Ад часоў ВКЛ да Другой сусветнай вайны: новыя гістарычныя даследаванні

BZH_2012_38_2 Агляд падрыхтаваны ў межах супольнага праекта “Кніжны агляд” Iнстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў у Мінску.

Białoruskie Zeszyty Historyczne. № 38. ‒ 2012. Беласток, 2012.

Агляд падрыхтаваў Андрэй Вашкевіч.

Чарговы нумар часопіса, які выдаецца Беларускім гістарычным таварыствам, прысвечаны традыцыйным накірункам даследаванняў, якія цікавяць даследчыкаў беларуска-польскага памежжа, і, шырэй, усёй гісторыі Беларусі. Гэта генеалагічныя даследаванні, артыкулы на этнаканфесійную тэматыку, працы па гісторыі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Трэба адзначыць, што часопіс і надалей застаецца важнай дыскусійнай пляцоўкай, дзе могуць узяць голас як гісторыкі самых розных поглядаў, так і літаратуразнаўцы і філолагі.

Часопіс адкрываецца вялікім, амаль на сорак старонак, артыкулам гродзенскай даследчыцы Наталлі Сліж пра сям’ю падскарбія Вялікага княства Літоўскага Івана Гарнастая. Артыкул з’яўляецца своеасаблівай дакументальнай хронікай аднаго ў уплывовых родаў ВКЛ, напісанай на аснове малавядомых дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве Патоцкіх у Варшаве. Н. Сліж не толькі падрабязна распавядае пра ўплыў Івана Гарнастая на ўпарадкаванне фінансавай гаспадаркі дзяржавы, але таксама падрабязна харатэрызуе комплекс дакументаў архіва Гарнастаяў. Асабліва цікавыя дакументы роду апублікаваныя аўтарам. Сярод іншых дакументаў звяртае на сябе ўвагу ўнікальная праграма ўласнага пахавання, якую склаў сам Іван Гарнастай, і падрахунак выдаткаў на ягонае пахаванне.

Вядомая беластоцкая даследчыца магнацкіх родаў ВКЛ Мажэна Лідке (Marzena Liedke) прысвяціла свой артыкул дэмаграфічным паказчыкам рода Агінскіх ў 17 – 18 стагоддзях. Аўтар, прааналізаваўшы дадзеныя аб шлюбах, нараджэннях і смерцях прадстаўнікоў гэтага знакамітага роду прыходзіць да высновы, што мужчыны з роду Агінскіх жылі ў сярэднім каля 58 гадоў – значна даўжэй, чым іншыя магнаты Вялікага княства.

Артыкулы Пятра Хоміка (Piotr Chomik) і Антонія Мірановіча (Antoni Mironowicz) прысвечаны рэлігійнаму жыццю Беларусі ў 16 – 17 стагоддзях. П. Хомік даследуе гісторыю Узнясенскага манастыра ў Мінску, а Антоній Мірановіч падрабязна разглядае асветніцкую і дабрачынную дзейнасць Магілёўскага брацтва. Выданні магілёўскай брацкай друкарні карысталіся вялікай папулярнасцю і заслужаным аўтарытэтам у праваслаўным свеце, а харытатыўная праца была вельмі разнастайнай.

Даследчык аграрнай гісторыі Беларусі Віталь Гарматны апублікаваў даследаванне, прысвечанае камасацыі на заходнебеларускіх землях у 1921 – 1939 гг. Аўтар падкрэслівае, што ліквідацыя цераспалосіцы была прынцыповай задачай міжваенных польскіх уладаў. Цераспалосіца была выразным феадальным перажыткам, яна перашкаджала нармальнаму развіццю сельскай гаспадаркі, а галеча вёскі стварала добрую глебу для дзейнасці Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (таму заходнебеларускія камуністы часта выступалі супраць камасацыі). Аўтар робіць выснову, што сяляне ўцэлым падтрымлівалі ідэю стварэння хутароў, хаця перасяленне на хутар не заўсёды адназначна абазначала рост багацця гаспадара.

У артыкуле “Нямецкая “еўрапеізацыя” Беларусі (1941-1944 гг.)” Яўген Мірановіч развівае ўзнятую ім у папярэднім нумары часопіса тэму нямецка-беларускіх стасункаў у гады Другой Сусветнай вайны. Як падкрэслівае аўтар, галоўнай задачай акупантаў было забеспячэнне фронта і бяспека ў прыфрантавой паласе, дзеля чаго неабходным было “ўціхамірванне” мясцовага насельніцтва. Гэта можна было зрабіць або праз прапагандысцкія дзеянні і спакушанне беларусаў перспектывай сваёй дзяржаўнасці або, сілай, шляхам жорсткіх пацыфікацый. “Паколькі знішчэнне насельніцтва Беларусі было ў доўгатэрміновых планах улад ІІІ Рэйха, таму ў бягучай палітыцы ў акупаванай краіне пераважалі паліцэйска-ваенныя дзеянні”, – робіць выснову Я.Мірановіч.

