Даследаванні · 19 кастрычніка 2026
Па другі бок мяжы: Беларусь і беларусы ва ўспрыманні літоўскага грамадства
Даследаванне прысвечана таму, як жыхары Літвы ўспрымаюць Беларусь і беларусаў ва ўмовах двухбаковых адносін, якія рэзка змяніліся пасля 2020 года. У цэнтры ўвагі — стаўленне да беларускіх грамадзян і міграцыі, пытанні бяспекі, успрыманне палітычнай сістэмы Беларусі і яе залежнасці ад Расіі, а таксама чаканні ад палітыкі Літвы ў дачыненні да афіцыйнага Мінска і беларускіх дэмакратычных сіл.
Атрыманыя вынікі паказваюць даволі складаную карціну. Стаўленне літоўцаў да беларусаў застаецца неадназначным, аднак грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Літве, значна радзей успрымаюцца як пагроза, чым беларуская дзяржава. Эканамічны ўнёсак беларусаў ацэньваецца пераважна станоўча, пры гэтым стаўленне да далейшай працоўнай міграцыі застаецца дылемай грамадскай думкі. Адначасова большасць рэспандэнтаў характарызуюць Беларусь як аўтарытарную дзяржаву, моцна залежную ад Расіі, і не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком.
Асобная частка даследавання разглядае гістарычную памяць і культурныя сувязі двух грамадстваў: стаўленне да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага і «Пагоні», дыскусіі вакол «літвінізму», а таксама веданне беларускіх гістарычных і культурных дзеячаў.