Вдовенко, С.М. (2010). Україна-Білорусь: взаємовідносини на перехресті перемін Чернігів. 448 с.
Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”, старэйшым аналітыкам Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзянісам Мельянцовым.
_______________________________________________________________________________________
Рэцэнзуемая кніга – гэта бадай што першая спроба комплекснага разгляду і апісання ўкраінска-беларускіх адносінаў пасля распаду Савецкага саюза і ўтварэння незалежных дзяржаў – Украіны і Беларусі. Выданне было рэкамендаванае да друку Навуковай радай Чарнігаўскага дзяржаўнага інстытута эканомікі і кіравання, прафесарам якога Станіслаў Удавенка з’яўляецца з 2010 года.
Структурна, кніга складаецца з пяці раздзелаў, з якіх уласна ўкраінска-беларускім адносінам прысвечаны толькі апошні. А ў межах гэтага пятага раздзелу палітычным адносінам адводзіцца толькі 15 старонак тэксту. То бок з 448 старонак кнігі пра ўкраінска-беларускія адносіны толькі 15 старонак распавядаюць пра палітычныя адносіны паміж дзвюма краінамі.
Першы раздзел кнігі падрабязна распавядае пра грамадска-палітычны лад у Беларусі. Аўтар робіць гістарыяны экскурс, распавядае пра тое, што “лінія беларускага этнасу ідзе ад інда-іранцаў, скіфаў, венедаў, ліцвінаў” (ст. 12). Удавенка выкладае беларусацэнтрычную версію гісторыі, прызнае ВКЛ беларускай дзяржавай, называе мову дыпламатычных дакументаў ВКЛ старабеларускай.
Другі раздзел, які называецца “Сацыяльна-эканамічная дактрына – беларуская спецыфіка”, змяшчае разгляд эканамічнага развіцця Беларусі пасля атрымання незалежнасці. Структура зместу гэтага раздзелу нагадвае папярэдні і складаецца з разнастайных эканамічных дадзеных, лічбаў і амаль поўнага цытавання “Асноўных напрамкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь” за розныя перыяды.
Як і ў двух пяпрэдніх, у трэцім радзеле мы сустракаем багата разнастайнай інфармацыі, спалучанай, часта, на жаль, без відавочнай логікі і ўнутранай структуры. Тут таксама прыводзіцца даведачная інфармацыя аб адносінах Беларусі з міжнароднымі арганізацыямі і з краінамі свету. Гэтая інфармацыя амаль цалкам узятая з сайту беларускага міністэраства замежных спраў і крытычна не асэнсоўваецца.
Чацвёрты раздзел цалкам прысвечаны ўкраінскай дыяспары ў Беларусі. Гэтая частка кнігі нашмат лепш прапрацавана, чым папярэднія раздзелы, ўтрымлівае багата схем і табліц, змяшчае ўнушальны спіс крыніцаў. Выглядае, што гэты раздзел з’яўляецца перапрацаванай версіяй матэрыялаў манаграфіі аўтара “Замежнае ўкраінства ў нацыянальным дзяржаватворчым працэсе: ідэнтыфікацыя, арганізацыя, ўзаемаадносіны”, на якую, аднак, аўтару не дазваляе спасылацца сціпласць.
Нарэшце, на 341-й старонцы кнігі мы дабіраемся ўласна да двухбаковых украінска-беларускіх адносінаў. Аўтар прыводзіць падрабязную храналогію двухбаковых адносінаў і больш чым на дзвюх старонках пералічвае нарматыўна-прававую базу адносінаў паміж дзвюма краінамі. У падраздзеле пра палітычныя адносіны Ўдавенка апісвае візіты на высокім і вышэйшым узроўнях, міжпарламенцкія кантакты, а таксама дэтальна разглядае рэзалюцыі ўкраінскага боку і заявы афіцыйных асобаў, якія датычыліся Беларусі і заявы беларускага прэзідэнта што да Украіны.
Пасля прачытання кнігі застаецца ўстойлівае пачуццё незавершанасці, як быццам аўтар пакінуў усё самае важнае і цікавае для наступнай публікацыі. Ад такога выдання чакаеш перадусім аналізу сапраўды важных для двухбаковых адносінаў праблем: пытанне дзяржаўнага доўга і мяжы, альтэрнатыўных паставак нафты, праекты рэгіянальнай інтэграцыі, стасункі з Украінай у кантэксце расейска-беларускіх адносінаў, украінскае пасярэдніцтва ў стасунках Беларусі з Захадам і інш. Але практычна нічога гэтага ў кнізе няма. Атрымліваецца, што аўтар, як сапраўдны дыпламат, пастараўся ўнікнуць найбольш праблемных і кантраверсійных пытанняў двухбаковых адносінаў і надаць сваёй кнізе палітычна нейтральны характар. Аднак, кніга ў такім выкананні толькі губляе.
Акрамя вышэйадзначаных хібаў у кнізе выразна адчуваецца перакос у бок гуманітарных тэмаў, якія, відаць, нашмат бліжэй аўтару, чым палітыка або эканоміка. І гэта не дзіўна – Удавенка шмат гадоў прапрацаваў дарадцам па культуры ва ўкраінскай амбасадзе ў Мінску. Таму пытанні мяжы і дзярждоўгу ў кнізе паспяхова замяшчаюцца годам Тараса Шаўчэнкі і развіццём інфармацыйных сістэмаў.
У чым жа каштоўнасць кнігі Станіслава Удавенкі? На маю думку – ў тым, што гэта першы грунтоўны агляд беларуска-ўкраінскіх адносінаў ува многіх сферах, сабраны пад адной вокладкай адным аўтарам. Выканаць усіх задачаў, якія Ўдавенка ставіў ва ўводзінах, яму, як падаецца, не ўдалося, але ён здолеў неперадузята прадставіць украінскаму чытачу ўсебаковых агляд гісторыі, палітычнай сістэмы і эканамічнага ладу суседняй краіны, з якой Украіну шмат што звязвае. Кнігу Удавенкі можна быць цікавай як даведнік для замежніка, які цікавіцца Беларуссю і яе замежнай палітыкай, а сістэмны аналіз двухбаковых стасункаў яшчэ чакае свайго часу.