунтоўна даецца апісанне асноўных разыходжанняў у поглядах паміж прадстаўнікамі гістарычных школ, дзе асаблівая ўвага надаецца не толькі сучаснай беларускай гістарыяграфіі, але і першым гістарычным працам, створаным яшчэ ў XIX стагоддзі, развіццю гістарыяграфічных поглядаў у савецкі час, а таксама “новай імперскай гістарыяграфіі”, якая зараз вельмі актыўна распрацоўваецца нашымі усходнімі суседзямі.

З іншага боку, адлюстраванне разнастайнасці поглядаў часцей зводзіцца да схемы: Х лічыць так, Y – вось так, і толькі часам робяцца пры гэтым адсылкі да нейкіх кантэкстуальных рэчаў, кшталту палітычнай матывацыі даследчыкаў. Пераважна ж цяжка скласці ўяўленне пра прычыны разыходжанняў у поглядах, паколькі відавочна, што часцей за ўсё яны выходзілі па-за метадалогіі гістарычнага даследавання. Але калі заставацца пры задачах гістарыяграфічнай працы, то трэба аддаць належнае аўтарам гэтага раздзелу, якія досыць падрабязна адлюстравалі дыскусіі па асноўных пытаннях фарміравання беларускай нацыі ў XIX ст. і ўвялі пры гэтым у зварот шмат істотных працаў, якія чамусьці застаюцца на перыферыі сучасных абмеркаванняў.

Асабіста мне найбольш спадабалася трэццяя частка манаграфіі пра беларускую нацыянальна-дзяржаўную ідэю ад канца XIX ст. да 1917 г., напісаная Андрэем Унучакам. Можа таму што тут найбольш ясна выкраштылізоўваецца пазіцыя аўтара, які не толькі пераказвае нейкія дыскусійныя моманты, але і спрабуе даць ім сваю ацэнку з пазіцыі кампетэнтнага даследчыка па гэтым пытанням. Застаецца толькі пагадзіцца і са скептычным пасылам да моднага зараз канструктывісцкага трэнду, які за складанай тэрміналогіяй хавае за сабою досыць абмежаваную працу з першакрыніцамі (дастаецца тут найперш А. Бендзіну і В. Булгакаву). Зноў жа, варта падкрэсліць і прынцыповую адданасць нацыянальным поглядам, якая пры гэтым аніяк не ўплывае на захаванне неангажаванасці ў ацэнцы феноманаў заходнерусізму і краёвасці, а таксама іх уплыву на фарміраванне беларускай нацыянальнай ідэі.

Але пры агульнай станоўчай ацэнцы зробленай працы маю некалькі не дужа істотных заўваг. Вельмі дзіўным з’яўляецца яўны перакос у расійскі бок, які назіраецца ў першых двух частках манаграфіі. Так, Марына Сакалова шмат месца аддае таму, як змянялася разуменне “нацыі” і “народу” ў розных расійскіх аўтараў XIX стагоддзя, пачынаючы з Карамзіна (і гэта ў прынцыпе слушна, паколькі гэтыя канцэпцыі аказвалі прамое і непасрэднае ўздзеянне на інтэлектуальныя працэсы на беларускіх землях), але пры гэтым цалкам ігнаруе эвалюцыю польскай (ці больш дакладней – польскамоўнай) думкі на гэтую тэму. А яна мела ці не найбольшы ўплыў на развіццё беларускага нацыянальнага руху, і такі прабел з’яўляецца вельмі істотным.

Яшчэ больш яўна залежнасць ад расійскіх крыніцаў назіраецца ў параграфе 2.4 супольнага аўтарства А.М. Філатавай і В.В. Яноўскай, дзе мова ідзе пра выкарыстанне мадэрнізацыйнай парадыгмы для аналізу сацыяльна-эканамічнага развіцця беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі. Адмысловы падпараграф адводзіцца пры гэтым эвалюцыі мадэрнізацыйнай парадыгмы ў сучасных даследаваннях расійскіх гісторыкаў, хоць відавочна, што расійскія працы – гэта толькі невялікая частка тэорыі мадэрнізацыі, якая даўно прапрацоўваецца шэрагам аўтарытэтных заходніх аўтараў (і ў манаграфіі гэта пазначаецца: “дадзеная макратэорыя нарадзілася пры аналізе заходняй цывілізацыі”, с. 160), і часта расійскія аўтары альбо абапіраюцца на гэтыя канцэптуальныя працы, альбо папросту іх капіруюць. Адпаведна, беларускім гісторыкам даўно пара размаўляць са светам без пасярэдніцтва. Інакш мы і надалей будзем дазваляць сабе такія меркаванні, што тэарэтычна-метадалагічныя напрацоўкі трэба адаптаваць “да разгляду расійскіх, у тым ліку і беларускіх, рэалій” (с. 160).

Таксама бянтэжыць шэраг невялікіх памылак, якія не ідуць ні ў якое параўнанне з жахлівым навуковым апаратам “доследу беларускага нацыяналізма” ад Анатоля Астапенка, але яўна не ўпрыгожваюць прафесійную манаграфію па гістарыяграфіі. Напрыклад, Лявон Гмырак пазначаны як Л. Гмылак (с.21) – хоць навогул дзіўна, што дакладна такі самы пасаж, толькі з правільным імем аўтара можна знайсці ў адным з артыкулаў Алеся Смаленчука; заснавальнік тэорыі “банальнага нацыяналізму” Майкл Біліг названы Білінгам (с. 39, 46); вядомы расійскі гісторык Аляксей Мілер, які досыць часта згадваецца ў гэтым выданні, на с. 75 стаў С. Мілерам. Таксама для гістарыяграфічнай працы не вельмі прыгожа выглядаюць цытаванні кнігі беларускага аўтара (Ю. Шаўцоў) паводле рэцэнзіі амерыканскага географа (Р. Ёфэ). Спрэчнай выглядае характарыстыка Антона Мірановіча як “прадстаўніка польскай сучаснай гістарыяграфіі” (с. 180), калі мова ідзе пра старшыню Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку.

Але і так мы атрымалі грунтоўную гістарыяграфічную працу, і будзем чакаць, што надалей нас будуць цешыць адмысловымі даследаваннямі на гэтую тэматыку.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...