8 снежня, а 18-й гадзіне, на падворку ЦСІ абудзецца чарговае паседжанне даследчага семінару Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”. Тэма дакладу: “Этнагенетычныя ідэі і іх палітычнае значэнне”.
Дакладчык: філосаф, этнакультуролаг, рэдактар сайту этнакасмалогіі «KRYŬJA», галоўны рэдактар альманаху “DRUVIS” Аляксей Дзермант.
Да ўдзелу ў семінары запрашаюцца ўсе жадаючыя. Рэгістрацыя адбываецца праз электронны адрас: [email protected]
Кароткая інфармацыя пра даклад:
Этнагенетычныя тэорыі і ідэі з даўніх часоў былі не столькі спробай аб’ектыўнага апісання працэсу паходжання народаў, колькі адмысловым наратывам, які ствараўся дзеля легітымацыі ўяўнай генеалогіі ці прэтэнзій на панаванне. Прыкладам, як у “Аповесці мінулых часоў” або ў разе з паданнем пра рымскае паходжанне літоўскага набілітэту. Вельмі выразны палітычны кантэкст маюць адносна нядаўнія тэорыі “старарускай” народнасці, “усходнеславянскай” цывілізацыі і г.д.
Больш як паўстагоддзя не сціхаюць дыскусіі вакол балта-славянскага пытання на тэрыторыі Усходняй Еўропы. У дакладзе будзе прапанаваны аналіз таго, якім чынам тыя або іншыя тэорыі адносна паходжання і ўдзелу балтаў ды славянаў у этнагенезе усходнееўрапейскіх народаў спалучаліся з палітычнай рыторыкай або мелі палітычны падтэкст. У прыватнасці, будуць разгледжаныя спрэчкі вакол славянскага пытання, у тым ліку апошняга часу, што адбываліся вакол рэвалюцыйнай працы Ф. Курты “Вынаходніцтва славянаў”.
Гэтую тэму можна працягнуць “ятвяжскай” праблемай як у навуковым, гэтак і ў палітычным кантэксце (рэгіяналісцкі рух у Беларусі, Літве і Польшчы). Балцкая тэма і па сёння застаецца адной з самых “гарачых” сярод беларускіх навукоўцаў. У звязку з гэтым варта разгледзіць аргументы і пазіцыі тых, хто аспрэчвае калі не вызначальны, то значны ўплыў мясцовага балцкага насельніцтва на фарміраванне беларускага народу. Спецыяльнай увагі патрабуюць і новыя звесткі, якімі пачалі актыўна апераваць у асадах этнагенетычнага дыскурсу, у прыватнасці генетычныя, на падставе якіх ужо пачаліся самыя разнастайныя спекуляцыі.
Таксама колькі слоў мяркуецца прысвяціць аналізу таго, як этнагенетычныя ідэі транслююцца на шырокую публіку і ўплываюць на рыторыку палітычных лідэраў (Беларусь, Літва, Расія).