Даследчы семінар 28 сакавіка: “Двухбаковыя стасункі Беларусі і Літвы за перыяд незалежнасці, 1992-2012”

belarus_litvaДаследчы семінар “Палітычнай сферы” дзейнічае для прафесійнай камунікацыі і абмену ідэямі ў сферы вывучэння палітыкі, удасканалення метадалогіі і стратэгіі аналізу палітычных працэсаў. На семінары праводзяцца прэзентацыі актуальных вынікаў палітычных, сацыяльных і эканамічных даследаванняў. План працы даследчага семінара “Палітычнай сферы” на першае паўгоддзе 2013 г.

“Двухбаковыя стасункі Беларусі і Літвы за перыяд незалежнасці, 1992-2012”.

Дакладчык – Андрэй Валодзькін.

У дакладзе будуць адлюстраваны вынікі аўтарскага даследавання развіцця беларуска-літоўскіх адносін у 1991 – 2010 гг. па трох асноўных напрамках: развіццё палітычных кантактаў, дамоўна-прававой базы і гандлёва-эканамічных сувязяў.

Асноўныя фактары, што вызначалі характар беларуска-літоўскіх адносін:

1. Другаснасць узаемных адносін, нягледзячы на суседства краін, у параўнанні з больш прыярытэтнымі мэтамі іх знешняй палітыкі (развіццё сувязяў з Захадам – для Літвы, з Расіяй і краінамі СНД – для Беларусі).

2. Выбар абедзвюмя краінамі супрацьлеглых арыентыраў ва ўнутранай і знешняй палітыцы, што вяло да пэўнай палітычнай адчужанасці, якая часам даходзіла да выкарыстання ў палітычнай рыторыцы ў дачыненні адна адной вобразу “патэнцыйнай крыніцы небяспекі”.

3. Паступовае ўсведамленне бакамі ўзаемных эканамічных інтарэсаў (асабліва, у галіне транзіту) і імкненне да “эканамізацыі” двухбаковых адносін.

4. Балансаванне Літвы з канца 1990-х гг. паміж падтрымкай агульнай еўрапейскай палітыкі ў дачыненні Беларусі і атрыманнем выгод ад развіцця эканамічнага супрацоўніцтва з ёй.

5. Значны ўплыў на літоўскую палітыку ў дачыненні Беларусі раскладу палітычных сіл ва ўладзе гэтай краіны.

 

Асноўныя этапы развіцця беларуска-літоўскіх адносін:

1. Восень 1991 – лета 1994 г. – перыяд актыўных, але не вельмі прадуктыўных палітычных кантактаў на розных узроўнях і ў розных фарматах. Прававая база двухбаковых стасункаў развівалася досыць марудна. Асноўныя дамоўленасці ў гэты час былі дасягнуты ў галіне прававой дапамогі, пенсійнага забеспячэння і аўтамабільных перавозак. Вырашэнне пытанняў прававога забеспячэння эканамічных сувязяў сутыкалася з пэўнымі цяжкасцямі, аб чым сведчыць правал пагаднення аб вольным гандлі. З-за спрэчных пытанняў аб падзеле былой савецкай маёмасці было адкладзена заключэнне базавых дамоў “Аб міждзяржаўнай мяжы” і “Аб дабрасуседстве і супрацоўніцтве”. Сістэматызаваныя дадзеныя аб узаемным гандлі за гэты перыяд адсутнічаюць. Значнае развіццё ў гэты час набыў мелкі чаўночны гандаль, якому да сакавіка 1994 г. спрыяла і адсутнасць візавага рэжыму паміж дзвюмя дзяржавамі.