Уршуля Галубоўская (Urszula Gołubowska) на багатым фактычным матэрыяле паказвае эвалюцыю нацыянальнай ідэнтычнасці праваслаўнага насельніцтва сучаснай Польшчы (галоўным чынам Беласточчыны). Аўтар канстатуе, што пазіцыя аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Польшчы не спрыяе захаванню беларускай мовы і, адпаведна, умацаванню нацыянальнай ідэнтычнасці беларускага насельніцтва. Беластоцкія беларусы ад катэгорый “праваслаўныя” або “рускія” хутка эвалюцыянуюць у бок “праваслаўных палякаў”, месца для беларускай мовы застаецца пераважна ў сямейных кантактах. Моладзь успрымае яе толькі як “мову дзядоў”.

Даследаванні Яраслава Думаноўскага (Jarosław Dumanowski) з Торуні і Марыёлы Ярчыковай (Mariola Jarczykowa) з Катавіц прысвечаны арыгінальнай тэматыцы кулінарных традыцый Рэчы Паспалітай і іх сувязям з прыгожым пісьменствам.

У цікавым нарысе “Пажары палескіх вёсак” гісторык Анатоль Трафімчык распавядае пра тое, якой трагедыяй была вогненая стыхія для жыхароў Заходняй Беларусі. Аўтар аналізуе не толькі матэрыяльны, але і грамадскі аспект пажараў, калі падпалы чужой маёмасці маглі быць сродкам і звычайнай помсты, і грамадскага пратэсту, і палітычнай барацьбы. У артыкуле багата прадстаўлены як вуснагістарычныя, так і архіўныя матэрыялы.

У раздзеле крыніц друкуюцца ўспаміны Яўгеніўша Іванца (Eugeniusz Iwaniec) пра Мерачоўшчыну і Косаў у міжваенныя гады і падрыхтаваныя Вітольдам Бобрыкам (Witold Bobryk) статыстычныя матэрыялы Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы за 1966 год.

З рэцэнзіяў, надрукаваных у нумары, найбольш увагі прыцягвае палемічны водгук гісторыка Сяргея Ярша на кнігу Юрыя Грыбоўскага “Пагоня паміж Белым арлом, Свастыкай і Чырвонай зоркай. Беларускі незалежніцкі рух у 1939 – 1956 гг.” (Gtzybowski, 2011), надрукаваную на польскай мове ў Варшаве ў 2011 г. Гэтая рэцэнзія з’яўляецца працягам старой палемікі, якая разгарэлася паміж аўтарамі пасля выдання ў Львове ў 2006 г. кнігі Сяргея Ярша і Сяргея Горбіка “Беларускі супраціў” (Ёрш, Горбік, 2006) і з’яўляецца бадай што самым цікавым палемічным матэрыялам нумара. С. Ёрш падкрэслівае досыць шматлікія памылкі з прозвішчамі і імёнамі беларускіх дзеячоў, якія прысутнічаюць у кнізе Ю. Грыбоўскага, таксама звяртае ўвагу на некаторыя іншыя факталагічныя недакладнасці.

Наяўнасць гэтых памылак, таксама як і некаторыя супярэчнасці ў выказваннях Ю.Грыбоўскага (напрыклад, адносна поглядаў ксяндза В.Гадлеўскага на ідэю супрацоўніцтва з немцамі) відавочныя, але, думаецца, іх можна дараваць добрасумленнаму аўтару, які апрацаваў тысячы старонак архіўнага матэрыялу. С. Ёрш жа надае сваёй рэцэнзіі характар выкрывання, неадпаведны пры напісанні водгука на навуковае выданне. У любым выпадку, палеміка, водгукам якой стала гэтая рэцэнзія, яшчэ раз даказвае, што ісціна нараджаецца ў спрэчках і што і аўтар кнігі і рэцэнзент павінны быць больш уважлівымі ў ацэнках і беларускіх герояў мінулага і нашых сучаснікаў.

 

Літаратура, якая згадваецца ў аглядзе

1. Jerzy Grzybowski (2011). Pogoń między Orłem Białym, Swastyką i Gwiazdą Czerwoną. Białoruski rucj niepodleglościowa w latach 1939-1956. Warszawa: Bel Studio.

2. Сяргей Ёрш, Сяржук Горбік (2006). Беларускі супраціў. Львоў.

Check Also

Аналітычная папера пра грамадскія ацэнкі сістэмы адукацыі ў Беларусі

Прадстаўляем вашай увазе аналітычную паперу па выніках сацыялагічнага даследвання, ажыццёўленга ў жніўні 2023 года. У ...