Моладзь: даследаванне веры

viewer-3Юдин, В.В. (2009) Особенности религиозности молодежи восточных регионов Беларуси. Минск: Издательский центр БГУ. 150 с.

Агляд зроблены палітолагам, старэйшым выкладчыкам кафедры тэорыі і гісторыі права Беларускага інстытута правазнаўства, дырэктарам цэнтра “Экумена” Наталляй Васілевіч.

_______________________________________________________________________________________

Кніга Віктара Юдзіна закранае розныя аспекты рэлігійнасці моладзі, але не ўсёй, а пераважна студэнцкай і ў Магілёўскай вобласці. Такім чынам, выданне развівае папярэднюю працу (Юдин, 2006). Даследаванне грунтуецца на метадалагічных падыходах, распрацаваных Л. Новікавай, якая вызначае наступныя тры прыкметы рэлігійнасці: (1) вера ў Бога; (2) канфесійная самаідэнтыфікацыя; (3) рэлігійныя паводзіны. Звесткі атрымліваюцца праз анкетаванне. Такога ж падыходу прытрымліваецца У. Абушэнка, таму можна сказаць, што гэта традыцыйны падыход для беларускай сацыялогіі.

Што датычыць першага пункту, то тут вызначаюцца чатыры магчымыя пазіцыі пры адказе на пытанне «Якое Вашае стаўленне да рэлігіі?»: 1) вера ў Бога (носьбіты рэлігійнай свядомасці) – такіх адказаў паводле Юдзіна, 67,9 %; 2) вера ў звышнатуральныя сілы (носьбіты квазірэлігійнай свядомасці); – 13,5 %; 3) атэісты (носьбіты пазарэлігійнай свядомасці) – 6,9 %; 4) адсутнасць як веры, так і нявер’я (носьбіты нерэлігійнай свядомасці) – 11,6 % (с. 9).

Што датычыць канфесійнай самаідэнтыфікацыі, то аўтар паказвае, наколькі істотна змяняюцца звесткі пры выкарыстанні адкрытых пытанняў. Так, напрыклад, узровень самаідэнтыфікацыі «праваслаўныя» можа адрознівацца ўдвая: пры адкрытым пытанні ў 2003 г. доля праваслаўных склала 40,1 %, а пры паўзакрытым у 2004 г. па той жа выбарцы – 79,8 %. Пры гэтым пазіцыя «няма адказу» набірала адпаведна 41,2 % і 0,5 % (с. 12).

Трэцяя характарыстыка рэлігійнасці, якую вылучае аўтар, – гэта культавыя паводзіны, якасць якіх вызначаецца праз наведванне багаслужбаў, а таксама праз «узровень уцаркоўленасці» (гэта значыць удзелу ў такіх таемствах, як споведзь і прычасце). Пры гэтым у рэцэнзаваным выданні аўтар пазбягае дэталізацыі ды звяртаецца да простых паказнікаў, аднак уводзіць таксама паняцце сувязі з рэлігійнай супольнасцю, якая, паводле атрыманых звестак, амаль нулявая.

Безумоўна цікавай ёсць ідэя аўтара даследаваць якую ролю маюць розныя сацыяльныя інстытуты ва ўзнаўленні рэлігійнасці. Тут Юдзін грунтуецца на даследаваннях Я. Бабосава (1993-1994 гг.). Тады былі атрыманыя наступныя вынікі: для 34,5 % уплыў аказала сям’я, 35,2 % уплыву сям’і не адчувалі; іншымі значнымі фактарамі былі: 7,9 % – блізкі сябар, 9,2 % – знаёмыя, 6,2 % – святар. Звесткі, атрыманыя Юдзіным, паказваюць, што на моладзь пазначанага рэгіёну найбольшы ўплыў аказвае сям’я, прычым гэты ўплыў у адсоткавых адносінах з 2002 да 2009 г. вырас з 37 % да 56,2 %. Уплыў рэлігійнай літаратуры ўпаў з 10,6 % да 6,4 %, а складанай жыццёвай сітуацыі – з 30,3 % да 25,5 % (c. 76). У сям’і ролю рэлігійнай сацыялізацыі выконваюць найперш маці, бабулі і дзядулі, а таксама вялікі ўплыў мае наяўнасць у сям’і прадметаў рэлігійнага культу, асабліва іконаў – 84 % вернікаў адзначылі іх наяўнасць.

Разнастайныя індэксы даверу паказваюць надзвычай высокі ўзровень даверу да праваслаўнай царквы. Лічбы ж, атрыманыя Юдзіным, дазваляюць паставіць такія вынікі пад сумнеў. Так, уплыў царквы рэспандэнты ацанілі на 9,1 %. Аўтар спрабуе разабрацца ў такой калізіі ды вызначыць фактары, якія прывялі да такой сітуацыі, аднак разгляд праблемы носіць больш эсэістычны, чым сістэмна-навуковы характар.

Яшчэ адзін крытэр, які Юдзін згадвае, але не надае шмат увагі ў метадалагічнай частцы, – дагматычная пісьменнасць, ці, хутчэй, непісьменнасць. Дагматычная непісьменнасць, на погляд аўтара, ёсць сярод моладзі вельмі значнай. Ён звязвае гэта з тым, што маладыя людзі, асабліва тыя, што вызначаюць сябе як праваслаўных, практычна не атрымліваюць сацыялізацыі ды адукацыі праз рэлігійныя інстытуты: супольнасць, рэлігійную літаратуру.

