← Усе навіны

НАВІНЫ · 27 лістапада 2026

Найлепшыя даследаванні па гісторыі Беларусі: вынікі Прэміі Кангрэса — 2026

25 лістапада 2026 года ў Варшаўскім універсітэце адбылося абвяшчэнне вынікаў Прэміі Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі за найлепшыя навуковыя публікацыі 2025 года.

Прапануем пазнаёміцца з вынікамі Прэміі ў намінацыі «Гісторыя» і навуковымі працамі, якія атрымалі найвышэйшыя ацэнкі экспертнай рады.

Сёлетнія вынікі ў гэтай намінацыі маюць адметнасць: як у катэгорыі манаграфій, так і ў катэгорыі навуковых артыкулаў першае і другое месцы падзялілі па два аўтары, якія паводле ацэнак экспертаў набралі аднолькавую колькасць балаў.

Адзначаныя даследаванні ахопліваюць шырокі храналагічны і тэматычны дыяпазон — ад сярэднявечных ваенных канфліктаў і балтыйскай палітыкі Вялікага Княства Літоўскага да гісторыі беларускага прадпрымальніцтва, антысавецкага супраціву і інтэлектуальнага жыцця ў познесавецкі перыяд.

МАНАГРАФІІ

1–2 месцы

Дзмітрый Матвейчык

Гістарыяграфія паўстання 1863–1864 гг. на тэрыторыі Беларусі. Вільня: Ciklonas, 2025. 448 с.

Манаграфія прысвечаная гісторыі вывучэння паўстання 1863–1864 гадоў на беларускіх землях. Аўтар аналізуе развіццё чатырох гістарыяграфічных традыцый — беларускай, польскай, расійскай і літоўскай — ад першых публікацый пра паўстанне да сучасных даследаванняў. Асаблівая ўвага надаецца эвалюцыі навуковых інтэрпрэтацый паўстання, уплыву палітычных і ідэалагічных фактараў на яго вывучэнне, а таксама дзейнасці асобных даследчыкаў.

Віктар Якубаў

Барацьба Вялікага княства Літоўскага за Інфлянты ў канцы XVI — пачатку XVII ст. Вільня: Ciklonas, 2024. 348 с.

У цэнтры даследавання — палітыка Вялікага Княства Літоўскага ў адносінах да Інфлянтаў, аднаго са стратэгічна важных рэгіёнаў Балтыкі. Аўтар разглядае палітычныя, адміністрацыйныя, эканамічныя і ваенныя аспекты барацьбы за Інфлянты, супярэчнасці паміж ВКЛ і Польскім Каралеўствам у пытаннях кіравання гэтай тэрыторыяй, а таксама ролю Рыгі і балтыйскага гандлю ў гаспадарчым развіцці Вялікага Княства.

3 месца

Андрэй Кіштымаў

Школа капитализма: очерки истории предпринимательства Беларуси конца XVIII — начала XX в. Мінск: Беларуская навука, 2025.

Манаграфія прысвечаная гісторыі станаўлення і развіцця прадпрымальніцтва на беларускіх землях. У даследаванні разглядаюцца ўзаемадзеянне дзяржаўнай і прыватнай эканамічнай ініцыятывы, развіццё прадпрымальніцтва ў гандлі і сельскай гаспадарцы, яго роля ў працэсах урбанізацыі Беларусі. Асобная ўвага надаецца фарміраванню ў XIX стагоддзі новай сацыяльнай групы — прадпрымальнікаў-капіталістаў.

НАВУКОВЫЯ АРТЫКУЛЫ

1–2 месцы

Таццяна Астроўская

Беларусь як «культурнае падабенства каланіяльнай Афрыкі», ці Антыкаланіяльнае паўстанне камуніста Аляксея Каўкі. Topos, 2025, № 2 (55), с. 36–68.

У цэнтры артыкула — «Ліст рускаму сябру» беларускага філолага, літаратуразнаўцы і гісторыка Аляксея Каўкі, напісаны ў 1976–1977 гадах і ўпершыню апублікаваны ў Лондане ў 1979 годзе. Праз аналіз гэтага тэксту, гісторыі яго публікацыі і біяграфіі аўтара даследчыца звяртаецца да праблем інтэлектуальнага і культурнага супраціву ў савецкай Беларусі, антыкаланіяльнага дыскурсу, а таксама складаных узаемаадносін паміж савецкай інтэлігенцыяй і ўладай.

Чытаць артыкул

Аляксей Мартынюк

Vor Plosskaw an dem sturm. Eine Preußenreise und ihre visuelle Dokumentation. Das Militärwesen im Deutschen Orden (Quellen und Studien zur Geschichte des Deutschen Ordens, Bd. 96). Weimar, 2025, S. 75–94.

Артыкул прысвечаны ваенным канфліктам паміж Тэўтонскім ордэнам і Вялікім Княствам Літоўскім у XIV стагоддзі, у прыватнасці рыцарскаму паходу 1381–1382 гадоў і падзеям, звязаным з аблогай Полацка. Супастаўляючы пісьмовыя і геральдычныя крыніцы, аўтар прапануе новую інтэрпрэтацыю асобных выяў у сярэднявечным гербоўніку Bellenville і рэканструюе склад удзельнікаў рыцарскага паходу. Даследаванне раскрывае магчымасці выкарыстання візуальных крыніц для вывучэння ваеннай гісторыі ВКЛ.

3 месца

Ніна Стужынская, Юры Грыбоўскі

Цімох Хведашчэня — атаман беларускага антысавецкага партызанскага руху. Białoruskie Zeszyty Historyczne, 2025, № 58, с. 171–201.

Артыкул прысвечаны жыццёваму шляху Цімоха Хведашчэні (1893–1977), аднаго з дзеячаў беларускага антысавецкага партызанскага руху. Аўтары разглядаюць яго ўдзел у Першай сусветнай вайне, дзейнасць у шэрагах фарміраванняў Станіслава Булак-Балаховіча, удзел у антысавецкім супраціве і далейшы лёс у Польшчы. Праз біяграфію Хведашчэні даследчыкі звяртаюцца да гісторыі беларускага нацыянальнага руху і барацьбы за незалежную беларускую дзяржаву ў першай палове XX стагоддзя.

Чытаць артыкул у выпуску часопіса Białoruskie Zeszyty Historyczne

Віншуем усіх аўтараў адзначаных публікацый і зычым новых навуковых здабыткаў!