У ідэалагічным працэсе: неўтаймаваная плынь фактаў і ідэй

scan_pic0003Слука, О. Г. (2010). Идеологические процессы в Беларуси. Минск: РИВШ. 220 с.

Агляд падрыхтаваны супрацоўнікам Інстытута палітычных даследаванняў “Палітычная сфера” Андрэем Асадчым.

Кніга доктара гістарычных навук, прафесара Беларускага дзяржаўнага універсітэта Алега Слукі накіравана на аналіз ідэалагічных працэсаў у сучаснай Беларусі. Праца заяўлена як навуковае выданне і рэкамендавана рэдакцыйна-выдавецкім саветам «Рэспубліканскага інстытуту вышэйшай школы». З анатацыі да кнігі мы можам даведацца, што праца «адрасавана студэнтам і выкладчыкам універсітэтаў, слухачам павышэння кваліфікацыі ў сістэме Міністэрства адукацыі, практычным работнікам ідэалагічнай «вертыкалі» Рэспублікі Беларусь, усім, хто вывучае працэсы фарміравання, развіцця і рэалізацыі інавацыйнай ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці» (с. 2).

Сваю кнігу «Ідэалагічныя працэсы ў Беларусі» Слука ўяўляе «арганічным працягам навуковага пошуку эфектыўных форм і метадаў рэалізацыі ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці як сістэмы ідэй арганізацыі грамадства і кіравання дзяржавай» (с. 5).

Звяртаючыся непасрэдна да сваёй працы, Слука адзначае, што мэта кнігі – «спроба вывучыць развіццё ідэалагічных працэсаў у сучаснай Беларусі, паказаць ступень іх уплыву на самыя важныя сферы жыццядзейнасці грамадства і дзяржавы» (с. 8). Аўтар спрабуе высветліць спецыфіку фарміравання грамадзянскай супольнасці і патлумачыць неабходнасць фарміравання новай культурнай прасторы. Слука пазначае, што ў сваёй кнізе звяртаецца да прац «вядомых айчынных навукоўцаў» (с. 8), сярод якіх Я. Бабосаў, Г. Васілевіч, Л. Землякоў, М. Ермаліцкі і інш.

Тым не менш, уводзіны кнігі пакідаюць больш пытанняў, чым адказаў. Якім жа чынам аналізаваліся ідэалагічныя працэсы ў Беларусі? Якія храналагічныя межы дадзенай працы? Якая метадалогія была выкарыстана аўтарам? Пытанні можна задаваць далей, і далей. Таксама не зусім зразумела, хто з названых «навукоўцаў» даследаваў дадзеную праблематыку і ў якіх тэкстах можна знайсці напрацоўкі? Якія пытанні ў дадзенай праблематыцы з’яўляюцца найбольш актуальнымі на дадзены момант?

Да гістарыяграфіі праблемы аўтар не звяртаецца наогул (акрамя згадкі вышэй пазначаных прозвішчаў), адзначыўшы толькі, «што к даследаванню непасрэдна ідэалагічных працэсаў у Беларусі названыя і іншыя аўтары не звярталіся» (с. 9).

Першы раздзел кнігі прысвечаны агляду геапалітычнага кантэксту беларускай ідэалогіі. Аўтар крытычна ставіцца да працэсаў, якія адбываюцца на міжнародным узроўні. Адмоўным працэсам называецца зацвярджэнне ў сучасным свеце ідэалогіі глабалізацыі, якая прывяла да распаду СССР і ўсёй сацыялістычнай сістэмы, а таксам паступовага перадзелу сферу ўплыву ў свеце. Крытыку Расіі і Беларусі з боку Захаду Слука называе «канфліктным «клікушэтствам» марыянеткавых дзяржаў і ўрадаў, якіх выкарыстоўвае сусветная рэакцыя для лаянкі на слана» (с. 12). Крытыкуючы замежную палітыку Злучаных Штатаў, аўтар абвінавачвае ЗША ў прымяненні «сярэднявечнай палітыкі» (с. 13).

Сучасную мадэль светабудовы Слука называе імперыяй, адзначаючы, што «імперыя змагаецца за непадзельнае ўладанне светам» (с. 26). Гэтая барацьба выклікае неабходнасць адэкватнага адказу, на што і накіравана дзейнасць СНД. Пры гэтым падаецца, што ліберальная мадэль эканомікі з’яўляецца сусветным злом. Ліберальная эканоміка ставіцца ў адзін шэраг з распустай і «воровским» перадзелам.

Назва другога раздзелу – «Метадалогія фарміравання сучаснай культурнай прасторы» – не адпавядае зместу і ўводзіць чытача ў зман. Пра метадалогію даследавання ў раздзеле ніякай гаворкі не ідзе. У дадзенай частцы кнігі аўтар спрабуе абгрунтаваць неабходнасць фарміравання новай культурнай прасторы ў Беларусі, што неабходна для далейшага развіцця краіны.

Даючы сваю ацэнку беларускай сістэмы адукацыі, падкрэсліваецца неабходнасць яе рэфармавання. Слука адзначае непаспяховасць спробы увядзення дванаццацігадовай школы, палавінчатасць пераходу на трохузроўневую падрыхтоўку (бакалаўр-магістр-доктар). Значную праблему аўтар бачыць у міграцыі навукоўцаў, якую называе рабаваннем кадраў. Для выхаду з існуючай сітуацыі прапануецца шэраг мер, сярод якіх перавод школы на дванаццацігадовую адукацыю і нацыяналізацыя праграмы адукацыі праз развіццё і вывучэнне беларускай мовы, гісторыі і літаратуры.