2. Восень 1994 – 1998 г. – перыяд актывізацыі палітычных кантактаў, у тым ліку, на вышэйшым узроўні. У пачатку прэзідэнцтва А.Лукашэнкі ў выніку саступак беларускага боку былі хутка вырашаны спрэчныя пытанні, што дазволіла ўжо напачатку 1995 г. заключыць дамовы “Аб міждзяржаўнай мяжы” і “Аб дабрасуседстве і супрацоўніцтве”. У сваю чаргу гэты перыяд варта падзяліць на 2 падперыяды: да і пасля правядзення ў Беларусі канстытуцыйнага рэферэндуму 1996 г. Для першага з іх характэрна актыўнае развіццё дамоўна-прававой базы ў галіне эканомікі, барацьбы са злачыннасцю, міжведамаснага супрацоўніцтва. Для другога – імкненне Літвы (найперш, у асобе Прэзідэнта А.Бразаўскаса) выступіць пасярэднікам паміж Беларуссю і Захадам з мэтай прадухілення міжнароднай ізаляцыі афіцыйнага Мінска ў Еўропе. Пасля таго як Бразаўскаса на прэзідэнцкай пасадзе змяніў В.Адамкус пачалося паступовае згортванне палітычнага дыялогу і абмежаванне двухбаковых адносін, галоўным чынам, эканамічнымі пытаннямі. Ва ўзаемным гандлі напрацягу ўсяго перыяду адзначалася тэндэнцыя да павелічэння таваразвароту прыблізна на 30 млн.дал. штогадова за кошт росту беларускага імпарту з Літвы. Беларускі экспарт у 1996 – 1997 гг. нязначна памяншаўся. Але ўжо ў 1998 пачаліся зваротныя тэндэнцыі.

3. 1999 – 2006 гг. – перыяд “замарожвання” літоўска-беларускіх адносін. Спыніліся кантакты спачатку на вышэйшым, а потым і на высокім узроўні. Галоўнай формай палітычных кантактаў становяцца кансультацыі па лініі МЗС. Візіты беларускіх афіцыйных асоб насілі “працоўны” (неафіцыйны) характар і звычайна былі прымеркаваны да правядзення беларускіх прамысловых выстаў і бізнэс-форумаў. За 2002 – 2004 гг. увогуле няма ніякіх звестак аб палітычных кантактах хоць на якім узроўні. Новай з’явай становяцца візіты ў Беларусь літоўскіх парламентарыяў. Тым не менш, даволі актыўна развіваецца дамоўна-прававая база двухбаковых стасункаў. За гэты перыяд быў заключаны 21 дакумент, з якіх па 10 на міжурадавым і міжведамасным узроўнях і 1 – міждзяржаўная дамова (“Аб сацыяльным забеспячэнні”, 1999 г.). Беларуска-літоўскі таваразварот характарызаваўся няўстойлівымі тэндэнцыямі. У 1999 г. адбылося яго рэзкае скарачэнне за кошт падзення беларускага імпарту з Літвы. Знешнегандлёвае сальда стала станоўчым для Беларусі і захоўвалася такім напрацягу ўсяго перыяду (хаця беларускі экспарт значна скараціўся ў 2001 – 2002 гг. і толькі ў 2005 пераўзыйшоў узровень 2000 г.).

4. 2007 – 2010 гг. – перыяд “пацяплення” адносін. З 2007 г. аднаўляюцца на рэгулярнай аснове кантакты на ўзроні кіраўнікоў МЗС і кіраўнікоў урадаў. Кульмінацыяй аднаўлення палітычных адносін стаў абмен візітамі кіраўнікоў дзяржаў у 2009 – 2010 гг. Аднак развіццё дамоўна-прававой базы запаволілася ў параўнанні з папярэднім перыядам (усяго 9 дакументаў, 2 з якіх – аб унясенні змен ў раней дасягнутыя дамоўленасці). Так. доўгі час прабуксоўвала заключэнне пагаднення аб спрашчэнні парадку ўзаемных паездак жыхароў памежных тэрыторый. Узаемны гандаль павялічваўся з 2007 г. вельмі хуткімі тэмпамі – больш як на 100 млн.дал. штогод, за выключэннем рэзкага спаду ў 2009 г., які аднак ізноў змяніўся хуткім ростам у 2010 г. Значна павялічыўся і аб’ём узаемных інвестыцый. Прычым літоўскія інвестыцыі ў Беларусі ў некалькі разоў пераўзыходзяць беларускія інвестыцыі ў Літве, і ў адрозненні ад апошніх, у іх структуры пераважаюць прамыя інвестыцыі.

 

Запрашаюцца ўасе зацікаўленыя!

Пачатак семінара ў 18-00.

Для ўдзелу ў семінары трэба адправіць заяўку на info @ palityka.org

Check Also

Восьмы Кангрэс пераносіцца на 2019 год

Пасля працяглага працэсу кансультацый і падрыхтоўчых захадаў Арганізацыйны камітэт вымушаны аб’явіць, што Міжнародны Кангрэс даследчыкаў ...

Яндекс.Метрика