НАВІНЫ · 20 студзеня 2014
Прэмія Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі – 2014 (тэрмін падачы намінацый – да 15 сакавіка 2014 г.)
http://palityka.org/wp-content/uploads/2014/01/Logo.jpg Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі аб’яўляе пра збор намінацый для Прэміі за найлепшую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін 2014 года.
Прэмія мае на мэце адзначыць дасягненні ў сацыяльных і гуманітарных навуках на працягу года, заахвочваць навуковую працу, а таксама спрыяць паляпшэнню якасці навуковай дзейнасці.
Заклікаем аўтараў і прадстаўнікоў акадэмічнай супольнасці намінаваць значныя вынікі навуковай дзейнасці і, такім чынам, паспрыяць іх папулярызацыі і ўзнагароджванню аўтараў за навуковыя дасягненні.
Прапановы можна падаць на адрас [email protected] да 15 сакавіка 2014 года.
Урачыстае наданне прэміі адбудзецца на Чацвёртым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі, які пройдзе 3-5 кастрычніка 2014 года.
Намінацыі: Прэмія аб’яўляецца ў трох намінацыях: – Сацыяльныя навукі: палітычныя навукі, сацыялогія. – Гуманітарныя навукі: філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства. – Гісторыя.
Публікацыі па праву і эканоміцы прымаюцца да разгляду толькі ў тым выпадку, калі яны маюць міждысцыплінарны характар, а таксама закранаюць праблематыку асноўных сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.
З гэтага году праводзіцца асобны конкурс для манаграфій і артыкулаў.
З 2014 года Прэмія па гуманітарных навуках аб’ядноўваецца з Прэміяй імя Зоры Кіпель, якая надавалася Паўночнаамерыканскай асацыяцыяй даследчыкаў Беларусі.
Вылучаць на прэмію можна як уласныя публікацыі, так і публікацыі іншых людзей.
Для разгляду прымаюцца працы, якія былі надрукаваныя ў 2013 г., а таксама надрукаваныя ў 2012 г., калі гэтыя працы не былі намінаванымі падчас папярэдняга конкурсу.
Асноўныя патрабаванні: тэкст памерам не менш за 20 тысяч знакаў (навуковы артыкул, манаграфія, іншая акадэмічная форма прэзентацыі вынікаў даследаванняў), напісаны адным ці некалькімі аўтарамі (але пад навуковай рэдакцыяй аднаго чалавека).
З павагай, Арганізацыйны камітэт Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі