Далёка не поўнае “Вызваленне”

vyzvalennieОсвобождение Беларуси 1943-1944 (2014). Рэд. В. В. Абатуров, редколлегия И. И. Басик, А. А. Коваленя (сопредседатели) и др. Минск: Беларуская Навука, 942 с.

Агляд падрыхтаваны Дзмітрыем Люцікам.

Рэцэнзуемая кніга з’явілася ў 2014 годзе, у 70-ты юбілей вызвалення Беларусі. Тыраж выдання складае 800 асобнікаў. Тэкст быў падрыхтаваны аўтарскім калектывам пад кіраўніцтвам Аляксея Літвіна і Інстытута гісторыі НАН Рэспублікі Беларусь (з беларускага боку) і Валерыя Абатурава і Навукова даследчага інстытута вайсковай гісторыі Ваеннай акадэміі Генеральнага Штаба Расійскай Федэрацыі (з расійскага).

З’яўленне такой аб’ёмнай працы, прысвечанай баявым дзеянням 1943-44 гг. на тэрыторыі Беларусі не можа не радаваць. Асабліва ўражвае колькасць архіўных матэр’ялаў. Ім прысвечана ажно 614 старонак. Улічваючы адсутнасць у беларускай гістарыяграфіі працы такога аб’ёму, з’яўленне кнігі «Освобождение Беларуси 1943-1944» безумоўна можна лічыць значнай падзеяй.

У анатацыі дадзенага выдання адзначаецца, што кніга была падрыхтавана сумесна беларускімі і расійскімі гісторыкамі і ўтрымлівае апісанне найбольш значных падзей на тэрыторыі Беларусі ў 1943-44 гг. (злачынства акупацыйнага рэжыма, формы і спосабы барацьбы падпольшчыкаў і партызан, падрыхтоўка і правядзенне вайсковых аперацый, адзначаны поспехі і неўдачы савецкіх войск). Акрамя гэтага кніга ўтрымлівае вялікую колькасць архіўных матэр’ялаў з архіваў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, многія з каторых друкуюцца ўпершыню. Кніга прадстаўляе цікавасць для ветэранаў Вялікай Айчыннай Вайны, навуковых кіраўнікой, педагогаў і ўсіх зацікаўленых гісторыяй вайны.

Аднак пасля азнаямлення з кнігай я адчуў вялікае расчараванне. На жаль, аўтарскі калектыў на здолеў адказна і на высокім узроўні выканаць задачы па аб’ектыўнаму і поўнаму раскрыццю вайсковых падзей 1943-44 гадоў. Нажаль, аўтарам таксама не ўдалося пазбавіцца ад савецкіх падыходаў і штампаў пры апісванні вайсковых дзеянняў на тэрыторыі Беларусі. Акрамя гэтага, неабходна адзначыць практычна поўнае ігнараванне аўтарамі дакументаў і літаратуры нямецкага боку. І гэта негледзячы на тое, што фармат і аб’ём прапанаванага нам выдання наўпрост падразумяваў іх наяўнасць.

Расчараваў і спіс выкарыстанай літаратуры. Большасць выданняў адносіцца да савецкага перыяду. Прычым сустракаюцца і кнігі 1960-70-х гадоў. А наяўнасць адной з крыніц вельмі здівіла. Гэта праца І.В. Сталіна “Аб Вялікай Айчыннай вайне Савецкага Саюза” 1953 года выдання, неабходнасць выкарыстання якой у тэксце проста адсутнічае. Для чаго яна была ўключана ў тэкст? Пры гэтым жа фактычна адсутнічаюць сучасныя даследванні расійскіх гісторыкаў, даволі падрабязная і аб’ектыўныя. У цэлым складваецца ўражанне, што галоўнай мэтай аўтарскага калектыву была публікацыя архіўных матэр’ялаў, а гісторыя вызвалення Беларусі тут прысутнічае ўсяго толькі як дадатак да гэтага.

Кніга складаецца з уводзінаў, чатырох раздзелаў і шасці дадаткаў. Нажаль, адсутнічае інфармацыя пра аўтараў уводзінаў да тома (аўтар не пазначаны). Аналізуючы тэкст трэба адзначыць, што мэтай “Уводзінаў” было кароткае апісанне пачатку Вялікай Айчыннай Вайны і вызвалення Беларусі ў 1943-44 гг. Вельмі каротка, на няпоўных 5 старонках, з гэтай задачай аўтарскі калектыў справіўся.

Адразу трэба заўважыць, што першы раздзел – “Абстаноўка на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў 1943-1944 гг.” – адзіны ў кнізе, дзе выкарыстаны нямецкія крыніцы і літаратура, прычым толькі ў той частцы, дзе ідзе размова аб нямецкім акупацыйным рэжыме. Пры апісанні падпольнай і партызанскай барацьбы аўтарамі не была выкарыстана ніводная нямецкая крыніца, што даволі дзіўна і цяжка растлумачыць. Рэшта першага раздзела напісана паводле матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і савецкай літаратуры.

Большасць інфармацыі была ўзята з кнігі “Всенародная борьба в Белоруссии…” (Всенародная борьба…, 1983-85). Аўтарамі былі цалкам праігнараваны пытанні наяўнасці на тэрыторыі Беларусі каларабацыйнага руха, а таксама ўдзелу ў партызанскай барацьбе атрадаў польскай Арміі Краёвай (і наогул яе прысутнасці на Беларусі). Каротка прыгадваецца толькі прымусовае выкарыстанне працоўнай сілы з ліку беларусаў у інтарэсах нямецкіх акупацыйных і вайсковых уладаў.

У разделе “Баявыя дзеянні савецкіх войск на тэрыторыі Беларусі восенню 1943 – весной 1944 г.” апісаны аперацыі Заходняга і Калінінскага франтоў за пазначаны перыяд. Пры напісанні главы аўтарамі быў выкарыстаны толькі адзін нямецкі дакумент (гэта выключэнне склаў “Журнал баявых дзеянных 3-й Танкавай арміі”, перакладзены на рускую мову і выдадзены ў далёкім 1947 годзе ў Маскве). Астатнія нямецкія дакументы засталіся недасяжнымі для аўтарскага калектыву гісторыкаў дзвюх краін. З нямецкай літаратуры была выкарыстана толькі праца Курта Ціпельскірха (Kurt von Tippelskirch) (Типпельскирх, 1956).

З сучасных і цікавых прац па дадзенай тэматыцы аўтарамі былі выкарыстаны толькі два артыкулы: Уладзіміра Фясенка (Фесенко, 1991) і Махмуда Гарэева (Гареев, 1994). Акрамя таго, былі выкарыстаны матэрыялы Цэнтральнага Архіва Міністэрства Абароны РФ (далей – ЦАМА).

На жаль, аўтары не звярнуліся да вельмі грунтоўнай працы расійскага гісторыка Аляксея Ісаева “Аперацыя “Баграціён”. Сталінскі бліцкрыг” у Беларусі” (Исаев, 2014), якая прысвечана гэтым жа падзеям. Падрабязнасць аналізу і вялікая колькасць літаратуры выкарыстаных Ісаевым крыніц для параўнання савецкага і нямецкага бакоў, уражвае –шкада, толькі, што падобны падыход і глыбіня даследвання застаецца недасяжнай для беларускай вайсковай гістарыяграфіі.

Тым не меньш, можна вылучыць плюсы разгляданага выдання. Даволі падрабязна апісана ў кнізе аперацыя па ўзяцці Невеля, аднак зусім не апісаны першыя спробы ўзяцця Віцебска 3-й ударнай арміяй у верасні-кастрычніку 1943 г. Пры апісанні баявых дзеянняў прысутнічае абмежаваная крытыка савецкага кіраўніцтва (напрыклад камандуючага Заходнім фронтам генерала Васілія Сакалоўскага, загады Стаўкі Вярхоўнага галоўнакамандавання).

Вельмі значным недахопам з’яўляецца адсутнасць дадзеных пра нямецкія сілы, страты, узбраенне, хаця аб’ём главы дазваляе гэта зрабіць. Такім чынам мы ўспрымаем інфармацыю аднабакова, не ўяўляючы дзеянні і думкі камандвання праціўніка савецкіх войскаў.

Таксама, як і ў папярэдним раздзеле, у трэцім адсутнічаюць нямецкія крыніцы. З шматлікай нямецкай літаратуры выкарыстаны толькі перакладзеныя на рускую мову вельмі агульныя ўспаміны генералаў Курта Ціпельскірха  і Вернера Хаўпта (Werner Haupt). У абмежаванай колькасці прыводзяцца спасылкі на ЦАМА. Значная колькасць літаратуры – савецкага перыяду.

Тэкст утрымлівае шэраг недакладнасцей і памылак, якія з’яўляюцца вынікам недастатковага вывучэння тэматыкі. Лічбы, якія прыведзены для характарыстыкі сілаў групы армій “Цэнтр” недакладныя (завышаны колькасць бронетэхнікі, авіяцыі і г.д.). Адсутнічае апісанне нямецкага контрудара сіламі 5-й танкавай дывізіі і 505-га цяжкага танкавага батальёна на паўночны ўсход ад Мінска.

Дарэчы, 5-я танкавая дывізія названа ў тэксте чамусьці “5-й танкавай дывізіяй СС”, што безумоўна няверна. Цікава, што пазней (с. 156) адзначаецца, што 5-я танкавая дывізія СС “Вікінг” толькі ў ліпені прыбыла ў групу армій “Цэнтр” у раён горада Бельск-Падляскі (зараз тэрыторыя Польшчы). Адсутнічае і апісанне контрудара 4-й нямецкай танквай дывізіі ў накірунку Бабруйска. Нічога не сказана пра прарыў з горада рэштак 20-й танкавай дывізіі.

Ніяк не былі праалізаваны цяжкасці ў наступленні савецкай 5-й танкавай арміі генерала Ротмістрава. А між іншым, пад час аперацыі “Баграціён” Стаўка нават ініцыявала расследаванне з мэтай устанаўлення прычын вельмі марудных тэмпаў яе наступлення. Спіс падобных заўваг можна можна працягваць і далей.

Даводзіцца толькі шкадаваць, што аўтары не прыводзяць страты савецкіх войск ні ў авіяцыі, ні ў бранетэхніцы. Хоць гэтыя дадзеныя ўтрымліваюцца ў ЦАМА. Безумоўна, гэта моцна зніжае каштоўнасць даследвання.  Чытач не можа ўявіць сябе, чаго каштавалі Савецкай арміі баі на Беларусі.

Апісанне Беластокскай франтавой аперацыі з вызваленнем Гродна, Беластока і баямі ў раёне гэтых гарадоў грунтуецца практычна толькі на адной працы Яўгена Елісеева (Елисеев, 1971). Кніга гэтая, безумоўна вельмі добрая для свайго часу, але на цяперашні момант яна ўжо ў значнай меры састарэла. Ізноў жа, у тэксце главы 3 адсутнічаюць аб’ектыўныя дадзеныя пра нямецкія сілы, не прыводзіцца асабісты склад і страты абодвух бакоў.

Нягледзячы на гэта, менавіта апісанне баёў 50-й арміі генерала Болдзіна ў раёне Гродна – Беласток хоць у нейкай меры паказвае нам два супрацьлеглыя бакі – савецкі і нямецкі. Аднак жа заслуга ў гэтым належыць не аўтарам, а Яўгену Елісееву, які вельмі падрабязна і даволі аб’ектыўна апісаў баі 1944 года ўжо больш за 40 гадоў таму. У цэлым трэці раздзел напісаны без сур’ёзнага аналізу, павярхоўна і не зусім дакладна. А апошні невялікі раздзел прысвечаны аднаўленню гаспадаркі рэспублікі адразу пасля вызвалення.

Асноўная частка кнігі ўтрымлівае дадаткі, якія складаюцца з архіўных дакументаў з фондаў ЦАМА, зборнікаў. Некаторыя з іх з’яўляюцца вельмі цікавымі. Напрыклад “Доклад комиссии ГКО о проверке работы штаба Западного фронта” (11 красавіка 1944 года), дзе вельмі крытычна разабраны прычыны няўдач наступленняў Заходняга фронта ўвесну 1944 года, пачынаючы ад самаго генерала Сакалоўскага і камандуючых радамі войск.

Нажаль, наогул адсутнічаюць дакументы дывізійнага ўзроўню. Большасць дакументаў – дырэктывы Стаўкі, пастановы Дзяржаўнага Камітэта Абароны, загады камандуючых франтоў і аператыўныя зводкі Галоўнага штаба Чырвонай арміі (з верасня 1943 па 29 ліпеня 1944 года). Такія дакументы як аператыўныя зводкі носяць вельмі агульны характар і не ўтрымліваюць апісання баёў, характарыстык вайсковых злучэнняў і г.д. Таму іх каштоўнасць не вельмі вялікая. Тым больш што за перяд з 13 красавіка па 23 чэрвеня 1944 года зводкі чамусьці адсутнічаюць.

У цэлым хацелася б адзначыць, што кніга вельмі расчараўвае. Трэба канстатаваць, што грунтоўнае і глыбокае вывучэнне аперацыі “Баграціён” яшчэ чакае свайго аўтара. А пакуль трэба абыходзіцца кнігамі падобнага ўзроўню, ці шукаць інфармацыю смастойна.

 

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фашистских захватчиков в годы Великой Отечественной  войны (1983-85). В 3-х томах. Минск.

Гареев. М А. О неудаче наступательных операций советских войск: в Вяликой Отечественной войне (Новая и новейшая история, 1994, № 1.)

Елисеев. Е, П (1971). На белостокском направлении. М. Наука.

Исаев. А (2014). “Операция “Багратион”. Сталинския блицкриг” в Белоруссии. Москва: Эксмо.

Типпельскирх. К. фон (1956). История Второй мировой войны. Москва.

Фесенко В.И (1991). Оршанская фронтовая наступательная операция. Москва.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...