Białoruś w stosunkach międzynarodowych. Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, Lublin 2009.
Агляд падрыхтаваны палітолагам, старэйшым аналітыкам Беларускага Інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзянісам Мельянцовым.
________________________________________________________________________________________
Кніга “Беларусь у міжнародных адносінах” уяўляе сабой зборнік навуковых артыкулаў, прысвечаных разнастайным аспектам беларускай знешняй палітыкі. Аўтары – вядучыя польскія даследчыкі па тэме – зрабілі спробу прааналізаваць унутраныя чыннікі фармавання замежнай палітыкі ў Беларусі, геапалітычнае і эканамічнае становішча, двухбаковыя і шматбаковыя стасункі Беларусі з краінамі свету і міжнароднымі арганізацыямі.
У артыкуле Бажэны Дземідок-Альшэўскай “Канстытуцыйныя цэнтры прыняцця рашэнняў у Рэспубліцы Беларусь” робіцца аналіз балансу ўлады і цэнтраў прыняцця палітычных рашэнняў. Аўтарка прыходзіць да высновы, што de facto падзелу ўлады ў краіне не існуе і механізм рэалізацыі ўлады з’яўляецца вертыкальным. Як вынік – усе органы дзяржавы альбо падпарадкаваныя прэзідэнту, альбо кантралююцца ім, у тым ліку і парламент.
Вядомы польскі даследчык Рышард Радзік дастаткова традыцыйна для замежных аўтараў аналізуе культурна-цывілізацыйную свядомасць беларускага грамадства. Ён піша пра слабую самасвядомасць беларусаў, іх большую культурную арыентацыю на Усход, чым на Захад, пра моцнае пачуццё прыналежнасці да ўсходнеславянскай супольнасці і праваслаўя, як больш значнага элемента самасвядомасці, чым мова.
Агата Вяжбоўска-Мязга ў артыкуле “Канцэпцыі замежнай палітыкі і бяспекі Беларусі” разглядае афіцыйныя падмуркі знешняй палітыкі і робіць выснову пра выразную скіраванасць палітыкі бяспекі Беларусі на Усход, а таксама пра пэўныя змены ў знешнепалітычнай стратэгіі Мінска, у аснове якой ляжыць патрэба паляпшэння эканамічных стасункаў з Захадам.
Кшыштаф Іваньчук у артыкуле “Геапалітычнае становішча Беларусі” характарызуе спецыфіку краіны з пазіцыяў уплыву геаграфічных чыннікаў на палітыку дзяржавы. Ён сярод іншага фіксуе вельмі важнае геапалітычнае, геастратэгічнае і транзітнае становішча Беларусі ў еўрапейскім кантэксце.
Катажына Мажэнда ў тэксце “Эканамічнае становішча Беларусі” падкрэслівае велізарную залежнасць беларускай эканомікі ад Расіі як рынку збыта і як крыніцы сыравіны. Артыкул Ірэнеўша Тапольскага “Вайсковае становішча Беларусі” разглядае пытанні вайсковага патэнцыялу і вайсковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.
У трэцяй частцы зборніка прадметам аналізу з’яўляюцца двухбаковыя стасункі Беларусі з некаторымі выбранымі дзяржавамі. Беларуска-расійскія адносіны даследуюцца Ірэнеўшам Тапольскім, які адзначае складанасць і неадназначнасць гэтых адносінаў, але якія, тым не менш, дазваляюць сілкаваць беларускую эканоміку. Аўтар слушна заўважае, што ў кантэксце беларуска-расейскіх адносінаў найлепш развіваюцца вайсковыя стасункі, на якія палітычныя і эканамічныя крызісы ўплываюць нязначна. Нягледзячы на ўсебаковы разгляд прадмету, аўтар тым не менш засяроджваецца на занадта вузкім коле крыніц. Так, напрыклад, раздзел пра вайсковае супрацоўніцтва фактычна напісаны на падставе ўсяго двух артыкулаў з “Независимого военного обозрения” (НВО).
Паўліна Паспешна, аналізуючы адносіны Беларусі з ЗША, піша пра вельмі вялікую ўвагу, якую надаюць ЗША пытанню правоў чалавека ў Беларусі, што ўскладняе адносіны паміж дзвюма краінамі. Увогуле, аўтарка зашмат увагі надае прамоцыі дэмакратыі і вайсковым адносінам. Нечаканасцю для яе сталася выснова пра тое, што нягледзячы на “самаізаляцыю” Беларусі і нежаданне ЗША ісці на адкрыты дыялог з беларускім урадам, гандлёвыя адносіны і інвестыцыі паміж дзяржавамі засталіся некранутымі.
