НАВІНЫ · 7 лютага 2012
Выхад навуковага англамоўнага часопіса Belarusian Political Science Review
http://palityka.org/wp-content/uploads/2012/02/cover_bpsreview.pngЯк вядома, адной з істотных праблемаў беларускай навукі з’яўляецца значная ступень яе ізаляванасці ад замежнай акадэмічнай супольнасці.
Сітуацыя выклікана многімі прычынамі, але яе відавочны сімптом – адсутнасць англамоўных выданняў у галіне гуманітарных і сацыяльных дысцыплін.
У той час як міжнародныя англамоўныя выданні (разам з проста публікацыямі па-ангельску), з’яўляюцца асноўным механізмам абмену ідэямі і вынікамі даследаванняў у сусветнай акадэмічнай супольнасці, то ў Беларусі да гэтага часу не існуе ніводнага прафесійнага перыядычнага выдання на ангельскай мове у галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін.
Гэта пры тым, што публікацыі ў англамоўных выданнях з’яўляюцца асновай для вызначэння на міжнароднай арэне акадэмічных статусаў для навукоўцаў і інстытуцый.
Выхад першага нумару Belarusian Political Science Review у выдавецтве Vytautas Magnus University Press ёсць спробай выправіць гэту сітуацыю, прынамсі для даследчыкаў палітыкі і сумежных дысцыплін.
Часопіс заснаваны Кансорцыумам беларускіх, літоўскіх, украінскіх і латвійскіх арганізацый па ініцыятыве Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” (palityka.org (http://palityka.org)), і ў пэўнай ступені з’яўляецца працягам ініцыятывы па пераадоленню ізаляцыі і павышэнню міжнароднага статусу беларускай навукі, распачатай Міжнародным Кангрэсам даследчыкаў Беларусі (icbs.lt (http://icbs.lt)).
Галоўная задача выдання – прадставіць чытачу па-за межамі Беларусі найбольш важныя акадэмічныя даследаванні беларускай палітыкі і грамадства.
Дзеля гэтага рэдакцыя з дапамогай Акадэмічнай рады адбірае найбольш істотныя навуковыя публікацыі, зробленыя беларускімі даследчыкамі на належным навуковым узроўні.
Адабраныя публікацыі затым рэцэнзуюцца і перакладаюцца на англійскую мову.
Рэшта матэрыялаў фарміруецца на аснове адкрытага конкурсу (call for papers).
У адпаведнасці з канцэпцыяй, часопіс будзе змяшчаць даследаванні, прысвечаныя не толькі Беларусі, але і рэгіёну – Польшчы, Украіне і краінам Балтыі.
Відавочна, асноўны фокус выдання – палітычныя і сацыяльныя навукі.
Але часопіс з’яўляецца міждысцыплінарным, таму ўвага надаецца і ўсім сумежным галінам веды, накіраваным на даследаванне палітыкі і палітычнага ў шырокім разуменні – асабліва гісторыі і гісторыі ідэй.
У першым нумары найбольшая ўвага надаецца розным канцэпцыям і праектам палітычнага і нацыянальнага развіцця Беларусі ў розныя гістарычныя перыяды: першыя дзесяцігоддзі ХХ ст. (Ірына Міхеева), БССР 1960-1970-х гг. (Алег Дзярновіч) і, натуральна, у незалежнай Рэспубліцы Беларусь (Андрэй Казакевіч, Аляксей Ластоўскі, Сяргей Богдан).
Таксама ў часопісе можна знайсці і абагульненне вывучэння беларускіх эліт (Наталля Васілевіч), вынікі эмпірычнага даследавання моўных практык беларускіх палякаў (Ірына Лашук, Аксана Шэлест) і веб-актыўнасці падчас мясцовых выбараў 2010 г. (Міхаіл Нядзвецкі).
Прысутнічае і блок матэрыялаў па пытаннях вонкавай палітыкі: артыкулы пра параўнанне абарончых сістэмаў Літвы і Беларусі (Дзяніс Мельянцоў) і пра вынікі рэалізацыі праграмы “Усходняга Партнёрства” для Беларусі (Андрэй Ягораў).
Першы нумар часопіса ўтрымлівае і шэраг змястоўных і канцэптуальных рэцэнзій на выданні, якія датычаць беларускай праблематыкі.
Часопіс і надалей будзе выходзіць штогод, таму звяртаем увагу зацікаўленых аўтараў на магчымасць публікацыі ў нашым выданні.
Часопіс выходзіць у дзвюх версіях: электроннай і друкаванай.
Электронную версію можна бясплатна спампаваць на сайце часопіса: http://bpsreview.palityka.org (http://bpsreview.palityka.org/).