Расія як хвароба, літаратура як зло

tompsanЭва М. Томпсан. Песняры імперыі: расійская літаратура і посткаланіялізм / пераклад з англ. мовы Т. Нядбай. – Мн.: Медыясонт, 2009.

Кніга “Песняры імперыі. Расійская літаратура і каланіялізм” амерыканскай даследчыцы Эвы Томпсан прысвечана даследаванню расійскай літаратуры. Але праца вельмі далёкая ад літаратуразнаўства, хутчэй, гэта прачытанне класічных твораў праз посткаланіяльную прызму. На першы план у кнізе выносяцца менавіта дачыненні імперыі і калоній у дыскурсіўнай прасторы. Галоўны тэзіс Томпсан зводзіцца да таго, што расійская літаратура абслугоўвала імперскія інтарэсы, а менавіта: 1) расійскія пісьменнікі зыходзілі з нерэфлексіўнай  імперскай пазіцыі, 2) наогул не заўважалі ці прыніжалі іншыя народы Імперыі і 3) прыглушалі/адбіралі права голасу ў прыгнечаных народаў.

Імперыя разумеецца выключна як рэпрэсіўны інстытут, які толькі займаецца тэрытарыяльнай экспансіяй і эксплуатацыяй захопленых тэрыторый ды народаў.

Томпсан шмат намаганняў прыкладае на тое, каб паказаць розніцу паміж заходнім і расійскім імперыялізмам / каланіялізмам (і робіць гэта цалкам слушна). Але нягледзячы на гэта, у яе не паўстае ніякіх сумненняў пра ўсялякія змяненні і адаптацыю метадалогіі посткаланіялізма, распрацаваную Саідам у дачыненні выключна да заходняга імперыялізму, у прымяненні да аналізу расійскага выпадку.

Паўстае ўражанне, што падставай для даследавання расійскай літаратуры і імперскага дыскурсу ў кнізе  з’яўляецца сцверджанне: Расія – гэта Зло, а Расійская імперыя – гэта МегаЗло. Хоць гэта ўжо радыкалізацыя зыходнага тэзісу, сама амерыканская даследчыца выказваецца больш памяркоўна: “Хвароба Расіі не ў палітычнай сістэме, сама імперская Расія – гэта хвароба”. У выніку, ледзь не на кожнай старонцы мы можам сустрэць сцверджанні пра адсталасць, ніжэйшы ўзровень, дзікунства расійскай дзяржавы і культуры. Ці не сустракаем мы зноў тую ж стэрэатыпізацыю і сімвалічнае прыніжэнне, у якіх абвінавачваюцца расійскія пісьменнікі?

На жаль, прачытанне розных сюжэтаў расійскай літаратуры ў “Песнярах імперыі” вельмі часта хварэе на ігнараванне кантэксту, нацягнутыя інтэрпрэтацыі і нават больш таго, на адмысловыя фальсіфікацыі. І ўсё ж менавіта разбор класічных твораў – гэта найбольш моцнае месца гэтай кнігі. У працы можна знайсці шмат цікавых і пранізлівых заўваг, якія паўстаюць пры прачытанні знаёмых твораў “супраць шэрсці”, праз пошук тых схаваных сэнсаў, якія імпліцытна закладваліся ў літаратурныя творы іх аўтарамі.

Як ні дзіўна, але менавіта прастата і радыкальнасць аўтаркі, эмацыйная зараджанасць тэксту прымушаюць з цікавасцю ўчытвацца ў гэтыя старонкі, прысвечаныя развенчванню тых імперскіх стэрэатыпаў, якімі прасякнута расійскай літаратура.

У безумоўны плюс “Песнярам імперыі” можна залічыць тое, што да гэтай кнігі вельмі цяжка застацца абыякавым. Яна лёгка выклікае абурэнне – асабліва ў тых, хто выхоўваўся на творах расійскай літаратуры. Інтэлігенцыі “прыгнечаных Народаў” гэтай працай лёгка захапіцца і ўбачыць тут надзвычайнае інтэлектуальнае дасягненне, паколькі Эва Томпсан паслядоўна і ўпарта сцвярджае каланіяльны характар расійскай літаратуры. А гэта ж адна з найбольш фундаментальных падстаў расійскай культуры, якая ўжо даўно не існуе як нейкая самастойная з’ява, а мае цесныя і непарыўныя сувязі з вялікадзяржаўнай знешняй палітыкай.

Між тым, пры фіксацыі шматлікіх недахопаў кнігі Эвы Томпсан, даводзіцца прызнаць, што першапачатковая інтэнцыя даследчыцы на пошук прыхаванай імперскай свядомасці ў творах расійскай пісьменнікаў – гэта цалкам слушная і адпаведная задача. Толькі вось асабістая ідэалагічная заангажаванасць даследчыцы і вельмі слабая метадалагічная база паспрыялі таму,  што рашэнне гэтай задачы пакідае даволі сумнае ўражанне ў тых, хто прагне глыбокага і сур’ёзнага аналізу дачыненняў паміж палітыкай і культурай, уладай і ведай, Імперыяй і Народамі.

У любым выпадку прачытанне гэтай кнігі пакідае ў душы сумненні і падазрэнні для вялікіх літаратурных наратываў, пасля чаго “дыскурс па змаўчанні” мае мала шанцаў на поспех. Вось толькі на старонках кнігі Томпсан Вялікае Падазрэнне так і замыкаецца ў межах ressentiment. Імперыя яшчэ чакае сваіх годных дэканструктараў.

Агляд падрыхтаваны: Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”

Check Also

Новае даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі

Інстытут «Палітычная сфера» прадстаўляе даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі, прысвечанае помнікам, мемарыяльным дошкам, памятным ...

Leave a Reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *