Дыскусія “Даследаванне міжнародных адносін і знешняй палітыкі ў сучаснай Беларусі”

15 чэрвеня 2022, 15.00, ZOOM.

Удзельнікі: Сяргей Богдан, Віктар Шадурскі, Кацярына Шмаціна.

Мадэратары: Андрэй Казакевіч, Аляксей Ластоўскі.

Дыскусія ладзіцца ў рамках падрыхтоўкі юбілейнага 10-ага Міжнароднага кангрэсу даследчыкаў Беларусі і ўваходзіць у цыкл абмеркаванняў стану сацыяльных і гуманітарных навук ва ўмовах палітычнага крызісу ў Беларусі 2020 года і вайны ва Украіне.

Гэта трэццяя дыскусія з цыкла. Першая прайшла 10 траўня і была прысвечана стану гістарычнай навукі, другая (1 чэрвеня) – сацыялогіі.

За апошнія гады Беларусь і Цэнтральна-Усходняя Еўропа перажылі рэвалюцыйныя змены, якія істотна павысілі цікавасць да вывучэння Беларусі і разам з тым сфармавалі новыя выклікі.

Масштабныя палітычныя пратэсты, рэпрэсіі, разбурэнне грамадскіх і палітычных інстытутаў, санкцыі супраць Беларусі, вайна Расіі ва Украіне – тэмп зменаў ашаламляе і патрабуе асэнсавання і новай ступені адказнасці. Гэта таксама прывяло да глыбокіх змен у даследаванні знешней палітыкі і міжнародных адносін у Беларусі. Змены адбыліся не толькі ў тэмаў даследаванняў, але і ў арганізацыі даследчай супольнасці.

На дыскусіі прапануецца абмеркаваць наступныя праблемы:

– Якім чынам падзеі апошніх год паўплывалі на праблематыку і тэмы даследаванняў міжнародных стасункаў (IR, international relations) і знешняй палітыкі (FP, foreign policy) ў Беларусі. Якія змены адбыліся ў экспертнай і акадэмічнай супольнасці.

– Яшчэ да восені 2020 года была магчымая супраца розных сегментаў экспертнай супольнасці ў галіне IR і FP, камунікацыя паміж даследчыкамі вельмі розных палітычных поглядаў. А што адбываецца зараз, ці магчыма зараз бесстароннасць, ці эксперты і даследчыкі незваротна разышліся па ваюючых баках? І агулам, ці магчыма камунікацыя і абмен ідэямі, калі так, то ў якім фармаце?

– У сувязі з ростам цікавасці да Беларусі, ці з’явіліся новыя асобы і даследаванні, якія б пановаму асэнсоўвалі Беларусь на міжнародных пляцоўках? Ці па-ранейшаму беларускія навукоўцы застаюцца замкнёнымі ў нацыянальных рамках? Ці адбыліся нейкія канцэптуальныя змены метадаў і падыходаў?

– Ці можа быць так, што расійская агрэсія ва Украіне прывядзе да поўнага “зацірання” беларускай праблематыкі? Наколькі зараз запатрабаваныя даследаванні знешняй палітыкі і міжнародных стасункаў Беларусі?

Для рэгістрацыі на дыскусію, запоўніце наступную форму

Check Also

Новае даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі

Інстытут «Палітычная сфера» прадстаўляе даследаванне мемаратыўнага ландшафту буйных гарадоў Беларусі, прысвечанае помнікам, мемарыяльным дошкам, памятным ...