Несістэмныя ўводзіны ў тэорыю палітычных сістэм

vokladka-antanovich Антонович Н. А. Теория политических систем: учеб. пособие. – Минск, 2008. – 208 с.

Кніга кандыдата навук і дацэнта кафедры паліталогіі БДУ Ніны Антановіч “Тэорыя палітычных сістэм” з’яўляецца абагульненнем навуковых і вучэбна-метадычных напрацовак аўтара па тэматыцы палітычных сістэм. Гэта, бадай, першая ў беларускай палітычнай навуцы спроба сістэматычнага выкладання і абагульнення тэарэтычных падмуркаў сістэмнага падыходу ў паліталогіі. І гэта, безумоўна, заслугоўвае ўвагі. Навучальны дапаможнік складаецца:

– з агульных уводзінаў у сістэмны падыход і агульную тэорыю сістэм;

– з гістарычнага агляду развіцця сістэмнага падыходу у political science (ад структурнага функцыяналізму, праз апісанне мадэляў палітычнай сістэмы, да культуралагічных канцэпцыяў);

– з апісання “постсістэмных падыходаў”, да якіх аўтар залічвае тэорыю структурацыі Э. Гідэнса, тэорыю сацыяльнага і палітычнага поля П. Бурдзье, а таксама “новы інстытуцыяналізм” (Д. Марч, М. Олсана і інш.);

– са спробы тыпалагізацыі палітычных сістэм, невялічкага экскурсу ў тэорыю арганізацыі,

– падаецца таксама агляд сістэмных даследаванняў у міжнародных адносінах (М. Каплан, І. Валерстайн).

Дапаможнік, як пазначана ў прадмове, мусіць зліквідаваць пэўны прабел, бо “шэраг сучасных прац утрымліваюць недакладныя і няпоўныя ўяўленні пра патэнцыял тэорыі палітычных сістэм” (Антонович, 2008: 5). Такім чынам аўтар робіць даволі амбітную заяву, але ж па істотных прычынах вынік працы нельга назваць цалкам удалым.

Бадай найбольшай хібай дапаможніка з’яўляецца ягоная эклектычнасць. Аўтар імкнецца ўціснуць у межы аднаго падручніка ўсе вядомыя тэорыі і канцэпцыі, што хоць неяк закранаюць паняцце “сістэма”. Пры гэтым атрымоўваецца простая сума ўсяго рознага, што з’явілася за дзесяцігоддзі пасля афармлення сістэмнага падыходу. Крытыка па просту адсутнічае, аўтар толькі збірае, канспектуе і інтэрпрэтуе тэксты розных аўтараў. Атрымоўваецца не вельмі зразумелая мяшанка, што не толькі не дае выразнага разумення сістэмнага падыходу, але можа яшчэ больш заблытаць чытача. Пазіцыя аўтара застаецца не вызначанай, ён не абірае пэўны пункт погляду і не схіляецца да асобнай  тэорыі (падыходу), ды сам застаецца толькі дасведчаным чытачом і пераказчыкам шматлікіх тэкстаў. Апошнія прад’яўляюцца раўназначнымі і справядлівымі, нягледзячы на іх часам відавочную супярэчнасць адзін аднаму. Пры гэтым, нельга казаць, што аўтар цалкам не правільна пераказвае думкі мэтраў палітычнай навукі. Хутчэй адарваныя ад кантэксту фрагменты ды пераказаныя ў скарачэнні тэксты не даюць карэктнага ўяўлення пра сутнасць той ці іншай канцэпцыі.

Першая частка дапаможніка прысвечана ўводзінам у сістэмны падыход, сістэмнаму аналізу і агульнай тэорыі сістэм. Гэтая частка кнігі выглядае найбольш фрагментарнай. Гісторыя станаўлення сістэмнага падыходу пададзена непаслядоўна. Аўтар пераскоквае з адной логікі выкладання на другую: то пералічваюцца стваральнікі, то падаюцца тэарэтычныя ўнёскі, то біяграфічныя звесткі. Апісанне асноўных сістэмных катэгорыяў “сістэма”, “уласцівасці”, “элемент”, “структура” і г. д. уяўляюць сабой мяшанку з кібернетыкі, сінергетыкі і ўласна тэорыі сістэм.  Дапаможнік імкнецца сумясціць розныя, часам мала сумяшчальныя, метадалагічныя падыходы да сістэмнасці. Атрымоўваецца даволі блытана, што не дазваляе выразна зразумець ні генеалогію, ні сутнасць, ні ролю сістэмнага падыходу ў сучаснай навуцы і метадалогіі.