Асобная глава прысвечана параўнальнаму аналізу рэлігійнасці праваслаўных студэнтаў МДУ з праваслаўнымі ды каталіцкімі студэнтамі ГрДУ. Паводле ўзроўню рэлігійнасці і на ўсходзе, і на захадзе Беларусі суадносіны носьбітаў розных тыпаў свядомасці практычна ідэнтычныя, а вось пры канфесійнай ідэнтыфікацыі відаць значныя адрозненні. На погляд аўтара, важную ролю тут грае тое, што пры канфесійнай ідэнтыфікацыі выкарыстоўваецца этнічны прынцып, калі беларусы і рускія запісваюць сябе ў праваслаўныя, палякі – у каталікі ды г. д.

Уласна на канфесійнай прыналежнасці даследнік спыняецца пры аналізе значэння догмаў і прыходзіць да высновы, што каталіцкая моладзь (ГрДУ) больш верыць у хрысціянскія дагматы, чым у нехрысціянскія. Пры гэтым праваслаўная моладзь менш верыць у хрысціянскія дагматы, чым у нехрысціянскія, а рэгіянальныя адрозненні паміж групамі з розных рэгіёнаў мінімальныя. Гэта сведчыць пра тое, што паміж канфесіямі існуюць значныя адрозненні ў рэлігійным светапоглядзе, але, на жаль, аўтар гэта ніякім чынам іх не даследуе.

Адрозніваюцца каталікі ды праваслаўныя і паводле ўзроўню рэлігійных паводзінаў. Так, 42 % каталікоў (ГрДУ) наведваюць набажэнствы раз на тыдзень, а 26,3 % – раз на месяц, у той час як сярод праваслаўных гэтыя паказнікі ў разы ніжэйшыя, і тут існуе значнае адрозненне цяпер ужо паводле рэгіёну: 5 % праваслаўных (ГрДУ) наведваюць багаслужбы раз на тыдзень, а 7,5 % – раз на месяц, у той час як практычна ніхто з праваслаўнай моладзі МДУ не наведвае набажэнстваў штотыдзень, і толькі 5,1 % – раз на месяц (c. 104–105).

Досыць цьмяна ў кнізе прадстаўленыя і пункты гледжання веруючай і няверуючай моладзі на парушэнне правоў, прычым разглядаюцца не ўласна правы чалавека, але хутчэй «законныя інтарэсы» ў працоўных адносінах, сферы гандлю, медычным абслугоўванні, дзяржаўным кіраванні, сацыяльным абслугоўванні, адукацыі ды сацыяльнай сферы.

Найменш ясным ёсць раздзел, прысвечаны рэалізацыі правоў у сферы рэлігіі, які займае ўсяго дзве старонкі ды ўяўляе з сябе не даследаванне, а кароткае апісанне прыкладаў фінансавай падтрымкі праваслаўя з боку дзяржавы, у тым ліку ў Магілёўскай вобласці, а таксама інфармацыю аб прымусовых суботніках і фінансаванні праваслаўнай царквы з боку прадпрыемстваў. Не абышлося і без згадвання бязмытавай гарэлкі, якой гандлюе праваслаўная царква; толькі ў гэтым лірычным адступленні апроч гарэлкі ў аўтара фігуруе і нафта. Гэты невялічкі раздзел спасылаецца на экспертнае апытанне, аднак экспертнай ацэнкі тут яўна не стае.

Палявыя даследаванні і лірычныя адступленні ў кнізе змяшчаюцца ў дадатках і ўяўляюць з сябе найбольш захапляльную чытанку. У першым дадатку магілёўская моладзь малюе свой вобраз Бога, а ў другім змяшчаюцца розныя гісторыі пра сурок і варажбу, падобныя да этналагічнага зборніку сучаснага фальклору ці апошніх старонак газетаў кшталту «Крыжаванкі, сканворды, неверагоднае». Такое лірычнае адступленне, але абгрунтаванае сацыялагічнай метадалогіяй, у самім тэксце мае раздзел, прысвечаны сімвалічнаму выяўленню рэлігійнасці, калі рэспандэнтаў просяць даць свае асацыяцыі на такія сімвалы як крыж, зорка і паўмесяц.

Даследаванне Юдзіна ўтрымлівае цікавую і карысную інфармацыю, але пры гэтым мае шмат хібаў. Перш за ўсё, праблемы звязаны з недакладным апісаннем методыкі сацыялагічных апытанняў. Не заўжды зразумела які рэгіён даследавання, сацыяльная група, паводле якой выбаркі робіцца анкетаванне; не акрэсліваецца, ці ёсць пазначаныя звесткі часткай аднаго анкетавання або гэта розныя даследаванні.

Канцэптульна даследаванне носіць эклектычны характар. Розныя аспекты рэлігійнасці, на якія звяртае ўвагу аўтар, не складаюць адзінай сістэмы, а так і застаюцца адасобленым разгортваннем той ці іншай тэмы, у тым ліку і жанрава рознай. Таму і высновы, якія магчыма зрабіць з атрыманай інфармацыі, носяць частковы і прыватны характар, не ствараючы комплекснага бачання заяўленай тэмы.

Найбольш прапрацаваным матэрыялам можна лічыць раздзел, у якім параўноўваюцца некаторыя аспекты рэлігійнасці студэнтаў (праваслаўныя) МДУ і студэнтаў (праваслаўныя і каталікі) ГрДУ.

У цэлым можна канстатаваць, што нягледзячы на асобныя пазначаныя хібы, кніга Юдзіна можа быць карысным матэрыялам даследчай інфармацыі.

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...