Летнік – 2016 “Гульня і Школа: практыка ўніверсітэцкага будавання” адбудзецца 6-7 ліпеня.

летнік_фота_20167-10 ліпеня 2016 г., Браслаўскія азёры

Летнікі сталі ўжо неад’емнай часткай жыцця Лятучага і могуць прэтэндаваць на адну з самых сталых традыцыяў супольнасці. Апроч гэтага, летняя школа – найлепшая магчымасць рэфлексіі чарговага году, шчыльнай каммунікацыі і выпрацоўкі новых накірункаў развіцця. Гэта заўсёды інтэлектуальна і эмацыйна насычаны час і камунікацыя.

Сёлета мы прапануем тэму “Гульня і Школа”. Абодва гэтых канцэпта сталі ў гэтым годзе вядучымі ў нашым жыцці, абодва канцэпта – гэта і змест, і форма арганізацыі, гэта і выклік, і адказ сучаснай адукацыі.

У праграме плануюцца тры традыцыйныя часткі:

  1. Пленарныя даклады. У гэтай частцы для ўсіх удзельнікаў прапануюцца выступы па асноўнай тэме – гэтыя даклады і іх абмеркаванні задаюць стрыжан летняй школы.

Мы прапануем звярнуцца да рэфлексіі распачатай у гэтым годзе канцэптуалізацыі і практычнага ўвасаблення “універсітэта гуляючага”. Што паказвае наш досвед “Школаў магстраў гульні?” Як змяніліся нашыя ўяўленні пра Гульню ў дачыненні да Універсітэта? Змест адукацыі і “школьныя тэхналогіі” для чалавека гуляючага. Новыя планы і перспектывы развіцця.

  1. Адкрытая кафедра. Выступы ўдзельнікаў летніка па тэмах, якімі яны б вельмі хацелі падзяліцца з супольнасцю. Фарматы могуць быць разнастайнымі: лекцыя, прэзентацыя, дыскусія, майстар клас ды інш. Выступы на адкрытай кафедры будуць праходзіць паралельна адзін аднаму, і ўдзельнікі летніка змогуць вызначацца, што ім больш цікава.
  2. Клубная прастора. Адкрытая для творчага самавыяўлення і вольнай камунікацыі прастора (увечары). У гэтым годзе ў межах клубнай прасторы, верагодна, будзе адбывацца цырымонія прыняцця новых чальцоў ва ўніверсітэцкую карпарацыю “Convent Ludenia”.

Працягваючы традыцыю мінулага году, мы арганізуем гэты летнік выключна за ўласныя сродкі, тым самым фармуючы адказную і жыццяздольную супольнасць. Асабісты ўнёсак будзе складаць 60 даляраў (у бел.рублях па курсе, за ўсе чатыры дні летніка). Прапануем чальцам супольнасці рабіць унёсак не толькі за сябе, але і “за таго хлопца (дзяўчыну)”. Дадатковыя сродкі мы выкарыстаем для запрашэння цікавых гасцей і таксама для падтрымкі тых, каму магчымасці не дазваляюць прыняць удзел.

Месцам летняй школы сёлета стануць маляўнічыя краявіды Браслаўскіх азёраў!

Каб заявіцца на ўдзел у летніку, просім Вас запоўніць рэгістрацыйную форму. Дэдлайн заявак – да 15 чэрвеня!

Удакладніць умовы пражывання, магчымасці харчавання, варыянты частковага ўдзелу можна ў каардынатара летніка Юлі Галіноўскай: +375297422040; [email protected]

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...