Другая частка кнігі, “Структурна-функцыянальны і сістэмны падыходы ў аналізе палітыкі”, выглядае значна лепш за папярэднюю. Тут паслядоўна апісваюцца канцэпцыі Э. Дзюргейма, функцыянальны аналіз Р. Мэртана, тэорыя сацыяльнай сістэмы Т. Парсанса, мадэлі палітычнай сістэмы Д. Істана, Г. Алманда і К. Дойча. Безумоўна, гэта надта канспектыўная і аўтарская інтэрпрэтацыя пазначаных канцэпцый, але ў межах навучальнага дапаможніка гэта можна лічыць дапушчальным. Тым не менш, пры выкарыстанні дапаможніка ў адукацыйным працэсе, важна арыентаваць студэнтаў на вывучэнне арыгінальных тэстаў, што ўжо часткова даступныя хаця б у рускім перакладзе.

У трэцяй главе, “Сучасныя постсістэмныя падыходы”, трохі згадваецца пра тэорыю структурацыі Гідэнса, сацыялогію П. Бурдзьё, больш падрабязна разглядаецца інстытуцыяналізм і неаінстытуцыяналізм у палітычнае і эканамічнае навуцы. Цалкам не зразумела, чаму аўтар называе ўсе гэтыя тэорыі “постсістэмнымі”. Пэўныя тлумачэнні на гэты конт мог бы даць раздзел “Крытыка структурнага функцыяналізму і сістэмнага падыходу”, але чакаемых тлумачэнняў ён не дае. Нягледзячы на назву, крытыка як такая там адсутнічае. Што і зразумела, бо ніхто з пералічаных аўтараў крытыкай сістэмнага падыходу не займаўся.

Наступная частка прысвечана падрабязнаму пералічэнню розных варыянтаў тыпалогіі палітычных сістэм, што існуюць у навуковай літаратуры. Але, паколькі аўтар не ставіць выразнай уласнай мэты на класіфікацыю, тэкст больш нагадвае даведку па тэме: “ёсць такія класіфікацыя, а ёсць іншыя”.

“Тэорыя арганізацыі” – пятая частка дапаможніка, каротка ўводзіць у агульныя прадстаўленні пра арганізацыі, тэорыю бюракратыі, дзяржаўнае кіраванне, прыняцце рашэнняў, сеткавыя структуры ў палітыцы. Якасць асобных частак главы моцна залежыць ад крыніц, на якія абапіраецца аўтар. Пры выкладанні тэорыі бюракратыі, Вэбер дадае плюсаў тэксту, чаго нельга сказаць пра часткі, якія прысвечаны дзяржаўнаму кіраванню і сеткавым структурам, што абапіраюцца відавочна не на лепшай якасці расійскія і мясцовыя спробы тэарэтызавання. Што да часткі, якая прысвечана дзяржаўнаму кіраванню, то аўтарскія выдзяленні паняццяў сацыяльнага кіравання, палітычнага кіравання, дзяржаўнага кіравання у вузкім і шырокім сэнсе і г. д. з’яўляюцца толькі фармальна лагічнымі. Гэта значыць, што іхні змест толькі тэкстуальны і яны не маюць аніякага эмпірычнага, практычнага, ці дзейснага карэляту. Таму ўсе сцвярджэнні могуць быць крытыкаванымі толькі з боку іх лагічнай карэктнасці, а гэта асаблівага сэнсу не мае. Тэкст у такой жа ступені абстрактна правільны, у якой, на жаль, не напоўнены практычным сэнсам.

Агляд падрыхтаваны: Інстытут палітычных даследаванняў “Палітычная сфера”

Check Also

Конкурс стыпендый EU4Belarus – SALT (дэдлайн – 15.01.2025)

🌐Еўрапейскі саюз у межах праграмы «EU4Belarus – SALT (Support for Advanced Learning and Training)» аб’яўляе ...