← Усе навіны

НАВІНЫ · 20 лістапада 2015

Канферэнцыя “Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы”

http://palityka.org/2015/11/kanfjerencyja-charnobylskaja-avaryja-i-hramadstva-30-hod-paslja-katastrofy/111-2/ МГА «ГІСТОРЫКА» (Менск) БЕЛАРУСКІ АРХІЎ ВУСНАЙ ГІСТОРЫІ (Менск) ІНСТЫТУТ СЛАВІСТЫКІ ПОЛЬСКАЙ АКАДЭМІІ НАВУК (Варшава) ЛЯТУЧЫ ЎНІВЕРСІТЭТ (Менск) Запрашаюць да ўдзелу ў міжнароднай навуковай канферэнцыі «Чарнобыльская аварыя і грамадства: 30 год пасля катастрофы» (Менск, 15-16 красавіка 2016 г.) Трыццацігоддзе аварыі на Чарнобыльскай АЭС павінна стаць нагодай для пэўнай “інвентарызацыі” нашых ведаў па праблеме чалавека і грамадства ў “постчарнобыльскім свеце” і, магчыма, для вызначэння новых накірункаў даследаванняў.

Не сакрэт, што па шэрагу прычын гэтая катастрофа і яе наступствы ў Беларусі аказаліся адсунутымі на перыферыю грамадскай і навуковай зацікаўленасці.

Аднак, як паказалі даследаванні Беларускага архіва вуснай гісторыі (2015), Чарнобыль па-ранейшаму адгукаецца вялікім болем у памяці тых, каго закранула гэтая трагедыя.

Адначасна яна падкрэслівае значэнне сацыяльных і гуманітарных навук, а таксама адказнасць навукоўцаў за тое, што адбываецца з чалавекам і грамадствам у сітуацыі глабальнай катастрофы.

Запрашаем навукоўцаў паспрабаваць адказаць на наступныя пытанні: Якія сацыяльныя і палітычныя наступствы мела аварыя на Чарнобыльскай АЭС для грамадства Беларусі і ўсяго постсавецкага рэгіёну?

Як паўплывала гэтая аварыя на развіццё сацыяльных і гуманітарных навук?

Як Чарнобыльская катастрофа і яе наступствы адлюстраваліся ў памяці і культуры народаў Беларусі, Украіны і Расіі?

Канферэнцыя будзе мець шматдысцыплінарны характар.

Мы разлічваем на ўдзел у ёй гісторыкаў, культуролагаў, палітолагаў, сацыёлагаў, літаратуразнаўцаў, а таксама прадстаўнікоў іншых сацыяльных і гуманітарных навук.

Плануецца праца двух сесій: Чалавек, грамадства, дзяржава праз 30 год пасля Чарнобыльскай катастрофы Памяць і рэфлексія: Чарнобыль у люстэрках памяці і культуры Працоўныя мовы канферэнцыі – беларуская, украінская, руская, польская і англійская.

Заяўкі на ўдзел просім дасылаць да 31 студзеня 2016 г. на адрас: [email protected] ([email protected]).

У заяўцы трэба пазначыць навуковую ступень, месца працы, тэму даклада і тэзісы (не больш 2 тыс. знакаў), кантактны тэлефон і адрас электроннай паштовай скрыні.

Аргкамітэт пакідае за сабой права адбору заявак.

Матэрыялы канферэнцыі будуць апублікаваныя.

Арганізатары кампенсуюць выдаткі на праезд і пражыванне ўдзельнікаў канферэнцыі.

Просім пераслаць інфармацыю ўсім зацікаўленым асобам.

Аргкамітэт канферэнцыі: Доктар гіст. навук Алесь Смалянчук, Мгр Уладзімір Валодзін Мгр Ганна Кавалёва Мгр Андрэй Мастыка Павел Сітнік

падзея мероприятие анонс