Міраслаў Габоўскі прадставіў у зборніку беларуска-польскія адносіны, стан якіх ён называе незадавальняючым, і вінаваціць у тым беларускага прэзідэнта. Томаш Капусняк, апісваючы беларуска-ўкраінскія адносіны, адзначае, што на іх аказвала вялікі ўплыў палітычная стратэгія Расіі ў адносінах абедзвюх дзяржаў, а таксама дынамічныя змены ў міжнародным асяроддзі: “Беларусь старалася супрацоўнічаць з Расіяй і змяншаць значэнне Ўкраіны ва ўзаемных адносінах”. Гэта сцверджанне, аднак, падаецца вельмі спрэчным. Акурат адносіны з Украінай на працягу апошняга дзесяцігоддзя былі найбольш роўнымі і безканфліктнымі.
Трэцюю частку завяршае артыкул Барташа Баярчыка, прысвечаны беларуска-іранскім дачыненням. Даволі цяжка патлумачыць, чаму ўкладальнікі зборніка абралі менавіта гэтыя краіны для аналізу. Калі прысутнасць Расіі, ЗША, Польшчы і Украіны у такім аналізе не выклікаюць пярэчанняў, то наяўнасць Ірану і адсутнасць, напрыклад, Венесуэлы, Літвы або Кубы – выклікаюць пытанні.
У чацвёртай частцы разглядаюцца адносіны Беларусі з міжнароднымі арганізацыямі. Марцін Ажэхоўскі аналізуе адносіны Беларусі з СНД і прыходзіць да высновы, што на адносіны з СНД моцны ўплыў аказваюць беларуска-расійскія стасункі і расійская стратэгія рэінтэграцыі постсавецкай прасторы.
Анджэй Думала прадставіў аналіз адносінаў Беларусі з Еўрапейскім саюзам. Ён даводзіць, што ЕС праводзіць у адносінах да Беларусі палітыку абумоўленасці, падкрэсліваючы, што будучыня адносінаў залежыць ад крокаў на шляху дэмакратызацыі і рэформаў. Аўтар сцвярджае, што для ЕС Расія нашмат важнейшая і мае статус стратэгічнага партнёра. У той час як Беларусь можа выступаць сама болей мастом у гэтых адносінах. На жаль, аўтар надаў вельмі мала ўвагі праграме “Усходняе партнёрства”, хаця гэтая ініцыятыва ЕС з’яўляецца на сёння ці не адзінай інстытуцыйнай базай для беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва. Бракуе таксама аналізу прычын, якія прывялі да паўставання УП і далучэння да яго Беларусі. Аўтар таксама практычна зусім не кажа пра стратэгічныя падыходы ЕС што да Беларусі, але вельмі слушна зазначае, што Еўрасаюз застаецца бездапаможным, калі гаворка ідзе пра стасункі з аўтарытарнымі рэжымамі.
Якуб Альхоўскі, разглядаючы адносіны з АБСЕ і Радай Еўропы, выказвае сумнеў у хуткай дэмакратызацыі Беларусі і не чакае зменаў у адносінах Менска з гэтымі дзвюма арганізацыямі.
Завяршае зборнік артыкул Катажыны Мажэнды, прысвечаны адносінам Беларусі з ААН. Паводле яе меркавання, на сённяшні дзень Беларусь стала адно рэцыпіентам праграм дапамогі, няздольным рабіць уласны ўнёсак у рэалізацыю палітыкі ААН. У гэтым раздзеле ўкладальнікі чамусьці абышлі пытанне сяброўства Беларусі ў АДКБ, відаць, палічыўшы, што цалкам дастаткова і аналізу беларуска-расійскіх стасункаў.
У цэлым, кнігу можна ахарактарызаваць як цікавую і вартую ўвагі спробу комплекснага разгляду міжнароднага становішча Беларусі і яе адносінаў з ключавымі актарамі сусветнай палітыкі на досыць высокім навуковым узроўні. У кнізе змешчаны багаты эмпірычны матэрыял датычны замежнай палітыкі Менска. Структура зборніка лагічная і зразумелая. Але адразу выклікае пытанне адсутнасць артыкула пра адносіны з АПАД (NATO), хаця ў межах гэтай тэмы ёсць пра што пісаць і ёсць што даследаваць.
Якасць артыкулаў няроўная: у часткі аўтараў ёсць пэўны ўхіл у аналіз міжнародных дамоваў і канцэпцыяў, што не заўжды бывае рэлевантным пра даследаванні адносінаў (на прыклад, у выпадку Расіі, або ЕС), аўтарам таксама часта бракуе ведання даследаванняў беларускіх аўтараў, на іх вельмі небагата спасылак. Ёсць некаторыя факталагічныя недакладнасці і памылкі. На прыклад, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі пададзены як У. Мацей (ст. 285)
Не пазбаўлены некаторых хібаў, тым не менш, гэты зборнік уяўляе цікавасць яшчэ і тым, што адлюстроўвае погляд польскай навуковай супольнасці на Беларусь і можа разглядацца як крыніца для даследавання замежных ведаў пра нашу краіну.