Даследаванні · 17 лістапада 2026

Ад зямлі. Раённыя кіраўнікі як палітычная група

Даследаванне Андрэя Казакевіча і Яўгена Караўлава прысвечана кіраўнікам раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў Беларусі як асобнай палітычнай групе. На аснове звестак пра 435 чыноўнікаў, якія займалі адпаведныя пасады ў перыяд з 2012 да пачатку 2025 года, аналізуюцца асаблівасці фарміравання мясцовай выканаўчай вертыкалі, кадравая ратацыя, сацыяльна-дэмаграфічны склад кіраўнікоў і асноўныя траекторыі іх прафесійнай кар’еры.

Аналіз паказвае істотныя рэгіянальныя адрозненні ва ўстойлівасці кадравай сістэмы. Найбольш стабільнай яна з’яўляецца ў Гродзенскай вобласці, у той час як Магілёўская і Гомельская вылучаюцца высокай частатой кадравых перастановак. Палова даследаваных завершаных кадэнцый не перавышала чатырох гадоў. Асабліва прыкметным стаў 2019 год, калі адбылося каля 50 прызначэнняў, што можа сведчыць пра маштабнае абнаўленне мясцовай вертыкалі напярэдадні палітычнага крызісу 2020 года.

Даследаванне выяўляе асноўныя механізмы рэкрутавання мясцовых кіраўнікоў. Большасць прызначэнняў адбываецца знутры сістэмы раённых выканкамаў, прычым асаблівую ролю адыгрываюць чыноўнікі, адказныя за сельскую гаспадарку. Кіраўніцтва раёнамі і гарадамі застаецца практычна выключна мужчынскай сферай: жанчыны складаюць каля 2% даследаванай групы. Пасля 2020 года таксама назіраецца новая тэндэнцыя — прызначэнне на кіраўнічыя пасады асобных прадстаўнікоў сілавых структур.

Асобная ўвага надаецца кар’ерным перспектывам мясцовых кіраўнікоў і механізмам іх перамяшчэння ўнутры дзяржаўнай сістэмы. Даследаванне паказвае, што пасада старшыні выканкама далёка не заўсёды становіцца прыступкай да вышэйшага ўзроўню ўлады: значная частка чыноўнікаў пераходзіць на працу ў дзяржаўныя прадпрыемствы або працягвае кар’еру ў іншых раёнах. Атрыманыя вынікі дазваляюць лепш зразумець унутраную арганізацыю беларускай выканаўчай вертыкалі, асаблівасці рэгіянальных палітычных эліт і механізмы ўзнаўлення кадравай сістэмы.

СПАМПАВАЦЬ ФАЙЛ