Кажучы пра неабходнасць выхавання беларусаў-патрыётаў, Слука раптам пераходзіць на “нацыянальныя” пазіцыі, што зусім не характэрна для афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіі. Аўтар адзначае значнасць беларускай мовы. Мова называецца адметнай рысай народа, інструментам захавання і развіцця беларускай нацыі, неабходнасць грунтоўнай распрацоўкі канцэпцыі нацыянальнай гісторыі. Вытокі дзяржаўнасці аўтар бачыць у Полацкім княстве – «нашай старажытнай культурнай жамчужыны» (с. 78), традыцыі і дасягненні якога прадвызначылі існаванне «беларускага Вялікага княства» (с. 78). Вялікае княства Літоўскае называецца беларускай феадальнай дзяржавай, згадваецца «залаты век» росквіту нацыянальнай беларускай культуры і навукі.

Трэці раздзел кнігі прысвечаны Нацыянальнай ідэі і разгляду асноўных яе складнікаў. Нацыянальнай ідэі надаецца значная роля ў будучым развіцці краіны: «Нацыянальная ідэя – гэта магістральны накірунак руху беларускага народа ў новую тысячагадовую гісторыю» (с. 133). Рэалізацыя Нацыянальнай ідэі, на думку аўтара, дазволіць дасягнуць устойлівай эфектыўнай эканомікі і высокай інтэлектуальнай культуры, дзе значная роля будзе надавацца сацыяльнай справядлівасці.

Чацвёрты раздзел кнігі прысвечаны ролі камунікацыі і СМІ. Слука кажа пра неабходнасць фарміравання нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, адзначае неабходнасць ідэалагічнай скіраванасці нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі, асновай фарміравання нацыянальнай інфармацыйнай прасторы называе Нацыянальную ідэю – «усведамленне беларускім народам свайго гістарычна-аб’ектыўнага шляху да свабоды і справядлівасці» (с. 158). Тры кампаненты Нацыянальнай ідэі: свабода, незалежнасць і справядлівасць – гэта ідэал сучаснага беларускага грамадства, які павінен стаць ідэалагічным напрамкам дзейнасці СМІ ў Беларусі.

На думку аўтара, ідэалогія беларускай дзяржаўнасці ўгрунтаваная ў гісторыі краіны, яе культуры і каштоўнасцяў народа і з’яўляецца стратэгіяй развіцця. Насычаная ідэалогіяй беларускай дзяржаўнасці інфармацыйная прастора – гэта моцны інстытут фармавання новага грамадства. Дзякуючы СМІ адбываецца замацаванне ў масавай свядомасці ідэалагічнай формулы: «ідэалогія беларускай дзяржаўнасці – гэта ідэалогія грамадства, у якім дзяржава з’яўляецца механізмам выканання яго інтарэсаў» (с. 176).

У апошнім пятым раздзеле кнігі Слука спрабуе разгледзіць феномен грамадзянскай супольнасці.

Праз фарміраванне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі Слука бачыць шлях узмацнення «маладой дэмакратыі» ў краіне. Кажучы пра заканамернасць развіцця беларускай нацыі і дзяржавы, аўтар звяртаецца да перыяду існавання савецкай улады, якая «аказала вызначальны ўплыў на станаўленне дэмакратычнай свядомасці грамадзян і развіццё прынцыпаў нацыянальнай дзяржаўнасці» (с. 206).

Працу Слукі безумоўна нельга назваць навуковым выданнем. Нельга назваць дадзеную працу і шараговым падручнікам па дзяржаўнай ідэалогіі. Кніга адлюстроўвае аўтарскае бачання развіцця краіны і ролі ў гэтым працэсе ідэалогіі. Тэкст пакідае супярэчлівыя пачуцці. З аднаго боку аўтар спрабуе актуалізаваць шматлікія праблемныя пытанні. Пры гэтым дазваляе сабе даволі крытычныя і смелыя выказванні ў бок сучаснага стану рэчаў. З іншага боку Слука ідэалізую дзяржаўную беларускую ідэалогію, бачыць у ёй рашэння ўсіх праблем, дазваляе кпіны ў бок ідэалагічных апанентаў. Трэба адзначыць інфармацыйную грувасткасць выдання. Чытаючы кнігу, часам цяжка знайсці адзіную логіку наратыву.

Паўстае пачуццё, што аўтар свядома імкнуўся прадэманстраваць сваю «абазнанасць» па розных праблемах. Але ў выніку атрымалася напісаць аб усім і часам не аб чым. Кніга вельмі нагружана ідэалагічнымі штампамі. Эмацыйнасць у выказваннях і ацэнках не надае перавагаў, а своеасаблівы стыль падачы інфармацыі і месцамі залішняя пафаснасць не дае падстаў казаць пра значную літаратурную якасць тэксту.

Check Also

Зімовы лагер дэмакратыі – 2024

«Дэмакратыя і тэхналогіі: лічбавыя інструменты і еўрапейскія каштоўнасці» (15-21 лютага 2024 г., Вільня, Літва) Цэнтр ...